«Таемнае жыццё Уолтэра Міці»: у кінатэатрах пакажуць новы фільм па-беларуску

Пачынаецца новы сезон «Беларускіх ўікэндаў» – у гэты раз гледачоў чакае цудоўная прыгодніцкая камедыя «Таемнае жыццё Уолтэра Міці» з удзелам Бэна Стылера, Шона Пэна і Кірстэн Уіг. Паказы пройдуць з 27 па 29 красавіка ў кінатэатры «Масква» і з 29 красавіка па 1 мая ў кінатэатры velcom cinema.



Пераклад і агучку фільма на беларускую мову ажыццяўляе кампанія «Кінаконг» пры падтрымцы velcom. Чым даўжэй існуе ідэя перакладаць сусветныя кінахіты на беларускую мову, тым больш становіцца жадаючых прыняць удзел у працы над новымі рэлізамі. У гэты раз акцёрскі склад папоўніўся зоркамі беларускага шоу-бізнесу ў асобах тэлевядучага Яўгена Перліна, музыкантаў Аляксандра Памідорава, Паліны Цімохінай, лідара гурта NAVI Арцёма Лук'яненкі.

Менавіта іх галасамі будзе агучана незвычайная гісторыя офіснага служачага Уолтэра Міці (Бэн Стылер). Дні Уолтэра падобныя адзін да аднаго. Міці марыць пра подзвігі, у той час як на працы і ў жыцці яму не вельмі шанцуе. Аднойчы да яго трапляе таямнічая фотастужка ад старога сябра – фотарэпарцёра Шона (Шон Пэн), і тады Уолтэр вырашае рэзка змяніць звыклы ход рэчаў.

За час рэалізацыі праект «Беларускія ўікенды» паспеў стаць прыкметнай культурнай з’явай. У межах праекта ўжо адбыліся паказы такіх фільмаў, як «Хронікі Нарніі: леў, вядзьмарка і гардэроб», «Маленькі прынц», «Форэст Гамп», «Жонка наглядчыка заапарка», «Кніга Ілая», «Таямніца Келз» і іншых. Цяпер здзіўляць беларускую аўдыторыю будзе «Таемнае жыццё Уолтэра Міці». Фільм-прыгода ў беларускай агучцы парадуе гледачоў ужо зусім хутка: першы паказ на вялікім экране адбудзецца 27 красавіка. Пачатак а 19 гадзіне.

Падрабязнасці – на сайце kinakong.by. Квіткі на паказы можна набыць анлайн і ў касах кінатэатраў.

Паводле прэс-рэлізу



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Каментаваць