Тэатральная кампанія HomoCosmos прэзентуе ў Мінску харэаграфічны перформанс Opus Magnum

Тэатральная кампанія HomoCosmos прэзентуе ў МІнску свой чарговы праект — харэаграфічны перформанс Opus Magnum. Паказ прэв’ю прымеркаваны да акрыцця выставы Уладзіміра Кандрусевіча Opus Magnum. Initium; менавіта творчасць гэтага беларускага мастака стала зыходнай кропкай для нараджэняя новай пастаноўкі.

Уладзімір Кандрусевіч, фота прадастаўлена арганізатарамі

Работа над праектам распачалася восенню 2020 года і, як многія іншыя спектаклі HomoCosmos, Opus Magnum сабраў інтэрнацыянальную каманду. Разам з беларускімі харэографамі Вольгай Рэпінай і Сяргеем Мікелем, чые пастаноўкі ідуць у Мінску на сцэнах Вялікага і Музычнага тэатраў, над ім працуюць грузінскія кампазітар Давід Еўгенідзэ, аўтар музыкі да шматлікіх кінастужак і балетаў, і рэжысёрка Тэкла Гелбахіані.

Якраз спадарыне Гелбахіані і належыць ідэя ды канцэпцыя харэаграфічнага перформансу. Рэжысёрка распавядае, што з Уладзімірам Кандрусевічам і яго карцінамі яна пазнаёмілася напачатку 2020 года і была імі вельмі ўражаная.

«Гісторыі, якія можна пабачыць у яго работах — такія жыццёвыя і пры гэтым містычныя, — кранулі мяне. Захацелася зрабіць нешта такое ж: містычнае, фантастычнае і жыццёвае, што будзе зразумелым і блізкім кожнаму чалавеку. Карціны Уладзіміра Кандрусевіча ашаламляльныя, іх нельга абмінуць, а калі ты іх пабачыў, то не забудзеш. Спадзяюся, і наша прэм’ера будзе такой», — кажа яна.

У цэнтры праекта Opus Magnum — актуальны сёння сінтэз мастацтваў. Стаўка зроблена на ўзаемадзеянне жывапісу, музыкі і танца, бо яны не маюць патрэбы ў вербальным выражэнні і таму, па меркаванні Тэклы Гелбахіані, для іх успрымання не існуе моўных бар’ераў.

«Цяпер мы стаім перад карцінамі, якім сотні гадоў, і ўсё разумеем, і не важна, кім з’яўляецца аўтар: італьянцам ці іспанцам. Тое ж з танцам. У руху — цэлае жыццё ды і само жыццё — гэта рух. І пластычныя рухі танца, як мне падаецца, нікога не пакідаюць абыякавым. У жэстах можна пазнаць усё: і каханне, і нянавісць, і зайздрасць, і суперніцтва, — усе ўласцівыя людзям эмоцыі і пачуцці», — адзначае Тэкла Гелбахіані.

Натуральна, перформанс не стане харэаграфічнай ілюстрацыяй да твораў Уладзіміра Кандрусевіча. Рэжысёрка падкрэслівае, што сцэнар пастаноўкі будаваўся на яе ўспрыманні карцін мастака:

«Вазьміце некалькі чалавек і пастаўце іх перад адной з работ Кандрусевіча. Інтэрпрэтацыя ў кожнага будзе рознай у залежнасці ад узроўню развіцця. Хтосьці бачыць павярхоўна, толькі прыгожыя целы і папяровыя самалёцікі, а іншы мысліць па-філасофску. Я ставіла кампазітару або балетмайстру канкрэтную задачу: што мне хацелася б выразіць у пластыцы, музыцы, ператварыць у прыгожыя рухі, каб цела распавяло аб незямных-зямных радасцях і смутку чалавека», зазначае спадарыня Гелбахіані.

Паўнафарматная прэм’ера Opus Magnum запланаваная на восень 2021 года, а пабачыць прэв’ю і наведаць адкрыццё выставы Уладзіміра Кандрусевіча можна ў галерэе сучаснага мастацтва «Арт Фабрыка» (вул. Свярдлова, 2) 1 ліпеня ў 19.00.

Выстава і прэв’ю спектакля адбудуцца пра падтрымцы пасольства Грузіі ў Рэспубліцы Беларусь.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: