ТОП-5 калядных варожбаў. Як цікава бавіць калядныя вечары – з сябрамі ды паасобку

Нашыя продкі верылі, што калядныя вечары – час, калі чалавек можа звярнуцца да насельнікаў іншага свету і даведацца сваю будучыню. Асабліва прыдатнымі на гэта лічыліся ночы перад Калядамі, Васіллем (Шчодры, Стары Новы год) і Вадохрышчам. Belsat.eu сабраў некалькі традыцыйных беларускіх варожбаў, якімі можна скарыстацца і ў наш час.

Перад тым, як варажыць, важна выбраць правільнае месца: нежылое памяшканне (лазня, гарышча) альбо жылое, але без абразоў. Бо лічылася, што ў месцы варажбы утвараецца своеасаблівы тунэль у іншы свет. Калі месца выбрана і вы падрыхтаваліся да таго, каб даведацца, які лёс вас чакае, можна пачынаць.

1. Варожба на прадметах
Падыходзіць для кампаніі з некалькіх чалавек. У кошык, пасудзіну ці мех кладуцца розныя прадметы: гаманец, цукар, пярсцёнак, цыбуліна, бутэлька ці пляшка з гарэлкай, вугалёк, запалкі… Карацей, што пад руку трапіць. Далей усіх удзельнікаў трэба папрасіць заплюшчыць вочы. Нехта адзіны абыходзіць з мехам усіх прысутных і прапаноўвае дастаць прадмет, які першы трапіць у руку. Хто што выцягне – у таго і пара будзе адпаведная. Напрыклад, калі дзяўчына выцягне гаманец, муж яе будзе заможны, калі бутэльку – будзе п’яніцам. Цукар ці цукерка азначаюць салодкае жыццё, цыбуліна ж – горкае. Варажба цікавей, калі ў працэсе ўдзельнічае як мага больш людзей і прадметаў.

Пакласці ў кошык можна розныя прадметы

Пакласці ў кошык можна розныя прадметы

2. Варожба на спаленай паперы
Падыходзіць нават для аднога чалавека. Патрэбна талерка, газета ці папера ды запалкі. Трэба скамячыць паперу ды падпаліць яе на дне перакуленай талеркі. Затым паднесці талерку з попелам да сцяны і глядзець на цень, у якім можна пабачыць абрысы сваёй будучыні. Галоўнае тут – не спаліць памяшканне, у якім вы праводзіце абрад. А калі вы варожыце ў сваім пакоі, то адчыняйце вокны, каб пах спаленай паперы не непакоіў вас на працягу яшчэ некалькіх дзён!

Галоўнае – не спаліць хату

Галоўнае – не спаліць хату

3. Варожба на запалках
Дастаткова лёгкі спосаб даведацца, ці наканавана вам быць з вашым хлопцам або дзяўчынай. Спачатку загадваеце чалавека, затым бераце скрыначку запалак. Дзве запалкі ўстаўляеце па бакох і падпальваеце. Калі згарэлыя запалкі павярнуліся галоўкамі адна да адной – значыць, вашая пара вам падыходзіць і вам наканавана быць разам. Калі ж не – магчыма, давядзецца пашукаць іншых варыянтаў.

Калі згарэлыя запалкі павярнуліся галоўкамі адна да адной – вашая пара вам падыходзіць

Калі згарэлыя запалкі павярнуліся галоўкамі адна да адной – вашая пара вам падыходзіць

4. Варожба на воску
Самы цікавы спосаб варожбы ў плане выканання. Вам спатрэбіцца пасудзіна з вадой, свечка ды лыжка. Воск свечкі трэба раздрабніць у лыжку і расплавіць, а затым выліць у ваду і даць хвілінку, каб воск застыў. Потым варта выцягнуць атрыманую васковую фігуру і ўжо разглядаць, што рыхтуе вам жыццё наперадзе.

Спачатку ўсё трэба падрыхтаваць

Спачатку ўсё трэба падрыхтаваць

Калі вы ўбачыце кветку, то гэты год будзе для вас паспяховым у асабістым жыцці, нейкую жывёлу – то хутка ў жыцці зʼявіцца вораг. Палоскі з воску – да падарожжаў. А вось калі раптам убачыце крыж – гэта не дужа добры знак, які азначае бяду ды хваробу. Дрэва ж наадварот сімвалізуе здароўе, пладавітасць і дабрабыт. Зрэшты, тым і цікавыя варожбы, што вынікі заўжды мусяць быць праўдападобнымі і набліжанымі да жыцця, у якім здараецца ўсякае.

Самае цікавае – разглядаць, якая фігура атрымалася з воску

Самае цікавае – разглядаць, якая фігура атрымалася з воску

5. Варожба па кнізе
Падыходзіць для штодзённай варожбы. У дзяцінстве так, пэўна, рабілі ўсе, каб даведацца што прынясе той ці іншы дзень – напрыклад, ці чакаць поспехаў на школьным іспыту. Але мала хто ведае, што нашыя бабулі ў маладосці таксама практыкавалі гэты від варожбаў, падыходзячы да яго больш сурʼёзна. Так, варажылі па кнігах, каб даведацца – ці чакаць шчасця ў асабістым жыцці ды побыце. Тэхналогія варожбы простая: трэба ўзяць вялікую кнігу, загадаць старонку і нумар радка і прачытаць прадказанне, схаванае ў гэтым радку.

Абіраеце любую кнігу, загадваеце старонку, радок і чытаеце, што вас чакае

Абіраеце любую кнігу, загадваеце старонку, радок і чытаеце, што вас чакае

Верыце вы ў варожбы ці не, але, карыстаючыся гэтымі метадамі пазнання лёсу, добры настрой на вечар вам дакладна гарантаваны. А там, магчыма, і шчасце дадасца. Дзяліцеся сваймі спосабамі варожбаў у каментарах. А Belsat.eu жадае ўсім чытачам цудоўных і насычаных святаў!


Ганна Вашчанка, фота аўтара

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!