Суполка піяністаў Fantastic Swimmers выдасць альбом у Францыі

У межах фестывалю ДАХ 21 жніўня ў арт-прасторы OK16 адбудзецца прэзентацыя новага альбома авант-джазавага ансамблю Fantastic Swimmers.
Піяністычная секцыя, створаная ў межах фармацыі, прадставіць свой другі фартэпіянны канцэрт і адначасова зайграе трэці. Удзел возьмуць музыкі, знаныя сваім удзелам у іншых калектывах: Максім Субач (ex-TonqiXod, Subtonans), Дар`я Багаслова («Раса летуценьнікаў»), Максім Іўкін (Tālava, «Балцкі субстрат»), Мішэль Дайліда («БАК», «Голос Кинчева»), Апалінарыя Акімава (Minsk Improvisers Orchestra), Ілля Сіўцоў і Віктар Сямашка.

"Piano Concert #2" будзе выдадзены ў той жа дзень французскім нэт-лэйблам Murmure Intemporel. Канцэрт быў зафіксаваны сёлета на Вялікую Суботу ў скульптурнай зале музея Заіра Азгура й гэтым разам у прысутнасці публікі. Згодна з канцэптам піяністы гралі па чарзе сольныя спантанныя мініяцюры, спрабуючы перагукацца з папярэднікам. Прывядзем пару рэакцыяў ад прысутных падчас дзеі. Фатограф Андрэй Дарафееў: «Гучныя авацыі, адное піяніна ды шмат-шмат таленавітых рук на клавішах, палачках, тэпціках, лакцях...». Музыка Павал Мажэйка: «Трошкі тэатру, трошкі хуліганства й шмат музыкі».

Між тым, галандскі вэбзін Zenevloed уключыў "Piano Concert #1" у дзясятку выбітных рэлізаў мінулага сакавіка: «Інтравертныя ды лаканічныя імправізацыі. Прыгожыя абстракцыі, недзе паміж сучаснай класічнай музыкай і джазам свабоднага духу». А джазавы аглядальнік Леанід Аўскерн прапанаваў даць падобным канцэртам азначэнне саміту музыкантаў-імправізатараў: «Вельмі рэдкі фармат! А для айчыннае імправізацыйнае музыкі гэта, па-мойму, першы такі эксперымент. "Фантастычныя плыўцы" ўвайшлі ў зусім незнаёмую дагэтуль ваду й дастаткова паспяхова адолелі заплыў».

21 жніўня, арт-прастора OK16 (вул. Кастрычніцкая, 16). Уваход вольны. Праз вялікую насычанасць падзеяў у межах ДАХу дакладны час пачатку імпрэзы яшчэ вызначаецца. Кантактны нумар +375 33 375 72 50.

Паводле прэс-рэлізу


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!