The Exploited адмовіліся граць на адным фестывалі разам з Brutto

Брытанскі панк-рок-гурт The Exploited адмовіўся выступаць на фестывалі «Захід» з-за ўдзелу ў ім беларускага гурта Сяргея Міхалка Brutto. Пра адмову паведамілі арганізатары ўкраінскага фестывалю «Захід».



«Кепскія навіны для вас. Гурт сказаў адмяніць канцэрт. Прычына — яны не хочуць граць не фестывале разам з Brutto», — пішуць арганізатары фэста і дадаюць, што не разумеюць рэальных прычын і ўжо шукаюць замену брытанскім музыкам.
 
 
Лідар гурта The Exploited Уоцці Б’юкэн патлумачыў, што ім распавялі шмат кепскага пра беларускі калектыў:
 
 
«Прабачце, але мы атрымалі столькі лайна, дасланага нам пра гэты гурт, і я бачыў відэа на Ютубе, дзе яны здзекуюцца са старога чалавека, таму мы не можам граць на гэтым канцэрце. Мы гатовыя граць у наступным годзе для вас. Прабачце за гэта».
 
 
Пра якое відэа з удзелам гурта Brutto ідзе гаворка, незразумела.
 
 
Еўрарадыё здолела атрымаць кароткі каментар прадзюсара Brutto Антона Азізбекяна: «Нам прыемна, што эксплоітэд нас сасц*лі».
 
 
Фестываль «Захід» пройдзе сёлета ў Львоўскай вобласці 14-16 жніўня. У ім прымуць удзел гурты ILL NIÑO, Brutto, Браты Гадзюкіны, Гайдамакі, Бумбокс, Жадан, Matisyahu, Dead by April, Onuka і O.Torvald.
 
 

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!