«Тутэйшыя», экскурсіі па тэатры і відэатрансляцыі. Што рыхтуе Купалаўскі ў сотым сезоне

Стратэгія дзейнасці Купалаўскага тэатра застаецца нязменнай — яна была вызначана яшчэ сто гадоў таму: гэта ўмацаванне беларускасці, беларускага слова, беларускай літаратуры, драматургіі, беларускай дзяржаўнасці і незалежнасці сёння.

Купалаўскі тэатр распачынае соты сезон. Пра ўсе цікавосткі, якія тэатр рыхтуе гледачам у юбілейным сезоне, журналістам распавялі генеральны дырэктар тэатра Павел Латушка, мастацкі кіраўнік Мікалай Пінігін, акцёр і рэжысёр Раман Падаляка і прадстаўнік кампаніі А1 Антон Бладзік.

Урачыстасці і будні

Інаўгурацыя сотага, юбілейнага, сезону адбудзецца ў Александраўскім скверы і ў будынку тэатра 21 верасня. А ў чэрвені наступнага года каля мінскай ратушы пройдзе Дзень Купалаўскага тэатра. Плануецца стварэнне дакументальных стужак і тэлевізійных ролікаў і выданне адмысловай кнігі пра гісторыю тэатра з каштоўнымі архіўнымі матэрыяламі. Неўзабаве будзе прадстаўлены першы нумар часопіса, які не толькі раскажа пра гісторыю Купалаўскага, але і стане крыніцай інфармацыі для тых, хто цікавіцца тэатрам як відам мастацтва ўвогуле.

Па словах генеральнага дырэктара тэатра Паўла Латушкі, «вядучымі падчас сезона будуць тры словы: Гісторыя, Сучаснасць і Будучыня. Гісторыя — нам ёсць, чым ганарыцца, Сучаснасць — ёсць што прадставіць на высокім творчым мастацкім узроўні і гэтым чынам мы пракладваем шлях у Будучыню як нашага тэатра, так і на яго прыкладзе ў будучую справу культуры Беларусі».

Стратэгія дзейнасці тэатра застаецца нязменнай — яна была вызначана яшчэ сто гадоў таму: умацаванне беларускасці, беларускага слова, беларускай літаратуры, драматургіі, беларускай дзяржаўнасці і незалежнасці сёння.

Тэатральная прастора будзе пашырацца — акрамя галоўнай і камернай сцэн у наступным годзе плануецца адчыніць малую сцэну (у гістарычным будынку па адрасе Энгельса, 17, дзе зараз знаходзіцца тэатральнае Бюро друку). Пастаноўкі будуць адбывацца як на дадатковых пляцоўках — Доме афіцэраў, так і праз гастрольную дзейнасць: у Гародне (25 і 26 кастрычніка), Слоніме (31 жніўня), а таксама ў іншых гарадах. Будзе пашырацца і замежная прастора: 29 верасня тэатр наведае Беласток, дзе пражывае вялікая колькасць беларусаў і згуртавана беларуская культура, з спектаклем «Пінская шляхта». У снежні ў Парыжы пройдуць паказы спектакля «Ураджай». Плануецца арганізаваць пастаноўкі і ў іншых гарадах Еўропы.

Павел Латушка і Антон Бладзік

Павел Латушка і Антон Бладзік

Тэатр і яго генеральны партнёр падчас 100-га сезона кампанія А1 імкнуцца да таго, каб стварыць для ўсіх беларусаў, незалежна ад таго, дзе яны пражываюць — у сталіцы ці рэгіёнах, магчымасць пазнаёміцца з лепшымі ўзорамі нацыянальнага тэатральнага мастацтва. Тут на дапамогу прыйдуць відэатрансляцыі спектакляў — сучасны фармат, які карыстаецца вялікім попытам у аматараў тэатра па ўсім свеце. Ён дазваляе спалучыць розныя віды мастацтва і вывесці ўражанні ад спектакля на новы ўзровень. Раз на месяц іх можна будзе ўбачыць з любой прылады і ў сетцы любога аператара сувязі. На працягу ўсяго 100-га сезона запланавана 11 паказаў. Першы з іх — спектакль «Радзіва «Прудок» па аднайменнай кнізе Андрэя Горвата —адбудзецца 21 верасня.


Абяцаюць і новыя праекты

Праект «Легенды Купалаўскага тэатра» распавядзе пра выбітных асоб: артыстаў, рэжысёраў, мастакоў — тых, хто ствараў тэатр у мінулым.

Дзякуючы праекту «Экскурсіі пра спектакль», з’явіцца магчымасць наведаць месцы, у якія гледачы пакуль не траплялі — бутафорскі, рэквізітарскі, грымёрны цэхі, арт—фае, партрэтную галерэю і прастору за сцэнай.
Праект «Літаратура і тэатр» стане спробай паказаць сучасную беларускую прозу на сцэне Купалаўскага ў якасці эскізаў і чытак у выкананні маладых рэжысёраў і акцёраў.

Праект «Музычныя вечары ў Купалаўскім», перадпрэм’ера якога адбылася ў ліпені 2019 года, працягнецца і падчас юбілейнага сезона.

«Купалаўскі адкрывае сэрца» — гэты праект, скіраваны на моладзь і падлеткаў, якія патрабуюць дадатковай апекі і дапамогі, і ўвогуле на маладое пакаленне.

Для школьнікаў распачнецца спецыяльная адукацыйная праграма. Яе мэта — фарміраванне і развіццё творчай здольнасці вучняў, аналітычнага і творчага мыслення, выхаванне любові да літаратуры, тэатра, беларускай мовы, стымулявання творчага самавыяўлення.

На што схадзіць у Купалаўскі ў юбілейным сезоне

Самую масавую пастаноўку ў гісторыі тэатра спектакль «Паўлінка» плануецца паставіць на радзіме Янкі Купалы — вёсцы Вязынка. У снежні сёлета адбудзецца прэм’ера спектакля «Кароль Лір», у якім будзе занята амаль уся мужчынская трупа тэатра, галоўную ролю выканае Віктар Манаеў. Сцэнаграфію да спектакля стварае Кацярына Шымановіч — лаўрэат прэстыжнай прэміі імя Івана Ушакова.


Другая прэм’ера напрыканцы 2019 года — новы спектакль акцёра і рэжысёра Рамана Падалякі доўгачаканая пастаноўка з назвай «1» / «Першы». «У кожнага адзіны лёс — мы нараджаемся як адзін чалавек, паміраем як адзін чалавек; першыя пачуцці: каханне, пацалунак, расчараванне, страта», — так рэжысёр апісвае галоўную ідэю пастаноўкі. Яна будзе створана ў жанры вербацім («дакументальны тэатр») паводле аднайменнай п’есы, напісанай разам з Міхаілам Зуем, — іх супраца атрымала ўвасабленне ў інсцэніроўцы да спектакля «Радзіва «Прудок». Адной з шматлікіх ідэй Рамана Падалякі — тэатральная кампазіцыя па візуальных творах Міхаіла Анемпадыстава «Колер Беларусі», у якой будуць яднацца яго вершы, успаміны пра яго, яго карціны і песні.
Пад назвай «Мой Шагал» у студзені 2020 года на галоўнай сцэне адбудзецца прэм’ера вядомага расійскага рэжысёра Сяргея Зямлянскага.


Напрыканцы сезона плануецца чаканая прэм’ера адноўленай пастаноўкі спектакля «Тутэйшыя», забароненага з 1926 па 1990-я годы. У 1990-х гэты спектакль стаў па-сапраўднаму культавым і ў 1992 годзе атрымаў Дзяржаўную прэмію Беларусі. «Паставіць Купалу ў Купалаўскім тэатры ў юбілейны сезон — мы павінны гэта зрабіць», — адзначыў мастацкі кіраўнік Купалаўскага Мікалай Пінігін. Ён спадзяецца, што прысутнасць у якасці кіраўніка тэатра Паўла Латушкі выведзе дзейнасць тэатра на новы ўзровень.


Пасля прэс-канферэнцыі для прадстаўнікоў СМІ адбылася экскурсія, якую правяла Вольга Бабкова — кіраўнік літаратурна-драматургічнай часткі Купалаўскага тэатра.

Фота аўтара

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: