Талент — усяму свету, а дуду — нікому!

З моманту першага «Дударскага балтыцкага фэсту» прайшло 25 гадоў. І вось адбылася новая сустрэча з майстрамі павыдзімаць з дапамогай скуранога меха яскравыя, зычныя гукі з дудовых жалеек і бурдонаў: XII «Дударскі фэст-2017», які на днях адгрымеў у клубе «Re:Public»!

Перш чым акунуцца ў музычную віхуру фэсту, прашу аднаго з галоўных ініцыятараў адраджэння дударскай традыцыі ў Беларусі, мастака і канцэптуаліста Тодара Кашкурэвіча падзяліцца сваімі думкам наконт стану нацыянальнай дударскай школы, ва ўсіх яе аспектах — гістарычным, выканаўчым і ў тым, што тычыцца якасці сучасных беларускіх дуд.

Дударскі фэст вітае Тодар Кашкурэвіч — дудар і аўтар Спарыша


«Тады, на мяжы 80-90-х гадоў мінулага стагоддзя, разам са сваім настаўнікам Алесем Ласём мы зрабілі этнаграфічную экспедыцыю, каб адшукаць сляды беларускай дударскай традыцыі. Пад час гэтых вандровак мы знайшлі часткі ўнікальных беларускіх дуд, па рэштках якіх можна было зразумець магчымасці і аднавіць канструкцыю інструмента, адкрылі для сябе і для айчыннага музыказнаўства імя легендарнага дудара Хведара Стэся.

Цяпер вырашаецца пытанне аб унясенні традыцыі беларускай дуды, разам з традыцыямі і інструментамі такога тыпу з Шатландыі, Польшчы, Славакіі, Чэхіі, Германіі, балтыйскіх краін, у спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны чалавецтва ЮНЭСКО. Думаю, што мінулае беларускай дуды, як сакральнага інструмента, яго стан выкарыстання ў сённяшняй айчыннай музычнай культуры дазваляе нам спадзявацца, што мы дасягнем гэтай мэты.

Створаны «Дударскі клуб», «Дударскі фэст», выйшаў першы нумар альманаха «Dudar», з’явілася шмат таленавітых майстроў, якія працягваюць нацыянальныя традыцыі інструмента. Ганаруся, што сярод іх мае вучні: Зміцер Сасноўскі, які шмат зрабіў для папулярызацыі дуды ў краіне і ў Еўропе, Юрась Панкевіч, Дзяніс Сухі, Алесь Сурба і іншыя сучасныя беларускія дуднікі. Калі я чую гэтых выканаўцаў, якія ўдзельнічаюць у «Дударскім фэсце», то гэтыя спадзяванні не здаюцца мне нерэальнымі».

Першы танец -- традыцыйная Ойра!

Першы танец -- традыцыйная Ойра!


Перад тым, як распачаць фестывальны канцэрт у клубе «Re:Public», вядоўца «Дударскага фэсту» Зміцер Сасноўскі коратка нагадаў, з якой нагоды ўжо столькі год збіраюцца выканаўцы і слухачы — пра беларускую дуду, яе гісторыю і адрозненні ад аналагічных інструментаў, асаблівасць грання на ёй. У пацверджанне сваіх высноў Зміцер прапанаваў патанчыць пад яе гукі: бо як спяваецца ў адной песні: «Без дуды ходзяць ногі не туды!». Таму услед за «Ойрай» прагучалі рытмы «Кракавяка», а далей танец «Анёл», якія настроілі слухачоў на актыўны лад успрымання дударскай музыкі ў сучасным варыянце.

Танец Анёл ўжо больш складаны этап для пачаткоўцаў!

Танец Анёл ўжо больш складаны этап для пачаткоўцаў!


Але не толькі беларуская дуда была гаспадаркай сцэны «Дударскага фэсту». Гучалі і іншыя варыянты інструмента, універсальная назва якога bagpipes. Як і на мінулым «Калядным фэсце-2015» рэпрэзентантамі яго еўрапейскага ўзору стаў гурт «PriobRock» у складзе Аксаны і Андрэя Мароз. Музыканты прадставілі слухачам шатландскую дуду — хайлэнд і сэт з сусветна вядомымі мелодыямі для гэтага інструмента: ад ірландскіх балад, да «Rock-mixt’а» з хітамі Рода Сцюарта, AC/DC i «Nirvana»…

Гук шатландскіх хайлендаў ад гурта PriobRock

Гук шатландскіх хайлендаў ад гурта PriobRock


Еўрапейскай музыцы, у яе сярэднявечным варыянце, аддае перавагу гурт «Lity Taler», якія кіруе дудар Дзяніс Шматко. Рэпертуар музыкантаў у асноўным складаюць танцавальныя мелодыі, якія вельмі падабаюцца наведавальнікам рэканструктарскіх мерапрыемстваў — рыцарскіх турніраў, фэстаў і канцэртаў. Таму такія адроджаныя для беларускай дуды творы, як «Бургунскі браль», «Totentonz», «Fever Dreams», «Мора фаўна» прагучалі неяк па-асабліваму цёпла і дыхтоўна, што знайшло свой водгук у душах слухачоў.

Дзяніс Шматко -- кіраўнік гурта Lity Taler

Дзяніс Шматко -- кіраўнік гурта Lity Taler



Не малая заслуга ў гэтым была і дзявочага складу гурта «Lity Taler» — скрыпачкі Марыі Буловіч, флейцісткі Зарыны Шэўко, вакалісткі Вікторыі Талан, якія надавалі ансамблеваму гучанню вытанчанасці і шляхетнасці. На завяршэнне свайго сэта «Lity Taler» узнёсла выканаў гімн беларускіх дудароў — песню «А мой дзядзька дуднік быў…».

Дзявочая краса і галасы гурта Lity Taler 

Дзявочая краса і галасы гурта Lity Taler 

Танцавальна-забаўляльную тэматыку на фестывальным канцэрце працягнуў гурт «Hardwood», лідарам якога з’яўляецца вядомы выканаўца на дудах еўрапейскага ўзору Яўген Бейня. У дуэце з ім выступае Вольга Грынь, якая выкарыстоўвае варыянт іспанска-партугальскай gaita. Распачаўшы свой выступ рытмічнай кампазіцыяй, прысвечанай ірландскім партызанам, гурт выканаў шэраг аўтарскіх кампазіцый у стылістыцы фолк-фэнтэзі, разварушваючы публіку і матывуючы яе да актыўнага ўспрымання музычнага матэрыялу — скокаў і танцавальных па. Тым больш, што дапамагалі ім у гэтым заўзятыя і спрактыкаваныя дзяўчаты з танцавальнага калектыву «Flammea»!

На сцэне гурт  HARDWOOD

На сцэне гурт  HARDWOOD


Гурт «Стары Ольса» толькі што вярнуўся з новых канцэртных паездак па Злучаных Штатах Амерыкі, дзе на шматлікіх тамтэйшых фэстах прадстаўляў свой альбом «Medieval Classic Rock», а таксама беларускую музычную спадчыну Сярэднявечча. Таму з асаблівым пачуццём гонару за суайчыннікаў слухачы сустракалі сваіх улюбёнцаў: і знакаміты «Літвін», і іншыя хіты гурта ўспрымаліся, як быццам, ужо легендарная сусветная класіка.

Музыканты адчулі гэтыя адносіны і прапанавалі сваім прыхільнікам навінку: знакамітую танцавальную кампазіцыю «Маразуля», але ў новым варыянце — з беларускім тэкстам, перакладзеным з пазнейшай латыні. Высветлілася, што «Маразуля» — была шырока распаўсюджана па ўсёй Еўропе ў XVI ст., як частка музычнай містэрыі. Цэнтрам яе сюжэту была Смерць, як частка Жыцця. Менавіта пра гэтыя ўзаемаадносіны чалавека і Смерці і распавядалася ва ўрыўку з містэрыі XVI ст., якую выканалі музыканты. Завяршыўся сэт «Старога Ольсы» на энергічнай ноце — каверам на AC/DC «Highway To Hell» і беларуска-польскай класікай drink song — застольнай песняй «Кола рыцэрска»…


Чарговага ўдзельніка «Дударскага фэсту» — гурт «PAWA» — слухачам прадставіў ветэран айчыннага дударскага руху Тодар Кашкурэвіч (дарэчы, аўтар дызайну эмблемы «Спарыш», які зараз стаў супер-папулярны ў сувязі са справай «Белага легіёну»). Тодар адзначыў, што вельмі ўсцешаны колькасцю выдатных майстроў і дудароў, светлымі тварамі тых, хто завітаў сёння на свята беларускай дуды!

Гурт PAWA -- калектыў аднадумцаў і таленавітых выканаўцаў

Гурт PAWA -- калектыў аднадумцаў і таленавітых выканаўцаў


Пасля такіх натхняльных прамоваў, музыкантам гурта толькі і засталося сваёй музыкай і рытмамі пацвердзіць сказанае мэтрам. Ад пачатку сэта — гімна «Дуднік», праз электронна-бітавыя апрацоўкі народных мелодый «Кракавяк», «Яшчарка-прыгаўка», «Цяцерка» і да яго завяршэння — сусветна вядомай «Тарантэлы», гук дуды кіраўніка гурта Юрася Панкевіча лунаў над слухачамі, узмацняў пазітыў ад незвычайных аранжыровак «PAWA».

Дуды Юрася Панкевіча зачароўваюць

Дуды Юрася Панкевіча зачароўваюць


На заканчэнне «Дударскага фэста-2017» слухачоў чакаў metal-батл ад удзельнікаў гуртоў «Sakramant» (кіраўнік Васіль Верабейчыкаў) I «Trollwald», лідарам якога з’ўлецца Андрэй Апановіч. Першая з названых каманд — «Sakramant» — выкінула ў залу вельмі высокі энергетычны разрад, які прымусіў слухачоў успомніць словы лепшых кампазіцый гурта: «Чортаў Скарб», «Мужны волат», «Бона» і адзін з галоўных хітоў каманды — pagan-metal кампазіцыю «Русалка». Менавіта словы з гэтых твораў сталі лейтматывам агульнага спявання маладой аўдыторыі. Такі энтузіязм засведчыў вялікі патэнцыял новага гурта і іх поспехі ў інтэрнэт-прамоцыі песень «Sakramant’а».

Васіль Верабейчыкаў -- дудар і флейтыст гурта SAKRAMANT

Васіль Верабейчыкаў -- дудар і флейтыст гурта SAKRAMANT


Адказ не прымусіў сябе чакаць доўга: на сцэну выйшаў гурт «Trollwald», ачолены харызматычным Андрэем Апановічам. Іх folk-metal-кампазіцыі нагадалі, што нават пасля нечаканага разыходжання лідараў гурта «Litvintroll» і завяршэння іх сумесных выступаў, месца на беларускай рок-дзялянцы хопіць на ўсіх. Таму пры ўсёй павазе да музыкі «Sakramant’а», тыя ж слухачы аднолькава віталі і «Trollwald», як бясспрэчных спадчыннікаў выкарыстання беларускай дуды ў сучаснай folk-metal-музыцы. Гэты факт пацвердзілі такія аўтарскія кампазіцыі, як «У кішэні нуль», «У гушчары», «Беляшы-чэбурэкі», «Паганяйла», апрацоўка народнай песні «Нясе Галя воду» і іншыя. Іх выкананне стала своеасаблівым аптымістычным падрахункам справы, распачатай ініцыятарамі «Дударскага фэсту»: беларуская дуда знаходзіць сваё месца ў культуры XXI стагоддзя.

Андрэй Апановіч -- фронтмэн гурта TROLLWALD

Андрэй Апановіч -- фронтмэн гурта TROLLWALD

Андрэй Апановіч  змяніў дуду на мікрафон вакаліста


На заканчэнне фэсту адзін з ветэранаў айчыннага дударскага руху Пан Скіргайла Паланэцкі-Мацкевіч (як сцвярджае сам спадар, гэта яго сапраўднае імя!) заўважыў: «Я, безумоўна, усцешаны, што беларуская дуда жыве і вяртаецца ў наш культурны кантэкст. Спадзяюся, яна будзе пашырацца і знойдзе новых прыхільнікаў сярод нашай моладзі. Што тычыцца спрэчных момантаў камерцыялізацыі руху, то скажу, што гэтага нельга ўнікнуць, без гэтага справа не выжыве: трэба думаць і пра акупнасць канцэртаў. Я ж граю для тых, хто жадае быць Шляхтай новага свету!».

Пан Скіргайла Паланэцкі-Мацкевіч

Пан Скіргайла Паланэцкі-Мацкевіч

Каментаваць