Святлоў: Любая інфармацыя пра месцазнаходжанне крыжа Еўфрасінні Полацкай правяраецца

Любая інфармацыя пра месцазнаходжанне крыжа вялебнай Еўфрасінні Полацкай правяраецца. Пра гэта паведаміў сёння міністр культуры Барыс Святлоў, адказваючы на пытанні ўдзельнікаў семінара ідэалагічнага актыву Беларусбанка, прысвечанага фарміраванню ў краіне культурнай прасторы.



Барыс Святлоў, у прыватнасці, адзначыў, што існуюць самыя розныя версіі з нагоды месцазнаходжання каштоўнага твора мастацтва XII стагоддзя. «Як толькі з'яўляецца чарговая версія пра тое, дзе можа знаходзіцца крыж Еўфрасінні Полацкай, яна правяраецца, верыфікуецца, але пакуль ні адна з версій не атрымала пацверджання», — распавёў ён. Па словах кіраўніка ведамства, апошняя версія, якая ўзнікла прыкладна паўгода таму, была звязана з Троіца-Сергіевай лаўрай, дзе нібыта бачылі гэты крыж. Але і яна не пацвердзілася.

Таксама міністр расказаў, што ў цяперашні час вядуцца рэстаўрацыйныя працы ў Спаса-Праабражэнскім храме ў Полацку, які звязаны з імем і дзейнасцю вялебнай Еўфрасінні. У храме, дзе знаходзяцца яе мошчы, вядуцца работы па адкрыцці і захаванні знойдзеных там фрэсак. Па словах Барыса Святлова, пасля некаторага вывучэння Спаса-Праабражэнскага храма, аналагаў якому няма на тэрыторыі Усходняй Еўропы, навукоўцы могуць прыйсці да ўнікальных высноў.

Крыж Еўфрасінні Полацкай быў выраблены ў 1161 годзе майстрам-ювелірам Лазарам Богшам. Ён уяўляў з сябе каўчэг, у якім знаходзіліся вялікія хрысціянскія святыні: часціца Дрэва Крыжа Гасподняга з кропляй крыві Збаўцы, часціцы камянёў Магілы Гасподняй і Гроба Божай Маці, часціцы мошчаў першамучаніка архідыякана Стэфана, велікамучаніка і лекара Панцеляймона і кропля крыві велікамучаніка Дзімітрыя Салунскага.

Вышыня крыжа — 52 см, верхняе перакрыжаванне — 14 см, ніжняе — 21 см. Ён быў зроблены з кіпарыса, пакрыты залатымі і срэбнымі пласцінамі з выявамі, выкананымі ў тэхніцы перагародкавай эмалі, і ўпрыгожаны васьмю каштоўнымі камянямі і пярлінамі. Выявы на крыжы перадаюць асноўныя падзеі Новага Запавету.

Крыж быў страчаны ў 40-я гады мінулага стагоддзя. Пасля вайны яго шукалі, але беспаспяхова. З'явілася мноства розных версій знікнення святыні і яе далейшага лёсу. Блытаніну ў пошук сапраўднага крыжа Еўфрасінні Полацкай уносіць існаванне яго копій. Ёсць версія аб знаходжанні святыні ў прыватнай калекцыі за межамі Беларусі.

Цяпер у Спаса-Праабражэнскай царкве Полацкага Спаса-Еўфрасіннеўскага жаночага манастыра знаходзіцца адноўлены крыж прападобнай Еўфрасінні, які быў перададзены ў 1997 годзе. Яго аўтарам выступіў брэсцкі майстар Мікалай Кузьміч.


Паводле nn.by

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!