Таццянін дзень у «Беларускай хатцы»

24 студзеня ў філіялы Літаратурнага музея М. Багдановіча «Беларуская хатка» святкавалі «Таццянін дзень» — свята ў гонар хрысціянскай пакутніцы, заступніцы студэнтаў.

Цікава, што свята прыпадае і на Дзень беларускай навукі, якое адзначаюць у гэтую нядзелю. Падчас музычна-паэтычнай вечарыны, якая з’яўляецца адным з творчых праектаў Паэтычнага тэатра «Арт. С», выступілі з цікавымі жыццёвымі гісторыямі і з дэкламацыямі вершаў беларускія паэты, празаікі і навукоўцы.

Памятныя прызы пераможцам віктарыны

Памятныя прызы пераможцам віктарыны

Імя Таццяна мае рымскае паходжанне, а св. Таціяну Рымскую (у гонар якой і адзначаецца свята) аднолькава шануюць як у праваслаўнай, гэтак і ў каталіцкай цэрквах. Гэта імя з’яўляецца шырока распаўсюджаным на Беларусі. Бабулю Максіма Багдановіча звалі Таццяна Мякота, сярод Таццян шмат вядомых дзеячаў культуры і вучоных — Т. Алешка, Т. Аляшкевіч, Т. Аўтуховіч, Т. Барысюк, Т. Вабішчэвіч, Т. Дасаева, Т. Кабржыцкая, Т. Мацюхіна, Т. Сівец, Т. Шамякіна, Т. Фіцнер і інш.  

Багата забаўных жыццёвых гісторый, звязаных з Таццянамі, гучала і на вечарыне. А таксама вершаў, прысвечаных Таццянам і не толькі, знітаванай тэматыкай кахання і высокіх пачуццяў. Дадаткова паэт Мікола Кандратаў прачытаў верш, прысвечаны Максіму Багдановічу, у філіялы музею каторага імпрэза і праходзіла.

МІкола Кандратаў

МІкола Кандратаў

Вядоўцай вечарыны, якая прайшла ўжо ў адзінаццаты раз, выступіла паэтка і літаратуразнаўца, перакладчыца і празаік Таццяна Барысюк.


Яна і сама прачытала багата сваіх вершаў, а таксама распавяла пра паходжанне імя Таццяна, пра гісторыю ўтварэння свята «Таццянін дзень», і пра багіню кахання і сяброўства ў славянскай міфалогіі Таню Ягу. Не абышлося на святкаванні і без адпаведнай тэматычнай віктарыны, падчас якой госці-эрудыты атрымалі за правільныя адказы памятныя прызы.

На музычна-паэтычнай вечарыне выступілі Таццяна Лабада (загадчык філіяла «Беларуская хатка» Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры), паэтка Таццяна Пратасевіч, паэтка, празаік і перакладчыца Інга Вінарская, паэт, празаік і публіцыст Алег Грушэцкі, паэт Мікола Кандратаў, юная паэтка Любоў Раманава, паэтка Кацярына Тарасава і іншыя.  



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: