Творчы вечар Таццяны Грыневіч-Матафонавай у Слуцку (фота)

Творчая сустрэча з спявачкай Таццянай Грыневіч-Матафонавай адбылася ў Слуцку па ініцыятыве Слуцкага таварыства беларускай мовы 17 траўня.

Слуцк стаў апошнім горадам у цяперашнім музычным падарожжы артысткі. Да гэтага спявачка ўжо выступіла ў Кобрыне, Брэсце, Баранавічах, Любліне, Варшаве, Слоніме, Падароску і Салігорску.

— Мне падабаецца прыклад мастака Язэпа Драздовіча, як ён вандраваў па Беларусі, каб даведацца пра жыццё народа і наблізіць сваё мастацтва, — распавядае Таццяна. — Аб’ездзіла ў гэтым навучальным годзе ўсе вобласці Беларусі, вялікія і маленькія гарадкі. З мэтай сустрэцца з людзьмі, даведацца ад іх як яны жывуць, данесці да іх вынікі сваёй працы. Адбылося шмат сустрэч у школах, бібліятэках і дамах культуры. Цяперашняя вандроўка атрымалася самай вялікай. Людзі ўспрымаюць чулліва мае песні, у многіх на вачах слёзы.

У Брэсце прыйшла дзяўчына з вялізным букетам бэзу. Яна чула мой выступ раней у Амерыцы. Патлумачыла, што пасля канцэрта ў Амерыцы яна па-іншаму стала ўспрымаць Беларусь і беларускасць і вярнулася на радзіму.


Па словах спявачкі, сустрэчы з беларусамі натхняюць і даюць далейшы імпульс для працы.

Голас Таццяны нібыта зачараваў случчан, і яны ахвотна дзеляцца сваімі ўражаннямі пасля канцэрта.

Музычная сустрэча з Грыневіч-Матафонавай — гэта лепшае, што ў мяне адбылося ў жыцці ў гэтым годзе, — прызнаецца пенсіянер Анатоль Болазь. — Слухаў бы і слухаў яе без канца. Падабаецца як прыгожая жанчына і асоба — Бог даў ёй талент і не абдзяліў хараством душу і твар.


Некаторыя з случакоў чулі спявачку ўпершыню і самі здзіўляюцца, што раней яе імя было ім невядома. Мікалай Зыкаў — адзін з такіх ўдзельнікаў канцэрта:

— Спевы Таццяны — гэта як спевы салаўя пра наш чароўны край. Яе песні — гэта аддушына для беларусаў, якія любяць родную песню і мову. Дзяуй Богу за тое, што яна ёсць у Беларусі.

Некаторыя параўноўвалі Таццяну Грыневіч-Матафонаву з «срэбраным голасам Расіі» Алегам Пагудзіным, яны ўпэўнены, што беларуская спявачка таксама збірала б вялізныя дзяржаўныя залы, калі б не абазначала так яўна нацыянальную свядомасць.

Фота аўтаркі

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!