Таццяна Шамякіна апублікавала ўспаміны «Як жыла эліта пры сацыялізме»

Праз 23 гады пасля краху СССР і абвяшчэння незалежнасці Беларусі Таццяна Шамякіна (прафесар, доктар філалагічных навук) даказвае перавагу савецкага ладу жыцця і мадэлі грамадства.



Калі я пачаў чытаць ўспаміны Шамякінай, мне ўспомніўся такі савецкі анекдот.
 
 
Ідзе з’езд народных дэпутатаў. Гарбачоў прапаноўвае дэпутатам вызначыцца, пры якім грамадскім ладзе яны хочуць жыць. Хто за капіталізм — направа, хто за сацыялізм — налева. Усе разышліся па баках. Толькі адзін ніяк не вызначыцца. То туды перабяжыць, то назад вернецца. «Чаго вы ўсё бегаеце, таварыш?» — пытаецца яго Гарбачоў. «А я хачу працаваць як пры сацыялізме, а зарабляць так, як пры капіталізме!» — прызнаецца дэпутат. «А, тады хадзіце да нас у прэзідыум!» — кажа Гарбачоў.
 
 
Таццяна Шамякіна мяркуе, што не ўсё так кепска было ў СССР. Яна шчыра абураецца, калі яе апаненты кажуць: у Савецкім Саюзе было 5—7 гатункаў каўбас.
 
 
«А навошта, па сутнасці, трэба больш? – піша аўтарка. – Навошта сотні відаў шампуняў, крэмаў, губной памады, зубной пасты? Бо на самай справе яны мала адрозніваюцца адзін ад аднаго — крыху зменены пах, колер (усяго толькі розныя фарбавальнікі, араматызатары) — і ўсё».
 
 
«Магчыма, разнастайнасць гатункаў каўбас была па-сапраўднаму патрэбна толькі невялікай частцы сталічных элітаў, тым, хто з'ехаў далёка ад сваіх вясковых сваякоў, і некаторым карэнным гараджанам, — дадае Шамякіна. — Большасць насельніцтва мела ўсё сваё!».
 
 
Сапраўды, чаму б у сярэдзіне ХХ стагоддзя не развіваць натуральную гаспадарку?
 
 
Можа быць, людзей прыгнятала адсутнасць свабоды перасоўвання? Не, Таццяна Шамякіна даказвае, што асаблівых абмежаванняў на выезд з СССР не існавала.
 
 
«Сапраўды, дзелавыя людзі не ездзілі далей краін народнай дэмакратыі і дзяржаў так званага Трэцяга свету, — піша яна. — Але гэта ж палова планеты!». На думку аўтара,
 
 
«жалезная заслона» існавала (і то адносна, улічваючы, колькі людзей ездзіла за мяжу), каб не прапускаць у СССР розную погань».
 
 
Эміграцыю творцаў (напрыклад, Андрэя Таркоўскага) Шамякіна тлумачыць асабістымі, а не грамадскімі прычынамі. А потым дадае: «Чаму з'язджаў Васіль Быкаў? Смешна ж казаць, што яго тут цкавалі. Але бытавыя ўмовы ў 1990-я гады для ўсіх былі не вельмі камфортныя».
 
 
Чаму ж СССР, жыццё ў якім было такім цудоўным, распаўся? Таццяна Шамякіна бачыць тры прычыны.
 
 
Першая — замежная змова. Андрэй Макаёнак распавядаў дачцэ свайго сябра, што за мяжой існавала каля двухсот антысавецкіх навукова-даследчых інстытутаў, якія, сярод іншага, прыдумвалі анекдоты.
 
 
У прыватнасці, жарты пра дрэнных жонак і злых цешчаў ЦРУ прыдумляла для таго, каб «знішчыць інстытут сям’і, бацькоўства, рамантычнай любові, усе звыклыя для чалавека каштоўнасці».
 
 
Другая прычына — здрада асобных прадстаўнікоў савецкай інтэлігенцыі. «У канцы 70-х многія дзеячы не проста трымалі дулю ў кішэні, але і ганарыліся ёю, — піша Шамякіна. — «Дуля ў кішэні» — гэта цынічныя жарты, фразачкі, бясконцыя анекдоты, якія ясна паказвалі, што вяшчалі з трыбун куміры публікі адно, прытым афіцыйна правільнае, а думалі зусім іншае».
 
 
Аўтарка ўпэўненая: «У любым выпадку, ганіць мінулае сваёй краіны — мінулае складанае, драматычнае, але і гераічнае — для эліты вульгарна, нізка, ганебна!».
 
 
Трэцяя прычына — дрэнная ўлада. Рэформы Мікіты Хрушчова трактуюцца Шамякінай як разбуральныя. У часы Брэжнева адбывалася «наўмысная алкалагізацыя насельніцтва», а таксама «паступовае абмяшчаньванне народа і дэградацыю савецкага праекта, перш за ўсё, з-за здрады эліты». Шамякіна лічыць, што ў часы «застою» дэфіцыт ствараўся наўмысна.
 
 
Спярша былі адпрацаваныя метады яго стварэння. А ў канцы 1980-х дэфіцыт быў зроблены татальным, каб «дыскрэдытаваць ідэю сацыялізму».
 
 
У выніку станоўчым лідарам СССР для Шамякінай застаецца… толькі Сталін!
 
 
«Памятаю рэакцыю дарослых пасля зносу манумента з пастамента танкамі ў адну кастрычніцкую ноч 1961 года, — з горыччу ўзгадвае Шамякіна.
 
 
— Яшчэ адно глупства Хрушчова: звяржэнне куміраў — пачатак ліквідацыі краіны і нават цывілізацыі.
 
 
Стаўленне ў Кітаі да Мао Цзэдуна зусім іншае, а ён жа таксама — не без грахоў. Аднак кітайцы змаглі разгледзець, прааналізаваць, разабраць добрае, дрэннае, неадназначнае».
 
 
Шамякіна трымаецца тыповай для сучасных расійскіх нацыяналістаў версіі, чаму пачалася «халодная вайна». Па яе словах, Сталін «адмовіўся падпісаць Брэтан-Вудскія пагадненні 1944 года, па якіх даляр станавіўся сусветнай валютай — затрымаў, нягоднік, пераможнае шэсце па свеце даляра, аж да развалу СССР. Але ўсё ж халодная вайна пачалася, і не Савецкі Саюз яе абвясціў».
 
 
Таксама Шамякіна высока ацэньвае цудоўную працу партыйна-наменклатурнага апарата.
 
 
У тым ліку, сталінскіх паплечнікаў Шчарбакова, Андрэева, Жданава, Малянкова, якія разглядалі пытанні праз тры-чатыры дні пасля іх рэгістрацыі ў сакратарыяце.
 
 
Праўда, яна не згадвае, што менавіта Малянкоў прыязджаў у 1937 годзе ў БССР, каб паскорыць рэпрэсіі, ад якіх пацярпелі 400 з 420 беларускіх пісьменнікаў.
 
 
На фоне такіх ідэалагічных выказванняў на другі план адыходзіць самае цікавае: успаміны аб побыце беларускай савецкай эліты. Менавіта дзеля такіх фрагментаў варта адолець аўтарскую эпапею.
 
Шамякіна згадвае пра жыллё пісьменнікаў, іх харчаванне і адпачынак.
 
 
Прычым гэтыя ўрыўкі насычаныя разнастайнымі цікавосткамі. Напрыклад, існавала практыка: калі пісьменніку выдзялялі новую кватэру, гарадскія ўлады аддавалі яго старую кватэру (па просьбе і па канкрэтнай рэкамендацыі Саюза пісьменнікаў) маладзейшаму літаратару.
 
 
Напрыклад, кватэру Яна Скрыгана атрымаў Уладзімір Караткевіч, жыллё Янкі Брыля — Вячаслаў Адамчык,
 
 
Шамякіна ўзгадвае, што першы тэлевізар сярод знаёмых з'явіўся ў Янкі Маўра, які жыў у «пісьменніцкім» доме па Карла Маркса, 36. Вяшчанне тады ішло не больш за дзве гадзіны ў дзень. Таму ў гэты час усе суседзі хадзілі да Маўра «на тэлевізар».
 
 
Сям’я Таццяны Шамякінай (дзякуючы працавітасці і пладавітасці яе бацькі, а таксама касмічным ганарарам, якія той атрымліваў пры савецкай сістэме), як і сем'і іх сяброў, жылі як пры камунізме.
 
 
Такія ж заробкі атрымлівалі асобныя прадстаўнікі творчай інтэлігенцыі. Але адначасова былі ўключаны ў савецкую сістему і працавалі дзеля яе ўслаўлення.
 
 
Аднак сям’ю Шамякіна нельга назваць да такой ступені тыповай, каб на яе прыкладзе праводзіць шырокія абагульненні.
 
 
Ларыса Геніюш, якая па сіле свайго таленту не саступала «партыйным паэтам», жыла ў хатцы без выгодаў у Зэльве і ацэньвала савецкую сістэму зусім іначай.
 
 
Калі падсумаваць уражанні, тэкст Шамякінай каштоўны ў тых фрагментах, дзе яна ўзгадвае савецкія побытавыя рэаліі без іх ацэнкі. Менавіта яны будуць крыніцай для даследчыкаў.
 
 
Андрусь Вяткоўскі, nn.by

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: