Таварыства аховы помнікаў атрымала згоду на стварэнне мемарыялу праведнікаў свету

Знак павінен ушанаваць памяць жыхароў Беларусі негабрэйскага паходжання, якія ў час Другой сусветнай вайны ратавалі габрэяў ад Галакосту, паведамляе Радыё Свабода.
Мемарыял «Яма», архіўнае фота

Мемарыял «Яма», архіўнае фота

Беларускае добраахвотнае таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры атрымала згоду ад Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь на працу ў стварэнні мемарыяльнага знака праведнікам свету.

Гэта стала нагодай для чацвёртай сустрэчы аргкамітэту стварэння знака ў Гістарычнай майстэрні Леаніда Левіна на вуліцы Сухой.

Паводле колькасці праведнікаў народаў свету, Беларусь займае восьмае месца ў свеце: гэтае званне ўжо атрымалі каля 900 чалавек. На афіцыйным узроўні памяць пра гэтых асобаў ушанаваная толькі ў выглядзе алеі каля мемарыялу «Яма» ў Менску.

Аўтарская задума Леаніда Левіна прадугледжвала ў архітэктурным праекце мемарыялу «Яма» асобную частку, на якой павінны былі быць адзначаныя прозвішчы Праведнікаў свету з Беларусі. Але з розных прычын гэтая задума не была выкананая і ўвасабленне сённяшняга мемарыялу няпоўнае.

На сустрэчы аргкамітэту прысутнічалі сем сяброў розных ініцыятыў і арганізацый, у тым ліку Галіна Левіна (Архітэктурная майстэрня Леаніда Левіна), каардынатар праекту «Прыпынак Адамовіча» Андрусь Архіпенка, намеснік старшыні Рады ЗБС «Бацькаўшчына» Валер Герасімаў, а таксама прадстаўнікі габрэйскіх грамадскіх арганізацый.

Падчас сустрэчы былі размеркаваныя кірункі дзейнасці і адказнасць паміж удзельнікамі. Дзейнасць сяброў аргкамітэту будзе скіраваная ў асноўным на практычны аспект пытання ўстаноўкі помніка: удакладненне беларускай часткі спісу праведнікаў свету, камунікацыю наконт спрыяння дзяржавы праз Фонд культуры, пераклад імёнаў на беларускую мову, збор сродкаў і г.д.

На гэтым этапе вырашаецца, якая з грамадскіх арганізацый выступіць у ролі заказчыка знака. Неўзабаве на разгляд у манументальную раду пры Мінгарвыканкаме будзе пададзены неабходны пакет дакументаў, і, як толькі праект знака будзе ўхвалены, аргкамітэт пачне кампанію збору сродкаў.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Культура: галоўнае

Больш цікавага на «Новым Часе»: