TonqiXod прадставілі свой другі альбом у Купалаўскім тэатры (фота)

«Пафас у дазволеных дозах, рок ва ўсіх яго іпастасях і спроба яго дэканструкцыі, сціплая ф'южанутасць з элементамі непрыхаванага таннага цырку» — менавіта так апісалі сваю другую кружэлку пад назвай «Kolier jakoha niama» арт-рок трыа. 


Канцэртную версію альбома прэзентавалі 29 верасня і ў даволі незвычайным месцы —  на камернай сцэне Нацыяльнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы.  

У альбом увайшло 8 кампазіцый. Усе тэксты напісаў саліст калектыва, паэт Уладзь Лянкевіч. Доўгія інстументальныя партыі, лёгкая псіхадэліка, эксперыментальны рок, мультыінструменталізм — усё гэта засталося і папоўнілася яшчэ большай выразнасцю і музычным майстэрствам. Музыкам удалося паўтарыць узровень свайго дэбютніка і даказаць, што беларуская каманда можа выдаць больш за адзін якасны альбом.




Калі першы дыск, «Прадмова», атрымаў некалькі ўзнагарод, у тым ліку за лепшы рок-альбом 2014 года, то «Kolier jakoha niama» ужо назвалі лепшым ў першым паўгодзе 2017. Высокая верагоднасць таго, што і гэтая кружэлка атрымае не менш увагі.

Паслухаць, падтрымаць ці спамваць «Kolier jakoha niama» можна на афіцыйным сайце музыкаў.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!