Тэатр без межаў. Як інклюзія робіць мастацтва эксклюзіўным

Гісторыя сямейнага інклюзіў-тэатру «і» пад кіраўніцтвам Ірыны Пушкаровай пачалася ў 2016 годзе пры падтрымцы кампаніі velcom. Тады новаствораная ініцыятыва была яшчэ малавядомай і нагадвала авантуру. Бо ніхто не мог гарантаваць, што тэатратэрапія для дзяцей з аутызмам зменіць іх жыццё да лепшага, дапаможа раскрыць таленты і сацыялізавацца.
 Прэм’ера 3D-спектаклю «Аднойчы ў вялізным горадзе» на сцэне Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага музычнага тэатра. Фота «ARS Communications Minsk».

 Прэм’ера 3D-спектаклю «Аднойчы ў вялізным горадзе» на сцэне Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага музычнага тэатра. Фота «ARS Communications Minsk».



Цяпер, праз два гады няспыннай працы, інклюзіў-тэатр «і» мае 5 пастановак і перамогу ў сёлетнім міжнародным конкурсе «Скрыжаванні. Мінск». За званне быць лепшымі давялося пазмагацца на роўных з прафесіяналамі, бо ў конкурсе няма асобнай катэгорыі для інклюзіўных тэатраў.

— Для нас гэта была хутчэй псіхалагічная перамога. У конкурсе прымала ўдзел 200 каманд, а гэта больш за дзве тысячы ўдзельнікаў, — расказала Ірына Пушкарова, мастацкі кіраўнік сямейнага інклюзіў-тэатру «і».

Неверагодна, але вялікая сцэна не адпускае маленькіх акцёраў. Спектакль-драму «Аднойчы ў вялізным горадзе» дадалі ў рэпертуар Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага музычнага тэатра. Гісторыю хлопчыка, які перад Калядамі страціў сваю сям'ю і застаўся адзін у халодным горадзе, расказваюць на сцэне не толькі дзеці з аутызмам, але і іх маці. Нездарма ж інклюзіў-тэатр «і» называюць сямейным.



Інклюзіў-тэатр «і» — гэта 99 студыйцаў, сярод якіх 29 з аутызмам. Тут на прафесійным узроўні рыхтуюць акцёраў, рэжысёраў, сцэнарыстаў і спевакоў.

— Тэатр — гэта мастацтва без межаў, таму праз тэатр прасцей аб’яднаць арганізацыі, зацікаўленыя ў вывучэнні праблемы аутызму, — кажа Ірына Пушкарова.

І як пацверджанне яе словаў — Другі міжнародны форум «Тэатр і аутызм. Пытанні і адказы», які адбыўся ў Мінску. Мерапрыемства аб’яднала экспертаў-практыкаў з Беларусі, Расіі, Казахстана, Грузіі, Нідэрландаў і Швецыі.

Адна праблема на ўвесь свет

З чаго пачынаецца эфектыўны інклюзіўны асяродак? З правоў чалавека, з прызнання роўнасці ўсіх людзей і з роўнасці магчымасцяў. Як прыклад — інклюзія ў адукацыі. Тэатр акурат і з’яўляецца той дзейснай пляцоўкай, якая аб’ядноўвае розных людзей і спрыяе змене грамадскіх нормаў, якія тычацца фізічных магчымасцяў.
Творчае самавыяўленне не мае дыягназу і панятку, хто можа стаяць на сцэне, а каго на ёй не павінна быць.
Калектыўная творчасць ператвараецца ў твор мастацтва, а пасля і ў сусветна вядомы твор мастацтва, як гэта адбылося з операй «Досвітак у Галаманце» (Dawn at Galamanta).


Опера, прэм’ерны паказ якой адбыўся на Цэнтральным чыгуначным вакзале Стакгольма, атрымала міжнародную ўзнагароду AMI Award за найлепшы танец. Пазней «Досвітак у Галаманце» паказалі на фестывалі Лондан-Сіці ў 2012 годзе як частку Культурнай Алімпіяды.

Гэты смелы, дзёрскі і паспяховы праект мог і не адбыцца, калі б не падтрымка Сафіі Александэрсан, дырэктаркі і мастацкага кіраўніка шведскай міжнароднай арганізацыі «ShareMusic & Performinsg Arts». Каб рэалізаваць ідэю, арганізацыя абвясціла міжнародны конкурс, у выніку якога над операй працаваў трамбаніст, кампазітар і дырыжор Крысціан Ліндберг, Шведскі духавы аркестр і харэограф Хэлен Карабута.

 Сафія Александэрсан (Sophia Alexandersson) трымае ў руках узнагароду AMI Award. Фота з sharemusicsweden.blogspot.com

 Сафія Александэрсан (Sophia Alexandersson) трымае ў руках узнагароду AMI Award. Фота з sharemusicsweden.blogspot.com


— Наша праца звязана з глабальнымі мэтамі, якія тычацца інклюзіі і ўстойлівага развіцця. Сярод іх змяншэнне няроўнасці ў грамадстве, якасная адукацыя, годная праца і эканамічны рост. Інклюзія — шлях да грамадства, у якім ва ўсіх людзей ёсць роўныя магчымасці. Але пакуль не ўсе таленты знаходзяць прымяненне, таму грамадства прайгравае на гэтым, — сказала Сафія Александэрсан.

У дзейнасці «ShareMusic&Performing Arts» спадарыня Сафія прытрымліваецца Канвенцыі ААН аб правах інвалідаў, параграфаў, якія тычацца культуры, працы і адукацыі. Напэўна, таму спектаклі выйшлі за межы традыцыйных пляцовак і наблізіліся да грамадства. Вакзалы ды вуліцы — вось сучасныя тэатральныя пляцоўкі, на якіх спалучаюцца розныя артыстычныя формы.

Яшчэ адно наватарства «ShareMusic&Performing Arts» — выкарыстанне музычных тэхналогій, якія для кожнага робяць магчымым удзел у тэатральных пастаноўках. Напрыклад, пры дапамозе Саундбіма альбо Гукавага Праменю можна іграць на музычных інструментах толькі рухамі рук. Праўда, гэтае вынаходніцтва дарагое, каштуе больш за 2 тысячы беларускіх рублёў. Такія выдаткі асіліць хіба што арганізацыя, адукацыйная ці медустанова. Тэставаўся Саундбім, між іншым, у Каралеўскім шпіталі для людзей з неўралагічнымі адхіленнямі і дзіцячым шпіталі Бэт Абрахам у Нью-Ёрку.  


Эксперыментаваць можна і з недарагімі, набытымі за 10 еўра, альбо бясплатнымі музычнымі дадаткамі для Iphone/Ipad і Android:  ThumbJam, Bloom HD, Bebot! ды іншымі.

Беларусь таксама зрабіла крок наперад у распрацоўцы адмысловых дадаткаў. Гэтак, тры гады таму быў створаны мабільны «Камунікатар ДАР» для Android. Працягвае адукоўваць дзяцей з аутызмам і праект www.autismschool.by На сайце можна знайсці развіццёвыя гульні і сур’ёзную літаратуру.

Не дабрачыннасць, а партнёрства

Айчынны і міжнародны досвет ужо паказаў грамадству эфектыўныя інклюзіўныя праекты, якія спрыяюць паспяховай сацыяльнай адаптацыі дзяцей і дарослых з аутызмам. Канешне, патрабуюцца вялікія высілкі і ад сем’яў, дзе выхоўваюцца дзеці з асаблівасцямі, і ад грамадства, якое мусіць прыняць «маленькіх прынцаў», каб, нарэшце, спыніць іх штучную ізаляцыю.

 Удзельнікі Другога міжнароднага форуму «Тэатр і аутызм. Пытанні і адказы». Злева направа: Ірына Пушкарова, Віктар Лаўрусенка і Тамара Бутава. Фота «ARS Communications Minsk».

 Удзельнікі Другога міжнароднага форуму «Тэатр і аутызм. Пытанні і адказы». Злева направа: Ірына Пушкарова, Віктар Лаўрусенка і Тамара Бутава. Фота «ARS Communications Minsk».


— Кампанія прызнае інклюзіў-тэатр «і» сваім партнёрам, якія аказвае паслугі ў галіне навучання дзяцей і развіцця іх талентаў. Яны на такім высокім узроўні, што гэта ўжо не дабрачыннасць, а паўнавартаснае партнёрства. У бліжэйшы час увядзем інклюзіўны тэатр у сацыяльны пакет і супрацоўнікі змогуць прапанаваць сваім дзецям прыняць удзел у тэатральных пастаноўках і майстар-класах за кошт кампаніі. У сем’ях выхоўваюцца і здаровыя дзеці, і дзеці з асаблівасцямі, якім патрэбна сацыялізацыя, — расказала Тамара Бутава, кіраўнік аддзела развіцця персанала замежнага прадпрыемства IBA IT PARK у Мінску.

Партнёрства з інклюзіў-тэатрам «і» не адзінкавы выпадак. Туды прыходзяць не толькі аказваць падтрымку і займацца з дзецьмі, якім патрэбна дапамога спецыялістаў, але каб адукоўвацца самім.  

— На працягу года да нас прыходзілі студэнты Інстытута інклюзіўнай адукацыі, які рыхтуе будучых дэфектолагаў, псіхолагаў ды лагапедаў. У выніку, валанцёры паўдзельнічалі ў майстар-класах па акцёрскаму майстэрству і выйшлі на сцэну са сваімі вучнямі з інклюзіў-тэатра «і», — расказала Ірына Пушкарова.
Тэатр «KAZOU» у Нідэрландах. П’еса «Connect» 

Калі ў тэатр прыходзяць людзі з аутызмам, яны некалькі месяцаў проста сядзяць і назіраюць за тым, што там адбываецца. А ужо праз год ці два выконваюць галоўныя ролі. Такую гісторыю можна пачуць не толькі ў Беларусі, а і ў любой краіне, дзе існуе тэатратэрапія для людзей з асаблівасцямі. Тое ж адбывалася і на сцэне нідэрландскага тэатра «Казу» («KAZOU»).

— У мяне займалася дзяўчынка, якая панікавала кожны раз, калі ёй задавалі пытанні. Але навучыўшыся імправізаваць на сцэне, яна цалкам змянілася, змагла перамагчы свой страх камунікацыі. Сцэна дае магчымасць адчуваць сябе ўпэўненымі. Людзі з аутызмам паводзяць сябе не так, як мы чакаем ад іх, за што вельмі часта атрымліваюць заўвагі. Аднак у тэатры ўсё адбываецца па-іншаму, там раскрываюцца таленты. Асобы раскрываюцца і атрымліваюць кампліменты за сваю акцёрскую працу, — расказаў Ханс Салемінк (Hans Salemink), мастацкі кіраўнік тэатра «KAZOU» ў Нідэрландах.

Калі Ханс заснаваў тэатр, у асноўным там займаліся падлеткі і маладыя людзі да 20 гадоў. Зараз гэтым акцёрам каля 40 год.

Тэатр «KAZOU» у Нідэрландах. Фота з www.theaterwerkplaatskazou.nl

Тэатр «KAZOU» у Нідэрландах. Фота з www.theaterwerkplaatskazou.nl

Тэатр «KAZOU» супрацоўнічае з сямейным інклюзіў-тэатрам «і». Напярэдадні Форума, Ханс праводзіў майстар-класы для навучэнцаў Ірыны Пушкаровай. У будучым плануюць аб’яднаць тэатры на адной сцэне, каб выступіць у Беларусі і Нідэрландах.

Аутызм — захворванне, якое застаецца з чалавекам на ўсё жыццё. Колькасць людзей з асаблівасцямі, або «маленькіх прынцаў» штогод павялічваецца ва ўсім свеце. І Беларусь не выключэнне. Па дадзеных Цэнтра па кантролю і прафілактыцы захворванняў ЗША (Centers for Disease Control and Prevention) за красавік 2018 года, дыягназ мае 1 з 59 дзіцёнкаў. Яшчэ дзесяць год таму статыстыка выглядала іначай: тады аутыстам быў 1 са 125 чалавек.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: