«Травіята» 27 кастрычніка набудзе фармат трохбаковага міжнароднага праекта

Паказ оперы "Травіята" ў Нацыянальным акадэмічным Вялікім тэатры оперы і балета Беларусі 27 кастрычніка пройдзе ў фармаце маштабнага міжнароднага праекта.

Фота afisha.tut.by



Пра гэта паведаміў на прэс-канферэнцыі ў Мінску генеральны дырэктар Вялікага тэатра Беларусі Уладзімір Грыдзюшка, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Гэта перадапошні паказ оперы "Травіята" на сцэне Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Беларусі ў рэжысёрскай версіі Сусанны Цырук, апошні адбудзецца ў лістападзе, а потым на беларускай сцэне ў будучым годзе з'явіцца новая "Травіята", сказаў Уладзімір Грыдзюшка.

Фота whereminsk.by


У спектаклі "Травіята" 27 кастрычніка заняты французскія, італьянскія і беларускія оперныя артысты. За дырыжорскім пультам — маэстра Франсуа Робер Жыроламі з Францыі.

Уладзімір Грыдзюшка дадаў, што білеты на гэты спектакль даўно прададзеныя, ён пройдзе пры аншлагу.

Як адзначыў пасол Італіі ў Беларусі Стэфана Б'янкі, гэты трохбаковы праект, які ўключае класіку і наватыўнасць, мае міжнародную культурную аснову, паколькі опера "Травіята" належыць пяру італьянскага кампазітара Джузэпэ Вердзі, ён у сваю чаргу грунтаваўся на рамане вялікага французскага пісьменніка Аляксандра Дзюма-сына "Дама з камеліямі".

"Опера "Травіята" — твор, даступны для разумення кожнаму, сюжэт знаёмы ўсім, і менавіта таму яна не пакідае сцэны сусветных тэатраў. Фрагменты з гэтай оперы на слыху. І мяне не здзіўляе, што білеты прададзены. Беларуская публіка — публіка знаўцаў і аматараў оперы", — адзначыў Стэфана Б'янкі.

Акрамя таго, пасол падзяліўся сваімі ведамі аб тым, што Мінск стаў у Расійскай Імперыі першым горадам, дзе была ажыццёўлена пастаноўка оперы "Рыгалета".


Фота www.velvet.by



Ён дадаў, што ганарыцца тым фактам, што беларускія гледачы змогуць пачуць выдатны артыстычны склад, які ўжо не раз выступаў на сцэне ў Францыі.

Паводле слоў Стэфана Б'янкі, "Травіята" стане культурнай кульмінацыяй мерапрыемстваў XVI Тыдня італьянскай мовы ў Мінску, які праходзіць гэтымі днямі ў сталіцы Беларусі.

Пасол Францыі ў Беларусі Дзідзье Канес адзначыў у сваю чаргу ўніверсальнасць тэматыкі оперы, паколькі яна закранае вечныя пытанні, якія ўсіх цікавяць: каханне і смерць, пратэст супраць сацыяльных і маральных забабонаў.

"Травіята" — гэта сумесны праект Вялікага тэатра Беларусі, пасольства Італіі ў Беларусі і пасольства Францыі ў Беларусі.


belta.by

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: