Сучасна, павольна і незразумела. Як рэжысёр экранізаваў знакаміты верш Янкі Купалы

Беларуская літаратура і яе стваральнікі апошнім часам ператварыліся ў разменны матэрыял у разборках кінематаграфічных колаў. Прыцягненне увагі гледачоў, дзяржпрапаганда, прымусовая асвета – дзеля дасягнення мэтаў усе сродкі ідуць у ход.  

Яскравых прыкладаў больш чым дастаткова: «дзяржаўнікі» ўзялі біяграфію Янкі Купалы і прыгодніцкія раманы «Авантуры Пранціша Вырвіча» Людмілы Рублеўскай, каб нагадаць беларусам пра слаўную мінуўшчыну, звязаную з барацьбой з расійскай уладай. «Прыватнікі» таксама не стушаваліся – выкарысталі прозу Васіля Быкава («Жоўты пясочак» і «Народныя мсціўцы») для прасоўвання беларускай мовы і аднаўлення публічнай крытыкі рэпрэсій НКУС у 1930-я гады.



Не абмінула ангажаванасць і кароткаметражную працу «А хто там ідзе», якая з’явілася ў сеціве напрыканцы ліпеня. Яе аўтарам стаў Павел Нядзьведзь, больш вядомы як аўтар «Вянка» – трагічнай гісторыі кахання пасярод беларускай дрыгвы, якая стала адной з найбольш удалых частак веб-серыяла «Хронотопь». Цяпер жа рэжысёр па матывах аднайменнага верша Янкі Купалы зрабіў, як ён сам фармулюе, «фільм-сон» – абсурдную фантасмагорыю на сучасны стан беларускага грамадства, якую з першага прагляду вельмі цяжка ўспрыняць. Паспрабуем дэтальна разабраць (выбачайце за спойлеры, без іх тут не абысціся), што і якім чынам аўтар імкнуўся данесці сваім гледачам.

Фактычна стужка падзеленая на дзве нераўнамерныя часткі. У першай мы апынаемся ў лесе, а нашым альтэр-эга становіцца белабрысы падлетак. Ён з сябрам у гушчары спрабуе рабіць трукі на самакаце, але другога малога хутка забіраюць яго раззлаваныя сваякі. Тады наш падлетак забіраецца ў глухія лясныя нетры, дзе на адной з сасонак зроблены імправізаваны штаб. Начапіўшы старую фуражку і ўзяўшы са скрыні з малюнкам світальнага сонца (ён з'явіцца ў фільме колькі раз) бінокль, хлапец пачне перадаваць пры дапамозе спецыяльнага штурвала, ніці ад якога раскіданыя ўсюды, таемныя знакі жыхарам лесу.


Спачатку для дзяўчыны, якая спіць пад елкай, грае званочак. Яна не паспявае пачуць музыку, бо нейкі дарослы мужчына абразае нітку, да якой ён прывязаны. У тытрах да фільма напісана, што гэта «дом баязліўцаў».

Потым хлапец падае знакі праз плюшавую цацку, якая стаіць у «доме галечы» – сям’і маці-адзіночкі, у якой ёсць немаўля і старэйшыя хлопчык і дзяўчынка, якія нешта ядуць, седзячы ў балоце. Дзеці бачаць, што цацка задзірае рукі ўгору, але нічога не робяць.

Пасярод трэцяй лакацыі грыміць вечарынка – мужчына ў белай кашулі і пінжаку ў кампаніі з нафарбаванымі дзяўчатамі п’е шампанскае і есць бутэрброды з ікрою. Гэта «дом п’яніцы», якія наведваюць незнаёмыя грамадзяне, каб паскардзіцца на сына мужчыны, які зрабіў графіці са світальным сонцам. П’яніца лаецца на сына, пагражаючы яму наручнікамі.

Апошняй лакацыяй становіцца «дом абыякавых» – звычайнай сям’і, у якой бацька чытае нумар «Савецкай Беларусі», жонка, прасуючы адзежу, глядзіць па тэлевізары канал «Беларусь-1», а іх малы сын гуляецца ў ноўтбуку. Іх спрабуе абудзіць музычная шкатулка ў выглядзе грамафона, але нічога не атрымліваецца.

Так і не дагрукаўшыся ні да кога, хлапец вырашае збегчы з лесу, але на самай мяжы сустракае незнаёмых людзей, якія назіраюць, як дзеці нясуць нешта плячах. Тут хлапец разам з людзьмі даслоўна дэкламуе верш «А хто там ідзе», а дзеці складваюць на ускрайку лесу вялікія літары, якія яны дагэтуль неслі, у фразу «Мы беларусы».


Калі падсумаваць усё гэта, то напрошваецца толькі адна версія ўбачанага: перад намі стужка пра спробу грамадзянскага абуджэння беларусаў. У гэтым сэнсе Нядзьведзь фіксуе галоўную з’яву цяперашняга часу – з’яўленне ў краіне сапраўднай грамадзянскай супольнасці, якая спачатку дае рады каранавірусу, а потым змагаецца за свае правы перад і пасля выбараў прэзідэнта. Правадыром зрухаў становіцца, безумоўна, моладзь, а сталае пакаленне, наадварот, адмаўляецца ад барацьбы.

Але нягледзячы на добра схопленую палітычную кан’юнктуру, «А хто там ідзе» з мастацкага боку атрымаўся, на жаль, няўдалым. Рэжысёр кажа пра фільм-сон, але канчатковы вынік хутчэй нагадвае абсурдную сатырычную замалёўку са зразумелымі героямі-вобразамі і сітуацыямі, відавочнымі амаль кожнаму беларусу. Балотна-лясны антураж на сюррэалістычнасць цягне слаба, плюс звышпавольны мантаж відэа і адсутнасць дыялогаў – і вось перад намі тыповы прыклад прэтэнцыёзнага аўтарскага кіно, якое звычайным гледачам падасца нудным і незразумелым, а падрыхтаваным – занадта лагічным і нецікавым. Усё ж такі да масавай аўдыторыі больш падыдзе фармат кліпаў кшталту «Не быць скотам» «Ляпіса Трубяцкога», вось там вершы Янкі Купалы набываюць сапраўдныя пафас і моц.


Тарас Тарналіцкі, budzma.by

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: