«Шлюбная гарачка» па-беларуску

21 лістапада ў мінскі пракат выходзіць амерыканская камедыя «Шлюбная гарачка», агучаная на беларускую мову «Тутэйшын Студыяй».

Гэта працяг новага сумеснага праекта відэасервісу VOKA і сеткі кінатэатраў Silver Screen Cinemas, створанага для таго, каб навінкі сусветнага кіно ў Беларусі нарэшце можна было глядзець у якаснай агучцы на беларускай мове.

Існуе меркаванне, што камедыі – гэта самы складаны для перакладу жанр кіно. Шмат гледачоў кажуць, што пры пераагучцы да 50% жартаў проста знікаюць. Менавіта таму «Тутэйшын Студыя» прыняла гэты выклік і выбрала новую камедыю ад рэжысёра Роберта Лукеціча, які вядомы глядацкімі хітамі: «Бландзінка ў законе», «Голая праўда», «Дваццаць адно» і іншымі. Пераклад робіцца менавіта з мовы арыгінала, а для жартаў, зразумелых толькі для амерыканцаў, падбіраюцца тутэйшыя адпаведнікі. Беларускі глядач мусіць смяяцца не менш гучна за амерыканскага ў тых жа самых месцах – гэта асноўнае правіла студыі.

Мара, галоўная гераіня новай стужкі майстра рамантычных камедый, – тыповая прадстаўніца пакалення Y, у якой можна пазнаць шмат каго са сваіх знаёмых: яна кажа, што жыве адным днём, марыць аб творчай прафесіі і зусім не верыць у шлюб і доўгія адносіны. А вось яе новы хлопец Джэйк – зусім іншы. Цягам года яны атрымліваюць пятнаццаць запрашэнняў на вяселле. І гэта вялікае выпрабаванне для Мары. Што ёй рабіць, калі Джэйк падхопіць “шлюбную гарачку” і прапануе ёй пярсцёнак?

Беларуская прэм’ера стужкі адбудзецца 21 лістапада. У агучцы «Шлюбнай гарачкі» ўзялі ўдзел вядомыя акцёры: Крысціна Дробыш, Андрэй Мілюхин, Алег Гарбуз, Алеся Леснікова, Таццяна Ружаўская ды іншыя. Ці стане гэты фільм такім жа хітом, як іншыя фільмы Роберта Лукеціча, пакажа час.

«Шлюбная гарачка» – другая прэм’ера ад «Тутэйшын Студыі». Першая адбылася ў верасні, калі гледачам прадставілі фільм Джэймса Франка «Нулявуд». У бліжэйшых планах «Тутэйшын Студыі» – падрыхтоўка новых замежных прэм’ер, што будуць паказаны ў VOKA CINEMA ды іншых залах сеткі Silver Screen. 

Амбіцыя «Тутэйшын Студыі» – стварыць бадай першы ў краіне прэцэдэнт, калі ў гледача ёсць выбар, на якой мове глядзець чарговую прэм’еру ў кінатэатры. Каманда праекта разглядае беларускую мову як інструмент для таго, каб глядач атрымаў новы вопыт і адметныя эмоцыі ад прагляду.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: