Сучасніцы прадставілі жаночыя вобразы з гісторыі Беларусі

Беларуская жаночая ліга 15 снежня зладзіла імпрэзу «Жанчыны — творцы гісторыі». Удзельнікі тэатралізаванай касцюміраванай вечарыны ў музеі Максіма Багдановіча прадставілі жаночыя вобразы з гісторыі Беларусі XVI-XX стагоддзяў.

Цётка (Алаіза Пашкевіч), Аўгіння Аляксючэнка, Канстанцыя Буйло, Анастасія Слуцкая, Стэфанія Станюта, Палута Бадунова, Ларыса Геніюш, Ганна Доўгерт, Эмілія Плятэр, Эліза Ажэшка — гэтыя жанчыны па-рознаму ўвайшлі ў гісторыю Беларусі.

Рэжысёр тэатралізаванай вечарыны Марыя Легіна — нядаўняя выпускніца Універсітэта культуры.

Для мяне ідэя прадставіць вобразы знакамітых жанчын праз тэатралізаваную імпрэзу падалася вельмі цікавай, — гаворыць маладая рэжысёрка. — Праз працу над вобразамі я таксама даведалася пра лёс незвычайных жанчын, біяграфіі якіх, на жаль, не прадстаўлены ў школьных падручніках. Сама імпрэза была задумана як інтэрактыўная. Паколькі гледачы павінны былі здагадацца, якая з гераінь прадстаўлена ў вобразе, яны былі зацікаўлены ў тым, каб запомніць біяграфічныя факты з гісторыі жыцця гераінь.

Лідарка Беларускай жаночай лігі Ніна Стужынская выступіла ў вобразе нязломнай змагаркі за незалежную Беларусь Палуты Бадуновай.

Наша жаночая грамада вырашыла, што гэты вобраз мне пасуе, — распавяла гісторык. — Сапраўды, мяне вельмі ўражвае вобраз Палуты Бадуновай.

Навучэнка Расійскіх навучальных курсаў, яна была выхавана ў расейскай культурнай традыцыі, але здолела стаць пад штандары беларускага вызвольнага руху падчас змагання за БНР. Лічу, што не так многа ў найноўшай гісторыі нашай краіны такіх асобаў, як Палута Бадунова. Яна валодала дарам уплываць на свядомасць людзей, гуртаваць і весці за сабой пад лозунгамі нацыянальнай рэвалюцыі. Ёй не былі ўласцівы інтрыгі. Дзейнасць жанчыны была шматграннай. Палута Бадунова стварыла адну з першых жаночых арганізацый, дапамагала дзецям-сіротам. Яна — адна з заснавальнікаў партыі эсэраў, падпісала Статутную грамату аб Незалежнасці Беларусі, была міністрам БНР.

Чытайце таксама:

Першая: невядомая Палута Бадунова


Яе дар уплываць на людзей удзельнікі вечарыны ўбачылі падчас тэатралізаванага паказу сялянскага сходу на Лагойшчыне. Нягледзячы на супрацьстаянне бальшавікоў-камісараў, Палута Бадунова пераканала сялян вітаць стварэнне беларускай арміі, выступіць супраць Рыжскай мірнай дамовы і прагаласаваць за дэлегата ад партыі эсэраў на павятовы сход.


Лідарка «Гавары Праўду» Таццяна Караткевіч выбрала для ўвасаблення вобраз Алаізы Пашкевіч (Цёткі). Таццяне падабаюцца не толькі літаратурная творчасць знакамітай паэткі і пісьменніцы, але і яе адданасць справе, прастата ў абыходжанні, нягледзячы на дваранскае паходжанне, шматграннасць працы.


Арганізатары вечарыны, сябры Рады Беларускай жаночай лігі Жана Семянтовіч і Наста Герыловіч распавялі, што яны ўжо даўно марылі «ажывіць» вобразы знакамітых жанчын, пра якіх нячаста ўспамінаюць у беларускай гісторыяграфіі.

Наста Герыловіч выбрала для ўвасаблення Эмілію Плятэр, змагарку з 19 стагоддзя, Жана Семянтовіч — пісьменніцу Элізу Ажэшку.


Пасля прагляду і разгадвання тэатралізаваных вобразаў удзельнікі і госці вечарыны бралі майстар-клас па танцах, якімі суправаджаўся ранейшы побыт беларусаў: «Полька-бабачка» і «Падэспан».

— Мне вельмі спадабаўся фармат вечарыны, — падзялілася сваімі ўражаннямі грамадская актывістка з Воршы Алена. — Даведалася шмат новага з гісторыі жыццяў выбітных беларускіх жанчын. Пры гэтым у мяне ўзнікла ўражанне, нібыта яны прысутнічалі ў памяшканні імпрэзы. Іхнія тэатральныя вобразы назаўсёды застануцца ў маёй памяці.


 


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!