Святочны канцэрт да 200-годдзя Станіслава Манюшкі

16 траўня на сцэне Вялікага тэатр Беларусі — канцэрт да 200-годдзя Станіслава Манюшкі. Гэтую падзею нельга прапусціць!

2019-ы абвешчаны ЮНЕСКА Годам Станіслава Манюшкі. У гонар геніяльнага кампазітара, 200-гадовы юбілей якога адзначаецца 5 мая, Вялікі тэатр Беларусі падрыхтаваў цудоўную праграму.

Прагарама насычаная самымі яскравымі і знакавымі творамі Станіслава Манюшкі. На святочны канцэрт Вялікі тэатр Беларусі запрашае гледачоў 16 траўня а 19 гадзіне ўвечары.

Імя Станіслава Манюшкі з’яўляецца адным з найвялікшых у гісторыі і культуры Беларусі і Польшчы, яно адначасова рэпрэзентуе гэтыя дзве культуры і аб’ядноўвае іх. Манюшка нарадзіўся і вырас на Міншчыне, правёў свае маладыя гады ў Мінску. Тут адбываліся яго першыя тэатральна-музычныя пастаноўкі, у салонах мінскай інтэлігенцыі XIX стагоддзя гучала яго музыка, напоўненая беларускім фальклорам.

Пазней Манюшка працаваў у Вільні, колішняй сталіцы нашай дзяржавы. Потым пераехаў у Варшаву, дзе стаў класікам польскай оперы, стварыўшы там свае самыя маштабныя шэдэўры ў гэтым жанры.

Постаць Станіслава Манюшкі дае нам надзейнае пачуццё: у нас былі і ёсць вялікая гісторыя і вялікія творцы. Манюшка — манументальны, паўнамерны класік музыкі, які працаваў практычна ва ўсіх жанрах і разгарнуўся ў іх проста феерычна. Ён стаіць побач з галоўнымі кампазітарамі таго часу, такімі як Ф. Мендэльсон, Б. Сметана, І. Брамс, А. Дворжак, М. Глінка, П. Чайкоўскі.

Манюшка пакінуў нам вялікую творчую спадчыну: сапраўдныя шэдэўры оперы і балета, аперэты, рамансы, кантаты і, канешне, песні — на словы Адама Міцкевіча, Яна Чачота, Уладзіслава Сыракомлі, Тамаша Зана і іншых. З вялікага масіву гэтых неверагодных каштоўнасцяў пастаноўшчыкам было вельмі складана выбраць самыя яскравыя, але менавіта такія і ўвайшлі ў святочны канцэрт, які пройдзе ў Вялікім тэатры Беларусі 16 мая. На сцэне разгорнуцца сцэны з опер «Страшны двор», «Галька», «Графіня», «Verbum Nobilе», а таксама дывертысмент з балета «На пастоі» (балетмайстар-пастаноўшчык — уладальніца медаля Францыска Скарыны Аляксандра Ціхамірава, рэжысёр-пастаноўшчык — уладальнік медаля Францыска Скарыны Міхаіл Панджавідзэ).

У канцэрце 16 траўня прымуць удзел сапраўдныя зоркі оперы і балета Вялікага тэатра: народная артыстка Беларусі Настасся Масквіна, заслужаныя артысты Рэспублікі Беларусь Аксана Волкава, Людміла Хітрова, Станіслаў Трыфанаў, Андрэй Валенцій, Канстанцін Геронік, а таксама лаўрэаты міжнародных конкурсаў Ірына Кучынская, Аляксандра Чыжык, Надзея Філіпава, Ілля Сільчукоў, Юрый Гарадзецкі, Іван Савенкаў і іншыя. Спецыяльна запрошаны госць — выбітная спявачка Івона Хоса, салістка Нацыянальнай оперы ў Варшаве, лаўрэат шматлікіх міжнародных конкурсаў, уладальніца значных музычных узнагарод (адна з якіх — прэмія Emmy — за ўдзел у пастаноўцы ВВС «Халакост»).

На сцэне — артысты хору пад кіраўніцтвам хормайстра Ніны Ламановіч, народнай артысткі Беларусі, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі рэспублікі, і аркестра. За дырыжорскім пультам — тры маэстры: Іван Касцяхін, Алег Лясун і запрошаны дырыжор з Польшчы Раман Рэваковіч. За мастацкае афармленне адказвае ўладальнік медаля Францыска Скарыны, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь Аляксандр Касцючэнка. Навуковы кансультант праграмы — заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі рэспублікі Віктар Скорабагатаў.

Канцэрт арганізаваны пры падтрымцы Інстытута Адама Міцкевіча і Польскага Інстытута ў Мінску.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!