Што агульнага паміж станікам і літаратурай? 10 фактаў з самага эксцэнтрычнага Дня народзінаў

Сёння адзначаецца Дзень народзінаў... станіка. Прапануем вам падборку цікавых фактаў пра гэты, без сумневаў, важны прадмет гардэроба і пра яго стваральніцу — Мэры Фэлпс Джэйкабс.

1. Мэры Фэлпс Джэйкабс паводле паходжання была арыстакраткай: яна нарадзілася ў сям’і амерыканскіх першапасяленцаў. Яе сваякамі былі заснавальнік Бостана Уільям Фэлпс і вынаходнік парахода Роберт Фултан.
   
2. Яшчэ да амерыканкі Джэйкабс лёгкі карсет вынайшлі ў Еўропе — францужанкі Гош Саро і Эрмінэ Кадоль, а таксама немцы Хуга Шындлер і Крысціна Хардт. Але ім перашкодзіла атрымаць патэнты Першая сусветная вайна. Менавіта таму стваральніцай станіка лічыцца Мэры Фэлпс Джэйкабс: ёй удалося атрымаць на яго патэнт у 1914 годзе.
   
3. У 24 гады Мэры выйшла замуж за Гары Кросбі, паспеўшы за год да гэтага прадаць патэнт на станік кампаніі «The Warner Brothers Corset» за $1500. Пасля шлюбу яна стала Карэс Кросбі — і менавіта пад гэтым імем засталася ў сусветнай гісторыі. Разам з мужам Карэс пераехала ў Еўропу, дзе адкрыла выдавецтва «Black Sun Press» — знакамітае выдавецтва, якое дало дарогу ў літаратуру Эзру Паўнду, Генры Мілеру, Чарльзу Букоўскі. Там друкаваліся нават Эрнэст Хэмінгуэй і Джэймс Джойс! Саму Карэс Кросбі праз гэта называюць «хроснай маці “страчанага пакалення”».
   
4. Муж Карэс Гары Кросбі быў апантаны думкамі пра самагубства. Пасля разводу з прычыны рамана з маладой і замужняй Джазэфінай Роўч ён застрэліўся разам з новай «жонкай» проста ў нумары гатэля.
   
5. Падчас Другой сусветнай вайны Карэс Кросбі заснавала лігу «Жанчыны супраць вайны» і спрабавала спыніць грамадзянскую вайну ў Грэцыі ў 1940-я, заснаваўшы «Цэнтр міру» ў Дэльфах.

Як мы бачым, станіку вельмі пашанцавала са сваёй афіцыйнай вынаходніцай. А што можна сказаць пра самога імянінніка?
   
6. Першыя станікі вядомыя яшчэ з часоў Старажытнай Грэцыі. Тады гэта былі проста шматкі тканіны з вяроўкамі, якія абвязвалі вакол цела. Ніякага функцыянальнага ці эстэтычнага прызначэння яны не мелі — іх насілі дзеля зручнасці. У часы Сярэднявечча прыдумалі карсеты — і вось яны якраз былі прызначаныя для падтрымання бюсту і візуальнага змяншэння жаночай таліі. Выраблялі іх з жорсткімі металічнымі ўстаўкамі, што прыносіла значныя нязручнасці іх уладальніцам. Таму пазнейшае вынаходніцтва станіка, канешне, значна палегчыла ўсім жыццё.
   
7. У 1960-я рух за эмансіпацыю ў Злучаных Штатах масава паліў станікі як сімвал няволі жанчыны. Мэры Фэлпс Джэйкабс (Карэс Кросбі) яшчэ застала гэты час: на той момант было ўжо за семдзесят, яна памерла ў 1970 годзе ва ўзросце 79 гадоў.
   
8. Нашумелы ў 1980-я станік «пуш-ап» вынайшаў Говард Х’юз яшчэ ў 1941 годзе спецыяльна для актрысы Джэйн Расэл, якую запрасіў у свой фільм «The Outlaw». Гэты станік быў на сталёвых костках і прыносіў актрысе такі боль, што яна магла знаходзіцца ў ім толькі некалькі хвілін. Ну а першы прататып сучаснага «пуш-апа» ў 1964 годзе быў распрацаваны дызайнеркай Луізай Пуар’е для канадскіх вытворцаў бялізны «Canadelle», якія настолькі не ацанілі навінку, што той самы «Wonderbra» стаў знакамітым толькі ў 1990-я.
   
9. Папулярная сёння ў жанчын сетка крам «Victoria’s Secret» першапачаткова была адкрытая адмыслова для мужчын, якія хацелі, але саромеліся купіць сваім жанчынам бялізну. А ўсё пачалося з таго, што заснавальнік сеткі Рой Рэйманд захацеў парадаваць жонку, апынуўся ў жаночым аддзеле нейкай крамы і... выйшаў адтуль ні з чым, разгублены і прысаромлены.
   
10. Першы спартыўны станік быў зроблены ў 1977 годзе трыма жанчынамі: Лізай Ліндал, Полі Сміт і Хіндай Мілер. Першапачаткова гэта была мадэль для бегу, але Джэйн Фонда і яе аэробіка зрабілі спартыўны станік папулярным і даступным для ўсіх.

На сённяшні дзень вядома як мінімум 12 відаў станікаў (класічны, бра, бюсцье, балканет, карбей і г.д.) — прадмета гардэробу, які ў гісторыі займае асаблівае месца на шляху вызвалення жанчын ад сталёвых ціскоў прыгнёту. Так часам у датах, якія падаюцца нам смешнымі, раскрываецца зусім не жартаўлівы сэнс чужых лёсаў — лёсаў шматлікіх людзей, якія стараліся зрабіць жыццё лепшым. І адной з такіх цудоўных ідэй сёння спаўняецца 107 гадоў.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: