Patryjoty 1200 100 2e1c7308a3a48a13db21bf292e831989ae0299303b01379966627b13afde24a1

Таямніца закінутай сядзібы

Беларусь — край загадак і нечаканых адкрыццяў. Ці можна ўявіць, каб недзе ў вясковай глушы, забыты ўсімі, стаяў будынак, узведзены вядучым архітэктарам стылю Arts&Crafts (англійскага папярэдніка еўрапейскага мадэрну) Бэйлі Скотам? Але гэта неаспрэчны факт.



Праект дома архітэктара сям’і Хлудзінскіх Макэя Х’ю Бэйлі Скота


Напачатку гэтай гісторыі быў званок Іосіфа Барысавіча Цімкоўскага, які прапанаваў «НЧ» матэрыялы пра рэалізаваны ў Беларусі праект архітэктара. І вось у мяне на руках адмысловы артыкул Эдзіты Баруцкай. Амаль усё пераказанае ніжэй — плён яе даследчыцкай працы.

Для Іосіфа Цімкоўскага шлях да зацікаўлення закінутымі рэшткамі сядзібы Хлудзінскіх гербу «Даленга» ў Лясковічах, у Шумілінскім раёне Віцебшчыны, пачаўся з візіту беларускіх архітэктараў у Польшчу ў 2003 годзе. Яе праграма ўключала сустрэчу з патрыярхам польскай гісторыі архітэктуры Тадэвушам Баруцкім, аўтарам дзесяткаў манаграфій і даследаванняў. Тады і прагучала інфармацыя пра забыты твор маэстра англійскага мадэрну ў Лясковічах, гісторыю якога вяртае з небыцця жонка аўтарытэтнага даследчыка.

Родны брат пана Хлудзінскага ачольваў Манетны двор у Пецярбурзе і меў 17 маёнткаў у Расіі. Гаспадар Лясковічаў, Уладзіслаў Хлудзінскі, таксама выглядаў нябедным чалавекам, у гаспадарцы якога выраблялася да 1 мільёна пудоў збожжа штогод. Існуе няспраўджаная інфармацыя, што нават чыгуначная калейка — пасля спецыяльнага звароту гаспадара сядзібы да цара — была скіравана ад Шуміліна бліжэй да Лясковічаў, каб спадручней вывозіць ураджай. Сядзібу абкружаў цудоўны парк з алеяй італьянскіх дрэваў. Наваколле ўпрыгожвалі тры маляўнічыя возеры.

Прапаную скарочаны варыянт артыкула Баруцкай у маiм перакладзе з польскай:


«У 1912 годзе англійскі часопіс «The Studio» апублікаваў праект дома архітэктара Макэя Х’ю Бэйлі Скота (М.Н.Baillie Scott) «для польскай сям’і Хлудзінскіх у Лясковічах каля Віцебска». Годам пазней іншае выданне, «The Architect», змясціла малюнак змененай версіі праекта, а ў другім выданні кнігі Бэйлі Скота «Дамы і Сады» («Houses and Gardens») 1933 года, ён з’явіўся пад назвай «Дом у Лясковічах, Польшча». Кім жа быў Бэйлі Скот? І што засталося ў Лясковічах?


Кар’ера архітэктара

Месца Бэйлі Скота сярод архітэктараў Аrts&Crafts было не зусім тыповым: асноўны час яго творчасці прайшоў па-за цэнтрамі развіцця стылю — Лонданам і Глазга. Ён не наследаваў неагатычным узорам, не ўступіў у лонданскі Цэх Работнікаў Мастацтва, месца рэгулярных спатканняў вядучых прадстаўнікоў стылю. У яго была іншая перавага: ён стаў аўтарам адзінага сістэматычнага выкладу прынцыпаў ідэальнага дому Arts&Crafts у кнізе «Дамы і Сады», выдадзенай у 1906 годзе, дзе прапаноўваліся тэорыя праектавання і афармлення дома, апісанні канкрэтных праектаў, планы, праілюстраваныя малюнкамі і паэтычнымі акварэлямі.

Прыйшоўшы да еўрапейскай славы праз папулярызацыю новага стылю, Бэйлі Скот, аднак, пачынаў кар’еру не як архітэктар. Народжаны ў заможнай шатландскай сям’і ў Рамсгэйт (графства Кент), ён меўся пераняць кіраванне сямейнымі маёнткамі і распачаў адукацыю ў Каралеўскім Сельскагаспадарчым Каледжы ў Цірэнчэстэры. Але адзнака, атрыманая там па класе малюнка, і цікаўнасць да мастацтва вызначылі яму іншы лёс. Шлюбнае падарожжа з маладой жонкай на размешчаную паміж Англіяй і Ірландыяй выспу Мэн у 1889 годзе зацягнулася на 12 гадоў, а знаёмства з яшчэ жывымі традыцыямі кельцкай культуры падштурхнулі яго да выпрацоўкі своеасаблівага архітэктурнага стылю. «Чырвоны Дом» (1892) для ўласнай сям’і, праекты прыватных дамоў і маляўнічых катэджаў у наваколлі — гэта быў пачатак прафесійнай кар’еры.

Артыкулы Бэйлі Скота ў спецыяльных часопісах — настойлівая прапаганда прагрэсіўнага мастацтва і архітэктуры. У «The Studio» з’явіліся яго праграмныя допісы: «Ідэальны прыгарадны дом», «Мастацкі дом», «Пра выбар простай мэблі». Публікацыі, праілюстраваныя выразнымі акварэлямі, зрабілі Бэйлі Скота найбольш упадабаным у Еўропе прадстаўніком новай англійскай архітэктуры. Папулярнасць цягнула за сабой рэзанансныя замовы прадстаўнікоў еўрапейскай эліты.

На піку кар’еры Бэйлі Скот далучыўся да руху па праектаванні гарадоў-садоў, тэорыі і практыкі мадэрнізацыі гарадскога ландшафту сучаснага горада ХХ стагоддзя. Новыя павевы дэкларавалі падзел гарадской прасторы на зоны — прыватную, жылую і грамадскую, звязаную з функцыянаваннем публічных інстытутаў — распарадчых органаў, банкаў, офісаў.

Каля 1904 года Бэйлі Скот пачаў супрацоўніцтва з першай Карпарацыяй гарадоў-садоў (Garden City Corporation), праектуючы шэраг дамоў каля Лондана. Затым быў праект Ватэрлоо Корт — узведзены ў плане чатырохкутніка з унутраным дзядзінцам дом з жытлом для адзінокіх асоб і працуючых жанчын, знак новага стагоддзя, якое ў хуткім часе прынесла жанчынам выбарчыя правы і эмансіпацыю. Дамы Бэйлі Скота знайшлі прызнанне ў навукова-акадэмічным асяроддзі — з 1897 года Бэйлі Скот запраектаваў у Кембрыджы дванаццаць сядзібаў.


Заказ з Беларусі

У 1912 годзе архітэктару паступіла замова з Беларусі. У манаграфіі па гісторыі рэзідэнцый былой Рэчы Паспалітай польскага даследчыка Рамана Афтаназі прыводзіцца здымак 1914 года іншага, неакласіцыстычнага аднапавярховага будынку ў Лясковічах з порцікам у 6 тасканскіх калон. Менавіта на яго месцы паўстаў спланаваны Бэйлі Скотам дом. Жонка заказчыка, апошняга ўласніка рэзідэнцыі Уладзіслава Хлудзінскага, Эма Паулучы паходзіла з арыстакратычнай англійскай сям’і. Роднасныя сувязі перадвызначылі зварот да вядомага майстра: заможная сям’я магла дазволіць сабе амбітны праект, сведчанне знаёмства з сучасным стылем жыцця і архітэктуры. А таксама ўзяць удзел у творчым супрацоўніцтве з аўтарам.

Першы варыянт пабудовы, надрукаваны ў «The Studio» ў 1912 годзе, які прадстаўляў вялікую квадратную ў плане магнацкую рэзідэнцыю з унутраным дваром, перакрытым купалам над зімнім садам, і нагадваў творы венскай сецэсіі, быў адкінуты Хлудзінскімі.

Наступны, захоўваючы базавыя ідыёмы творчасці Бэйлі Скота, быў цясней звязаны з сярэднявечнай традыцыяй Рэчы Паспалітай. Чатырохкутнік дапоўнілі вежы са спічастымі дахамі, двор пазбавіўся перакрыцця. Рэмінісцэнцыі абарончага дойлідства дапоўніў фахверкавы мур — драўляная канструкцыя, утопленая ў бутоўку. Дамінантай стала тыповая рыса рашэння прасторы ў стылі Бэйлі Скота — прадстаўнічы двухпавярховы хол цэнтральнага памяшкання, абкружаны сталовай і бібліятэкай. Да іх далучалася памяшканне са сцэнай, прызначанай для тэатральных пастановак і канцэртаў.

Вакол цэнтральнай залы з камінам разгортвалася жыццё сям’і, перацякаючы ў падпарадкаваныя малыя аб’ёмы салонікаў і прыватных закуткоў. Ваконныя эркеры, аддзеленыя ад асноўнай прасторы адной-дзвюма прыступкамі, служылі месцам для інтымнай размовы або рэлаксацыі ў задуменні. У калідорах і галерэях можна спаткаць вітражы, што мадэлявалі доступ святла, далікатна выкананую сталярку з разьбянымі расліннымі матывамі. Формы дрэваў, кветак, садавіны — інтэгруючыя складнікі рацыянальнага і разам паэтычнага свету.

У інтэр’ерах Бэйлі Скота сустракаюцца спалучэнні блакіту і жоўтага, дапасаванні фіялетавага, зялёнага і белага. Дасканалая гармонія функцыянальнага і эстэтычнага… Усе матэрыялы лясковіцкага праекту меліся вырабляцца на месцы — цэгла, дахоўка ручной работы, драўніна, якая, паводле эстэтыкі Arts&Crafts, несла на адкрытых частках сляды габлявання — «працы рук».


Разбураная сучаснасць

Што ж засталося ад стылёвай пабудовы? Двухпавярховыя фрагменты сцен у закінутым парку ў Лясковічах — парэшткі вежаў, якія відаць на праектным малюнку. Здымкі руінаў трапілі ў 2008 годзе на інтэрнэт-старонкі даведніка па архітэктурнай спадчыне Беларусі radzima.org. Ці дапаможа наш пераказ доследу Эдзіты Баруцкай, прысвечанага Бэйлі Скоту, вярнуць праект слыннага майстра, «перліну духоўнага і матэрыяльнага багацця» з забыцця? Ці знойдуцца сляды былых гаспадароў, па якіх можна было б аднавіць гісторыю памятнай мясціны на Віцебшчыне?

Дапамагаючы пані Баруцкай, Іосіф Цішкоўскі працягвае даследаванне лёсу спадчыны Хлудзінскіх у Лясковічах. Але зараз нават не зразумела, за кім лічыцца руіна — ці за мясцовым калгасам, ці за выканаўчымі ўладамі… Сляды спадчыннікаў Хлудзінскіх і блізкіх ім сем’яў Дуніных і Галераў губляюцца ў Польшчы і ЗША.

Эдзiта БАРУЦКАЯ


-------------------------------------------------------------------------------

Даведка

27 кастрычніка 2007 года каталіцкі касцёл абвясціў блаславёнай Цэліну Бажэнцкую, народжаную Хлудзінскую, заснавальніцу Таварыства Сясцёр Паўсталага з Памерлых, завяршыўшы 63-гадовы працэс кананізацыі. Нарадзілася Цэліна, цётка Уладзіслава Хлудзінскага, 29 кастрычніка 1833 года. Яе бацька Ігнацы скончыў Віленскі універсітэт напачатку 1830-х, калі яшчэ жылі рамантычныя ідэі Адама Міцкевіча. У 1853 годзе Цэліна ўзяла шлюб з Юзэфам Бажэнцкім і пасялілася ў яго маёнтку каля Гродна. Выхавала дзвюх дачок, не засталася ў баку ад грамадскіх падзей. Падчас паўстання 1863 года ў маёнтку мужа ў Абрэнбшчызне хавала параненых інсургентаў, патрапіла ў вязніцу. Даглядаючы захварэлага мужа, выехала з ім на лячэнне ў Вену, дзе праз 20 гадоў сямейнага жыцця аўдавела.
У 1875 годзе Цэліна накіравалася ў Рым, пасяліўшыся на Віа дэлла Віта, паблізу касцёла св. Клаўдзія, які абслугоўвала Таварыства Братоў Паўсталага з Памерлых. І тут нагадала пра сябе далёкая радзіма: Таварыства аказалася заснаваным 40 гадоў таму Багданам Яньскім з інспірацыі Адама Міцкевіча, з мэтай маральнага адраджэння народа… Далей была супраца з айцом Пятром Семяненкам, другім пачынальнікам Таварыства, які марыў пра стварэнне яго жаночага адгалінавання. Рэгістрацыя Таварыства Сясцёр Паўсталага з Памерлых, ачоленага Цэлінай, адбылася ў 1891 годзе. Наступнае дзесяцігоддзе пайшло на ўсталяванне пляцовак Таварыства ў Польшчы. Адкрываючы законныя дамы, школы, майстэрні для працы дзяўчат, Цэліна парадаксальным чынам перасяклася з рашэннем той жа сацыяльнай задачы, якую ставіў у сваіх архітэктурных праектах для гарадоў-садоў Бэйлі Скот. Таварыства апантана вяло тое, што сёння называецца сацыяльнай працай. Абранаму шляху Цэліна засталася вернай да скону ў 1913 годзе. У адрасаваным ёй пасмяротным слове сказана: «Да скону несла крыж, які Госпад усклаў на яе, каб дапамагчы ўвекапомненню яе асобы».


Абмеркаванне:

  • Анатолий
  • 2013-12-18 21:24:43
Я вырос в д.Лесковичи, конечно очень жалко, что пропадает историческое сооружение, место очень красивое и хотелось бы, что бы нашлись родственники усадьбы Хлудинских, для дальнейшего востанавления.

Каментаваць