Свята Краіны ранішняй свежасці (фота)

Свята карэйскай культуры праходзіць сёння на тэрыторыі Верхняга горада: яркія і маляўнічыя танцы з веерамі і нажамі пад зачаравальны рытм барабанаў, вядомая на ўвесь свет вострая карэйская кухня, а для моладзі – канцэрт K-pop музыкі. А таксама – ўрокі каліграфіі, магчымасць сфатаграфавацца ў традыцыйным адзенні (ханбок), набыць сувеніры з Паўднёвай Карэі і шмат забаў. І сапраўдная неспадзянка – беларуская «Купалінка» ад карэйскага спевака.

Свята пачалося зачаравальнымі традыцыйнымі карэйскімі танцамі ў выкананні творчага калектыву карэйскай культуры «Арыранг», танцоркі якога паланілі гледачоў сваёй прыгажосцю, зграбнасцю і вытанчанасцю, усходнімі маляўнічымі касцюмамі. Калектыў паказаў гледачам захапляльныя танцы з нажамі, веерамі, барабанамі. І неспадзянкай стала сумеснае выступленне калектыву «Арыранг» і беларускага фальклорнага калектыву «Святкі», якія сумесна выканалі беларускую музыку пад акампанемент карэйскіх барабанаў. А затым «Святкі» арганізавалі флэшмоб беларускага танца. Але сапраўднай разынкай стала выступленне карэйскага выканаўцы, які праспяваў разам з беларускім фальклорным калектывам «Купалінку» на беларускай мове і ў знак удзячнасці атрымаў ад беларусаў шчырую хвалю апладысментаў.

Беларуская "Купалінка" у выкананні карэйскага спявака

Беларуская "Купалінка" у выкананні карэйскага спявака


А яшчэ на свята адмыслова прыехаў карэйскі калектыў DoodulSori, пазнаёмяць гледачоў з традыцыйным мастацтвам ігры на барабанах. Пазней жадаючыя маглі навучыцца граць на адным з традыцыйных барабанаў – чангу.

Беларуская музыка пад акампанемент карэйскіх барабанаў. Калектывы "Арыранг" і "Святкі"

Беларуская музыка пад акампанемент карэйскіх барабанаў. Калектывы "Арыранг" і "Святкі"


Сёння на прасторнай пляцоўцы вакол мінскай ратушы жадаючыя падчас майстар-класаў маюць унікальную магчымасць пазнаёміцца з майстэрствам каліграфіі і вывесці пэндзлем чарніламі сваё імя па-карэйску. А ў фотазонах можна прымерыць на сабе і сфатаграфавацца ў традыцыйным адзенні (ханбок) альбо ў масцы хахве, якая паводле карэйскай традыцыі, валодае магічнымі ўласцівасцямі і абараняе ад дэманаў.

Паўднёвая Карэя вядома нам найбольш сваімі тэхнічнымі дасягненнямі, у тым ліку – аўтамабільнымі брэндамі. І для аўтааматараў сёння каля ратушы праходзіць выстава навінак карэйскага аўтапрама ад канцэрна Хёндэ.

І якое ж свята без нацыянальнай кухні? Гурманы маюць магчымасць пакаштаваць вострую квашаную капуста кімчы, локшыну з ялавічынай і гароднінай чапчхэ, роллы з розным начыннем кімпаб і шмат іншых страў. Працуе шмат гульнявых зон і для дзяцей, у тым ліку – стэнд з аквагрымам. Для падлеткаў і моладзі ў другой палове мерапрыемства адбыўся канцэрт сучаснай К-рор музыкі, падчас якога можна было патанчыць пад апошнія карэйскія музычныя хіты. І гэтая частка стала самай гарачай, сабраўшы вялізарную колькасць беларускай моладзі.

Галоўныя мерапрыемствы праходзілі да 17-й гадзіны, але пакаштаваць стравы карэйскай кухні можна да 23 гадзін. А 10 жніўня эстафету Свят нацыянальных культур прымае Эстонія.

Арганізатары мерапрыемства – Мінгарвыканкам, Асацыяцыя беларускіх карэйцаў і пасольства Рэспублікі Карэя ў Беларусі.




Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!