Шляхі вандроўнікаў вядуць у Маладзёжны

Прэм'ера спектакля «Дом пасярод вясны», над пастаноўкай якога працуе літоўскі рэжысёр Саўлюс Варнас, адбудзецца 17 сакавіка ў Беларускім дзяржаўным маладзёжным тэатры



Фота www.bgmteatr.by

Спектакль «Дом пасярод вясны» створаны па матывах п'есы Эжэна Іанескі «Смага і голад». Драматург казаў: «Праўда ў нашых марах і ў нашым уяўленні». Узяўшы за аснову па сутнасці бытавую гісторыю, рэжысёр прадстаўляе яе як «ілюзію кахання». Ён разлічвае абудзіць уяўленне чалавека, прапанаваць яму разгадваць сімвалы і пазнаваць архетыпы, якія мы сустракаем у жыцці. Бо тэатр — гэта мадэль рэчаіснасці, якая дае нам магчымасць зазірнуць унутр сябе, убачыць знаёмыя сітуацыі збоку.

— Мне б хацелася запрасіць гледача да развагаў пра тое, як выглядае любоў, на якой трымаецца свет, — кажа рэжысёр Саўлюс Варнас. — Кожны чалавек у пэўныя моманты задаецца пытаннямі пра таямніцы быцця, спрабуе знайсці сябе, адчувае спакусы і сумневы: вакол нас шмат прывабных ідэй, мы можам назіраць розныя віды кахання — ад галавакружнай страсці да поўнага растварэння ў партнёры. Часам трэба азірнуцца назад, каб зразумець: ісціна — у любові, якая нічога не патрабуе і доўга трывае, ураўнаважвае зло, якое робяць людзі эгаістычнымі ўчынкамі. Па вялікім рахунку, чалавеку ў жыцці дадзеныя два асноўныя шляхі — стварэння і разбурэння.

«Дом пасярод вясны» — гэта сцэнічная версія рэжысёра і яго бачанне тэмы асабістага жыццёвага выбару чалавека. Саўлюс Варнас любіць размаўляць з гледачом загадкамі. Кожны яго спектакль — гэта асаблівы свет, сатканы логікай нашых мараў, але заўсёды звернуты да свядомасці чалавека.

Недзе далёка ад нас існуе іншы, дзіўны свет — мы бачылі яго ў сне, песцілі ў марах. Ён прапануе шмат ідэй, каб чалавек мог выбраць, з чым ісці па жыцці. Трэба толькі рашыцца, зрабіць крок ад нудотнага побыту да пазнання новага. Жан пакідае цудоўную жонку і маленькую дачку, каб спасцігнуць таямніцу быцця.

Ілюзіі, выкліканыя нашым уяўленнем, і адмысловая тэатральная форма прапануюць кожнаму зрабіць выбар разам з героем, зазірнуўшы ў глыбіні ўласнай душы.

Саўлюс Варнас — выхаванец акцёрскай студыі Ю. Мільцініса пры Панявежыскім тэатры драмы. У 1977 годзе скончыў рэжысёрскі факультэт Ленінградскага дзяржаўнага інстытута тэатра, музыкі і кінематаграфіі. Працаваў рэжысёрам, затым галоўным рэжысёрам Шаўляйскага драматычнага тэатра, кіраваў Панявежыскім драматычным тэатрам, быў дырэктарам Вільнюскага рускага тэатра драмы. З 2014 па 2018 гады з'яўляўся галоўным рэжысёрам Магілёўскага драматычнага тэатра. Праца з п'есай Э. Іанескі «Смага і голад» стала асновай для майстар-класаў С. Варнаса ў Лондане, Вільнюсе, Львове, Магілёве, Кішынёве. Удзельнік і лаўрэат міжнародных тэатральных фестываляў у Літве, Латвіі, Расіі, Украіне, Польшчы, Германіі, Індыі, Даніі, Турцыі і інш. Лаўрэат Нацыянальнай тэатральнай прэміі Беларусі.

У спектаклі занятыя: Дзмітрый Бойка, Марына Блінова, Настасся Рэўчанка-Лук’янава, Лізавета Ільеўская, Дар'я Ізмайлава, Кацярына Раманнікава, Вікторыя Чумак, Іван Шчатко, Аляксандр Пашкевіч, Наталля Падвіцкая, Уладзімір Бажкоў, Анатоль Лагуценкаў, Кірыл Балтрукоў.

• рэжысёр-пастаноўшчык — Саўлюс Варнас

• мастак-пастаноўшчык — Вольга Грыцаева

• мастак па касцюмах — Вікторыя Ця-Сен

• харэограф — Вольга Скварцова

Паводле прэс-рэлізу



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: