«Тбілісоба»: характар рамантычны (фота, відэа)

У мінскім Верхнім горадзе 24 жніўня прайшло свята грузінскай культуры «Тбілісоба». Арганізатары падкрэслілі інтэрнацыянальны характар імпрэзы, а пляцоўкі падпісалі па-беларуску.
«Тбілісоба» — свята ўраджаю, якое ладзяць у грузінскай сталіцы ў першыя выходныя кастрычніка з 1979 года. Такія грузінскія дажынкі. Ці «даціскі», калі мець на ўвазе ўраджай вінаграду. Назва стала брэндавай, пад ёй праходзяць дні культуры Грузіі за мяжой, у тым ліку і ў Беларусі.


Сёлетняе «Тбілісоба» ў Мінску прайшло пад лозунгам «Свята з грузiнска-беларускiм характарам» і «Характар не схаваеш». Фестывальныя пляцоўкі таксама насілі «характэрныя» назвы: фудкорт «Характар гасцінны», дзіцячая пляцоўка «Характар гарэзлівы», турмаркет «Характар улётны», танцпляцоўка «Характар рухавы», рынак грузінскіх майстроў «Характар тэмпераментны»… Усе пляцоўкі былі падпісаны па-беларуску, дзейнічаў беларускі куток «Характар беларускі». Але ўсюды не паспееш і карэспандэнтка НЧ засяродзілася на пляцоўцы, дзе гралі грузінска-беларускае вяселле, з назвай «Характар рамантычны».


Сапраўдныя маладыя, Іраклій і Святлана, запрасілі гасцей у цэнтр сталіцы. А што? Паставілі сталы — ды і згулялі вяселле. А наведвальнікі «Тбілісоба», як аднавяскоўцы маладых, якіх не запрасілі за стол на традыцыйным вяселлі (прынамсі, беларускім), — стаялі ды назіралі.


Гасцей па-сапраўднаму кармілі і паілі, а маладых па-сапраўднаму віншавалі, казалі тосты… Усё як мае быць. Канечне, не абышлося без танцаў. Грузінскую праграму паказваў ансамбль «Сонечная Грузія». Танчылі таксама маладыя і вясельныя госці, а наведвальнікі «Тбілісоба» маглі падвучыцца на майстар-класе.


За беларускую праграму адказвалі любанскія музыкі Васіль Семашкевіч (гармонік), Мікалай Юніцкі (барабан), этнахарэограф Сяргей Выскварка і студыя «Варгін». Вывучылі вясельны танец з хусткамі, Лявоніху і шмат чаго яшчэ. Завілі маладой намітку, выклікалі маладых у кола і крычалі «Горка!»

Сяргей Выскварка навучыў гасцей «Тбілісоба» мужчынскаму танцу «Шамель». Гэта беларуская адаптацыя каўказскай «Лезгінкі». Верагодна, мелодыю «прынеслі» ў нашы вёскі хлопцы, якія служылі ў царскай арміі, а назва адсылае да імя дагестанскага імама Шаміля.


Вы ж памятаеце пра інтэрнацыянальны характар свята? Як жа можна было абысціся без габрэйскай спадчыны! Сяргей Выскварка паказаў танец «7:40» са сваёй роднай вёскі Пласток Любанскага раёна. На яго памяці танец ужо не бытаваў, але старэйшыя жанчыны прыгадалі, як танцавалі яго ў маладосці, «падгледзеўшы» за местачковымі габрэямі. У адрозненні ад «Шамеля», дзе музыка «Лезгінкі» адаптавалася, «7:40» пазычылі без зменаў. На думку Сяргея Выскваркі, гэта можа сведчыць на карысць адносна нядаўняга ўваходжання гэтага габрэйскага танца ў беларускі побыт.

Наведвальнікі свята відавочна хадзілі задаволенныя: удзельнічалі ў інтэрактывах, здымаліся ў фотазонах, дэгуставалі грузінскую ежу. Са спадзяваннем наведаць «Тбілісоба» ў Тбілісі, канечне ж. Ці мінскую імпрэзу налета.


Фота і відэа Алены Ляшкевіч

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!