Святар нясе праўдзівае Купалава слова

У нядзелю 8 ліпеня ў Радашковічах пад Мінскам пры касцёле Святой Тройцы адбыўся штогадовы Купалаў фэст, арганізаваны парафіяй разам з літаратурным музеем Янкі Купалы.

Фэст праходзіць ужо ў пяты раз, і паўдзельнічаць у ім прыбылі госці з розных гарадоў — Мінска, Магілёва, Гародні. Пакуль удзельнікі дабіраліся на свята на аўтобусах уздоўж маляўнічых пагоркаў Лагойшчыны, у іх быў час, каб перачытаць творы Янкі Купалы, узгадаць яго нашаніўскі перыяд дзейнасці, успомніць яго грамадзянскую лірыку часоў абвяшчэння БНР з яе неадольнай прагай свабоды.

Сёння важна, што пры адсутнасці дзяржаўнай ініцыятывы менавіта каталіцкі касцёл бярэ на сябе выхаваўчую і асветніцкую фунцыю, працуючы з моладдзю і прапагандуючы скарбы беларускай літаратуры. Праўдзівае беларускае слова нясе грамадзе святар з сімвалічным прозвішчам — Быкаў.


Фэст распачаўся са святой імшы, якую быў запрошаны цэлебраваць дырэктар «Радыё Марыя» на Беларусі ксёндз Аляксандр Улас. Ва ўступным слове ксёндз-пробашч касцёла, дзе быў ахрышчаны Янка Купала, Юрый Быкаў распавёў, што ў гэтым годзе 100-годдзя БНР робіцца спроба спасцігнуць творчасць Купалы як сапраўднага прарока Беларусі. Тэма прарокаў, якія паказвалі народу, як выйсці на шлях праўдзівага жыцця, гучыць у Старым і Новым Запаветах. Гэта ж тэма пранізвае творчасць народнага песняра Янкі Купалы. У вершы «Прарок» ён пісаў:

«Пара ў рукі браць паходні,
Уставаць, ісці, ноч асвятляць!
Бо што не возьмеце сягоння,
таго і заўтра вам не ўзяць»

«Янка Купала вучыў у сваіх вершах, як належыць любіць Бацькаўшчыну. Любоў да сваёй зямлі павінна быць напоўнена любоўю Божай і натхненнем», — падкрэсліў ксёндз Юры Быкаў.


Удзельнікі свята розных узростаў супольна прачыталі вершы Янкі Купалы: «Над Айчызнай сваёй», «Мая малітва», «Бацькаўшчына», «Песня мая», «Спадчына» і іншыя.


Супрацоўніца дзяржаўнага музея Янкі Купалы Марыя Барткова распавяла пра тое, што ў гэтым годзе споўнілася 110 гадоў з моманту выхаду першага зборніка вершаў песняра пад назвай «Жалейка» і паведаміла пра выставачны праект «Маладая Беларусь», які адбудзецца ў канцы 2018 года ў музеі.


У музычнай частцы фэста выступілі гурты «Ubi caritas» і «Miareza». Шчырыя парафіянкі пані Марыя, Яніна і Тэрэза напяклі пірагоў і частавалі ўсю грамаду.


Удзельнікі фальклорнага гурта «Miareza» Юлія Літвінава і Зміцер Мурашка на касцёльным двары наладзілілі танцы і навучылі гасцей традыцыйным фігурам: кракавяку, полечцы, падэспані, лявонісе. Бацькі і дзеці з задавальненнем вадзілі карагоды і добра бавілі час ў лагодны летні дзень.

Старшыня Магілёўскага ТБМ Алег Дз'ячкоў у другі раз прывёз сваіх сяброў на свята разам з наведваннем Вязынкі і іншых мемарыяльных Купалаўскіх мясцінаў. Фэст з кожным годам будзе пашыраць колькасць удзельнікаў.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!