Святы Мікалай і стогадовыя балерыны. Унікальная выстава ёлачных цацак у Гродна (фота)

Шкляныя парашуцікі і грыбочкі 40-х гадоў, «блатныя» гэдээраўскія шарыкі з малюнкамі, царкія балярыны з ваты і савецкі медны дожджык з адходаў стружкі. Усе гэтыя дзіўныя цацкі можна пабачыць у абноўленай экспазіцыі музея гарадскога быту Гродна. 

Навагодне-калядная калекцыя Януша Паруліса налічвае каля 700 ёлачных цацак і больш за 1000 паштовак. Самыя старыя экзэмпляры маюць каля 150 гадоў.

Зоркі і парашуты — на елках пачатку 40-х

«Тут цацкі савецкія, з чырвонымі зоркамі, недзе з пачатку саракавых. І шкляны парашут з тых часоў. Даволі рэдка такія сустрэнеш зараз. У мяне іх цэлая скрынка. Чые? А не памятаю ўжо. Тут і цёткі мае жылі, і дзядзькі, што ад іх пазаставалася, што людзі прынеслі», — Януш пачынае расповед пра ёлачныя ўпрыгожванні ў першым пакойчыку музея.



«Цацак многа. Мо 500, мо 700 штук. Што вось на елачцы, што ў скрынках, у куфрах. Не ўсё падаставаў, бо месца мала. І не пералічваў. Пачнеш даставаць-лічыць, то і паб’еш нешта, пашкадуеш потым».

Прыкметай паваеннана часу былі і ватныя яблычкі, што вешалі на елкі замест сапраўдных. «Сады за вайну пасеклі на дровы. У лес хадзіць было забаронена, то палілі ў печы яблынямі. Пасля вайны яблык у горадзе было не знайсці».


Вяршыня мараў — цацкі з ГДР

Наступныя цацкі, на каторыя звяртае ўвагу гаспадар, з 50 — 60-х гадоў. «У іх шкло іншае, яны цяжкія. Такія на вулічных елках вешалі разам з папяровымі гірляндамі».

Зорачкі-сняжынкі і грыбочкі — трохі пазнейшыя, 70-х гадоў мінулага стагоддзя, мяркуе Януш. Пра пачатак 80-х нагадвае дожджык з адходаў меднай стружкі і вінілавая кружэлка з навагодняй казкай.
«А гэта цацкі з ГДР. Скрынка спецыяльная, „З новым годам“ напісана. Мара, праўда? Такія толькі па блату можна было дастаць», — адкрывае Януш вечка яшчэ адной пажоўклай скрынкі. На пытанне, адкуль жа блат, толькі смяецца: маўляў, я ж тут старажыл, усе вакол свае, праз тое і блат.


Зоркі балета і Батлеема — з пазамінулага стагоддзя

«А глядзі, што яшчэ цікавае ёсць», — як фокуснік зайца з капялюша, Януш дастае са скрынкі ад цукерак сапраўдныя цуды — стогадовых лялек, зробленых з ваты.


Незважаючы на ўзрост, балярыны па-ранейшаму элегантна б’юць ножкаю і круцяць фуэтэ, пакуль Януш трымае іх за нітачкі. «Падазраю, што гэта цацкі яшчэ царскага часу. Таксама як і прышчэпкі для свечак на ёлку». Да таго ж перыяду адносіць Януш і папяровых анёлкаў разам з батлеемскімі зоркамі.


«А гэта табе як? Абалдзенная красата. Шэдэўры ў мяне тут, панімаеш», — падымае Януш вечка яшчэ адной скрынкі. — Не хачу кранаць рукамі, каб не пашкодзіць. Старыя вельмі карцінкі. Тут анёлкі і святы Мікалай. Пэўна, больш за сотню год маюць".
— А чаму не Дзед Мароз?
— Бо не было тады ніякага Дзеда Мароза. Яго Саветы прыдумалі. А на той час быў толькі Святы Мікалай.



Паштовак у калекцыі таксама шмат, больш за тысячу. Сярод іх — каля сотні беларускамоўных, што за савецкім часам было не вельмі распаўсюджанай з’явай.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Каментаваць