Апошні артыкул Анатоля Мяльгуя: Сусветны дзень рок-н-ролу па-беларуску

Анатоль Мяльгуй сышоў ад нас ранкам 22 красавіка 2017 года. Гэта, нажаль, яго апошні артыкул у "Новым часе".

Кіраўнік гурта «Haina», баяніст і вакаліст Ілля Паплеўка

13 красавіка ў свеце адзначылі традыцыйны ўжо World Rock-n-Roll Day — Сусветны дзень рок-н-рола. На гэтую падзею адгукнуліся многія аматары рок-музыкі ў Беларусі, рок-гурты і выканаўцы. Адзін з іх — беларускі гурт «Haina».

 Гурт «Haina» 13 красавіка адыграў вялікі канцэрт для сваіх прыхільнікаў у сталічным «TNT Rock club».

«Haina» — адзін з нямногіх айчынных калектываў, які шукае свой творчы шлях да поспеху ў баку ад пракладзеных камерцыйных схем. Музыкі актыўна выхоўваюць і ствараюць сваю аўдыторыю, прапануючы даволі складаныя меладычныя хады, аранжыроўкі, нешараговыя тэксты.

Гурт «Haina» — трыа, якое складаецца з баяніста і вакаліста Іллі Паплеўкі, скрыпачкі Кацярыны Кузьміной і бубнача Аляксандра Кузьміна. Таму музыканты заўсёды знаходзяцца ў непасрэдным кантакце з публікай.

Гурт «Haina»

Дэбютны альбом «Haina» «Прыцягненне» быў прыхільна ўспрыняты крытыкай і публікай, асабліва адзначалася выканаўчае майстэрства ўдзельнікаў трыа, аб чым паведамляла і наша выданне: «Слухач адразу заўважыць віртуозныя скрыпічныя сола, бывае імправізацыйнага ці нават псіхадэлічнага кшталту, што пераплятаюцца з акордамі баяна, які часам нагадвае гучанне «хэманд-аргана»… Гэтае сугучча акустычных інструментаў нагадваюць лепшыя ўзоры арт- і сімфа-рока» («Новы Час» №35, 2016).

Але з тых часоў, калі быў выдадзены альбом «Прыцягненне» (канец 2015), ужо прайшло больш за год. Што ж змянілася ў творчым жыцці трыа? З гэтым пытаннем я звяраюся да кіраўніка гурта «Haina» Іллі Паплеўкі.

Ілля Паплеўка — чалавек-аркестр

— Так, час ідзе, цяпер мы засяродзіліся на напісанні новых песень, і гэта няспынны працэс. На мінулым тыдні ўжо быў іх рэліз: намі прэзентаваны максі-сінгл «Токам». Калі мы запісалі наш дэбютны альбом «Прыцягненне», то ўжо тады можна было выдаваць другі. Але мы пакуль што працуем над гукам, каб ён адпавядаў нашым жаданням. Нам падабаюцца цяперашнія нашы песні, аранжыроўкі, але гук — пакуль не тое, што хацелася пачуць. Цяпер нашы пошукі палягаюць у гэтым рэчышчы, мы спрабуем дапасаваць на нашых твораў тое гучанне, якое найбольш бліжэй падыходзіць эмацыянальна і сэнсава.

За ўдарнай устаноўкай Аляксандр Кузьмін

Трэба разумець, што ў нашым гурце тры інструменты: асноўная — скрыпка, а таксама баян і ўдарныя інструменты. Іншыя інструменты мы пакуль не выкарыстоўваем. Але мы набываем нейкія электронныя гаджэты для таго, каб, мяняць звычныя тэмбры і больш дакладна перадаваць наша канцэртнае гучанне. Нам прапаноўвалі зрабіць гурт «Haina» цалкам электрычным, але мы вырашылі пакуль застацца ў акустыцы, каб было адчуванне дыхання інструментаў, подых жывога гука.

Праўда, у цяперашнім варыянце час ад часу ўзнікаюць праблемы з «падгучкай» некаторых інструментаў, але гэтыя праблемы вырашальная з дапамогай гукарэжысёра. Затое можна карыстацца больш шырокім дынамічным дыяпазонам у нашых песнях і кампазіцыях. Гэта добра адбіваецца на рэакцыі публікі!

Слухачы вітаюць музыку гурта "Haina"

— Ілля, музыка гурта «Haina» — не толькі акустычна-камерная, але і рок-музыка. Сёння, у Сусветны дзень рок-н-рола, што вы можаце сказаць сваім прыхільнікам адносна сваіх рок-арыенціраў?

— Проста так сталася, што мы граем на незвычайных для рок-гурта інструментах, але рок-н-рол у нашай музыцы прысутнічае паўсюдна. Тым больш, што гурты, на чыёй музыцы мы выраслі, класічныя рок-выканаўцы (хоць сярод іх ёсць і інструментальныя каманды і асобныя кампазітары), музыка ў іх гуртавая (камандная), у якой аснова — рок. Дый нашы песні ствараюцца традыцыйным шляхам для рок-каманд: спачатку з’яўляецца музыка — мелодыя, аранжыроўка, а пасля — тэкст, які «ідзе» за нотамі. Мне падаецца, таму мы больш лірычная каманда і, у меншай ступені — філасофскі ці гурт грамадзянскага гучання. А што тычыцца сённяшняга музычнага свята, адкажу: Long Live Rock and Roll!

Назвы песень на пюпітры — фішка гурта Haina

***

Перад тым, як рушыць на сцэну да сваіх інструментаў, Ілля Паплеўка паведаміў, што канцэртная праграма святочнага сэта гурта «Haina» будзе складацца з вядомых кампазіцыі з дэбютнага альбома, з максі-сінгла «Токам», а таксама, з музычных прэм’ер. Сапраўды, музыканты пад кіраўніцтва Іллі Папалеўкі парадавалі сваіх прыхільнікаў не вядомымі раней творамі, якія паказалі новыя магчымасці ў спалучэнні класічных інструментаў з сучаснымі аранжыроўкамі і электроннымі прыладамі.

Таму кожная новая песня, яе аранжыроўка ўспрымаліся слухачамі як эксклюзіўна-прэм’ерная. Такія кампазіцыі гурта, як «Ціхі акіян», «Турма», «Кантроль», «Моўчкі», сведчылі пра новыя гукавыя пошукі музыкантаў, пра больш шырокае выкарыстанне разнастайных выканаўчых прыёмаў (сінкопы, рок-рыфы, вакалізы, імправізацыі), якія могуць спалучацца ў кампазіцыях гурта парадаксальным чынам. Гэты прыём набліжае музыку гурта «Haina» да экзатычнага ў наш час джаз-року ці нават напаўзабытага ф’южн’а.

Кацярына Кузьміноа

Зноў жа хацелася б адзначыць выдатнае выканаўчае майстэрства скрыпачкі гурта «Haina» Кацярыны Кузьміной, якая мае вопыт працы ў сімфанічным аркестры Беларускага акадэмічнага музычнага тэатру. Яе рознага тэхнічнага кшталту сола, выкарыстанне шматлікіх выканаўчых прыёмаў, майстэрства акампанементу, становяцца сапраўднай музычнай візітоўкай Кацярыны. Да таго ж, у яе хапае ведаў і спрыту, каб у патрэбны час уключаць і адключыць разнастайныя электронныя прыстасаванні для свайго інструмента. На такое здатныя не ўсе, нават самыя спрактыкаваныя рок-гітарысты!

Кацярына Кузьміна — скрыпачка гурта "Haina"

Апошнія кампазіцыі сэта гурта «Haina» былі вытрыманы ва ўзнёслым эмацыянальным ключы. Адчувалася, што музыканты знайшлі тое, дзеля чаго працавалі ў гэты дзень, — кантакт са слухачамі. Гэтаму паспрыялі такія шчырыя кампазіцыі, як «Токам», «Моўчкі», «Мабыць», якія выяўлялі патэнцыял гурта, інтрыгавалі далейшымі шляхамі музычнага развіцця выканаўцаў. Таму пасля завяршэння святочнага сэта, музыкантаў апладысментамі доўга не пускалі са сцэны, дзякавалі за добры настрой і распытвалі пра новыя канцэртныя сустрэчы з гуртом «Haina».

Лічбава-працэсінгавы цэнтр Кацярыны Кузьміной


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: