Тэатр Янкі Купалы можа працягнуць праект «Тыдзень Купалаўскага online»

Купалаўскі тэатр працуе над магчымасцю працягу праекта па паказе запісаў спектакляў анлайн. У дадзены момант праводзяцца перамовы з праваўладальнікамі, каб прадставіць гледачам магчымасць убачыць шэраг спектакляў з відэаархіва тэатра.
З 27 сакавіка па 2 красавіка ўпершыню Купалаўскі тэатр праводзіць праект “Тыдзень Купалаўскага online” з паказам аматарам тэатральнага мастацтва ў Беларусі і ва ўсім свеце шэрагу рэпертуарных спектакляў тэатра.

У межах праекта “Тыдзень Купалаўскага online” адбыўся паказ ужо двух спектакляў. Сусветны паказ легендарнай “Паўлінкі” ў Міжнародны дзень тэатра пры падтрымцы генеральнага партнёра 100-га сезона кампаніі А1 і відэасэрвіса VOKA ўбачылі каля 20 000 гледачоў. Лірычную камедыю "Школа падаткаплацельшчыкаў" 29 сакавіка ў выкананні купалаўцаў праз інтэрнэт-старонку тэатра ўбачылі ў Бельгіі, ЗША, Італіі, Іспаніі, Канадзе, Польшчы, Расіі, Украіне, Францыі і іншых краінах – каля 10 000 гледачоў! Такім чынам, агулам за два паказа спектаклі Купалаўскага тэатра анлайн убачылі каля 30 000 гледачоў па ўсім свеце.

Тэатр запрашае далучыцца да наступных анлайн-паказаў спектакляў. 31 сакавіка можна ўбачыць спектакль-канцэрт "Вельтмайстар-акардэон". 2 красавіка будзе даступны прагляд спектакля з рэпертуара камернай сцэны "Ураджай".

Спасылкі на прагляд будуць даступныя толькі на сайце kupalauski.by і ў сацыяльных сетках тэатра ў дзень паказа з 18.00 у дзень паказа да 9.00 наступнага дня.

Паводле прэс-рэлізу



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: