Толькі сёння Крыж Еўфрасінні Полацкай на выставе “Дзесяць стагоддзяў мастацтва Беларусі”

Толькі адзін дзень, 27 сакавіка 2014 года, найвялікшая духоўная праваслаўная святыня Беларусі — Крыж Еўфрасінні Полацкай — будзе прадстаўлены ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь на выставе “Дзесяць стагоддзяў мастацтва Беларусі”.



Крыж змогуць убачыць усе жадаючыя па благаславенню Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі Паўла. Яго будуць суправаджаць манашкі Спаса-Еўфрасіннеўскага жаночага манастыра.

Крыж прападобнай Еўфрасінні, ігуменні Полацкай, быў у Мінску ў 2010 г. у рамках урачыстасцяў у Свята-Духавым Кафедральным саборы ў гонар 75-годдзя з дня нараджэння Яго Высокапраасвяшчэнства Філарэта, Мітрапаліта Мінскага і Слуцкага, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі.

Напрастольны крыж зроблены па заказу прападобнай Еўфрасінні Полацкай для Спаскага манастыра ў Полацку майстрам Лазарам Богшам у 1161 г. У яго былі ўкладзены найвялікшыя святыні — часцінка Дрэва Крыжа Гасподняга з кропляй Крыві Збавіцеля, часцінкі камянёў Труны Гасподняй і грабніцы Маці Божай, часцінкі мошчаў першамучаніка архідыякана Стэфана, велікамучаніка і лекара Панцеляймона і кроплі крыві велікамучаніка Дзмітрыя Салунскага.

Аснова крыжа, вырабленая з кіпарысавага дрэва і абкладзеная залатымі і сярэбранымі пласцінамі, была ўпрыгожана каштоўнымі камянямі і жэмчугам. На адным баку ў тэхніцы перагародкавай эмалі былі ўстаўлены абразкі Ісуса Хрыста, Прасвятой Багародзіцы, Іаана Прадцечы, архангелаў Міхаіла і Гаўрыіла, чатырох евангелістаў, нябесных заступнікаў заказчыцы і яе бацькоў.

У ніжняй частцы крыжа была нанесена аўтарская прыпіска, на бакавых тарцах — укладны надпіс прападобнай Еўфрасінні з датай 6669 (ад стварэння свету).

Лёс гэтай старажытнай хрысціянскай святыні незвычайны.

З 1579 г. Крыж захоўваўся ў Сафійскім саборы Полацка. Ён быў ўшанаваны і праваслаўнымі і ўніятамі. У 1921 г. савецкія ўлады канфіскавалі ўсе царкоўныя каштоўнасці, і ў 1929 г. Крыж разам з іншымі музейнымі прадметамі быў перавезены ў Магілёўскі музей у пакой-сейф. Далейшы лёс Крыжа невядомы. Ён знік пры загадкавых абставінах у першыя дні Вялікай Айчыннай вайны. Да гэтага часу ніякіх пэўных звестак пра яго няма.

У 1992 г. падчас святкавання 1000-годдзя Полацкай епархіі было вырашана ўзнавіць ўсеправаслаўную святыню. Праца была даручана брэсцкаму мастаку-ювеліру Мікалаю Кузьмічу, які засвоіў складаную тэхніку перагародкавай эмалі. Праца працягвалася 5 гадоў, пры гэтым выкарыстоўваліся такія ж матэрыялы, тэхніка і ўпрыгажэнні, што і некалі Лазарам Богшам. Уладыка Філарэт даставіў з Іерусаліма часцінкі тых жа хрысціянскіх рэліквій. 24 жніўня 1997 года адноўлены крыж быў асвечаны Мітрапалітам Філарэтам ў Свята-Сімяонаўскім саборы Брэста і напярэдадні свята Крыжаўзвіжання ўнесены ў Спаса-Праабражэнскі храм Полацкага Спаса-Еўфрасіннеўскага манастыра.

Выстава “Дзесяць стагоддзяў мастацтва Беларусі” арганізавана ААТ “Белгазпрамбанк” і ААТ “Газпром трансгаз Беларусь” і будзе праходзіць у Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь з 27 сакавіка па 10 ліпеня 2014 года.

27 сакавіка 2014 года музей працуе з 11.00 да 21.00!

Даведкі па тэл.: (017) 327 71 63

artmuseum.by

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: