Чаму квіткі на «Ноч музеяў» матывуюць застацца дома?

Я, канешне, не бяруся сцвярджаць, што высокія кошты ў музеях былі пастаўленыя адмыслова каб «пятая калона» не збіралася ў іх пад покрывам ночы і не планавала там звяржэнне рэжыму. Але...


На гэтых выходных па ўсім свеце пройдзе так званая «Ноч музеяў» — калі галерэі і выставы працуюць усю ноч і робяць уваход бясплатным альбо за сімвалічную плату. Удзельнічае ў гэтай акцыі і Беларусь, але, як звычайна, са сваімі асаблівасцямі.

Калі ў культурным цэнтры «Корпус» і ў галерэі «Арт Беларусь» можна будзе пабываць за 2-4 рублі, то Нацыянальны мастацкі музей патрабуе за ўваход 10 рублёў, музей-майстэрня Азгура і ОК16 хочуць ужо 15 рублёў. А далучыцца да таямніц беларускай гісторыі ў Нацыянальным гістарычным будзе каштаваць ажно 17 рублёў.

Магчыма, беларускія музеі — настолькі ўльтрасучасныя і высокатэхналагічныя, што ніяк не могуць дазволіць сабе працу задарма? Наўрад ці. Дырэкцыя музеяў у адзін голас адказвае: «няма сродкаў», «дзяржава не дае грошы», «няма спонсараў». Некаторыя выставы (як у гістарычным музеі) — увогуле ад пачатку пазіцыянуюцца як камерцыйныя.

То бок, як кіраўніцтва музеяў, так і арганізатары некаторых выстаў плануюць зарабіць на «Ночы музеяў», альбо як мінімум «выйсці ў нуль» замест таго, каб разглядаць акцыю як неабходнасць выдаткаваць. Хаця выдаткі гэтыя абавязкова мусяць акупіцца ў стратэгічнай перспектыве. Для музея бясплатны ўваход — нават з камерцыйнага пункту гледжання — інвестыцыя ў свой імідж і магчымасць прыцягнуць нябачаную раней колькасць наведвальнікаў. Не кажучы ўжо аб гуманітарнай і адукацыйнай місіі культурных прастораў, якая мусіць падштурхоўваць людзей да развіцця і самарэалізацыі, а не ставіць на першае месца зарабленне грошай.

Аднак і сціплае фінансаванне музейнай галіны дзяржавай — таксама факт. І тут ніяк не абысціся без палітыкі. Падобна на тое, што далі свой плён доўгія гады паўтарэння Лукашэнкам ідэі пра тое, што краіне не патрэбныя гуманітарыі, а патрэбныя тыя, хто будзе зарабляць для краіны валюту, што вартасць маюць прафесіі, прадстаўнікоў якіх можна не сёння-заўтра адправіць «у поле» ці «да станка», а ўсе астатнія, мякка кажучы, дармаеды на дзяржаўнай шыі.

Пад гэтыя сцверджанні падладжваліся наборы ў ВНУ, праца дзяржаўных арганізацый і, вядома, фінансаванне. Чаканы вынік: сусветна вядомая культурная акцыя ў Беларусі не можа быць бясплатнай, бо не хапае дзяржаўнага фінансавання.

Праўда, гэты працэс мусіў ісці і без няспынных указанняў Лукашэнкі. Вы наўрад ці сустрэнеце аўтарытарную краіну, у якой яскравым цветам квітнее мастацтва і творчы пошук. Для гэтых субстанцый апрыёры неабходны высокі ўзровень палітычнай свабоды і нізкі ўзровень бюракратызму.

Таму высокую плату за ўваход у музеі можна лічыць яшчэ адным фільтрам і бар'ерам на шляху творчага самаразвіцця і самаадукацыі асобы, якія ў прынцыпе шкодныя ўладным структурам, бо паніжаюць кіраванасць і сеюць у галовах грамадзян абсалютна непатрэбныя думкі.

Я, канешне, не бяруся сцвярджаць, што высокія кошты ў музеях былі пастаўленыя адмыслова каб «пятая калона» не збіралася ў іх пад покрывам ночы і не планавала там звяржэнне рэжыму. І, канешне, ніхто з чыноўнікаў не пралічвае так глыбока: «Не трэба, каб музеі развіваліся, а людзі атрымлівалі веды, а тое пачнуць на мітынгі хадзіць!». Але заняпад гуманітарнай галіны ў краіне, высокія кошты на адукацыю і самаразвіццё і нізкія — на алкаголь; заахвочванне дзяржавай вайсковых парадаў і незаахвочванне (мякка кажучы) культурных прастораў — усё гэта звёны аднаго ланцугу. І пакуль для сярэдняга беларуса, асабліва немінчаніна, 17 рублёў — гэта не так і мала, гэты ланцуг будзе ўтрымліваць беларуса ў хаце.

Якая, як і раней, будзе заставацца з краю.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Абмеркаванне:

  • ВР
  • 2018-05-18 11:06:49
Разумна!

Каментаваць