TuzinFM падаў у суд на мінскіх ідэолагаў

Начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай працы Мінгарвыканкаму Павел Скалабан не дазволіў жывую прэзентацыю альбома Алеся Дзянісава «Кароткая гісторыя Беларусі». TuzinFM палічыў гэтае рашэнне незаконным і падаў заяву ў суд.
Павел Скалабан, фота minsknews.by

Павел Скалабан, фота minsknews.by


Так выйшла, што сын знакамітага архівіста і гісторыка Павел Скалабан забараніў праводзіць прэзентацыю музычнай праграмы, прысвечанай гісторыі Беларусі. Альбом «Кароткая гісторыя Беларусі» на словы Алеся Чобата музыка Алесь Дзянісаў прэзентаваў на TuzinFM на пачатку лета, а 16 верасьня мелася адбыцца жывая прэзентацыя ў Менску. Адпаведная заява на атрыманне гастрольнага пасведчання была накіраваная ў Мінгарвыканкам.

Але пасля таго, як галоўнае ўпраўленне папрасіла прадаставіць тэксты песень, якія будуць выконвацца на канцэрце, у выдачы гастролькі было адмоўлена. Адметна, што ў адказе кіраўнік ідэалагічнага ўпраўленьня Скалабан упершыню спаслаўся на Кодэкс «Аб культуры» (раней канцэрты не дазваляліся са спасылкаю на ўказ кіраўніка дзяржавы №257, на пункт, у якім вялося пра прапаганду вайны, экстрымізму ды іншага).



Згодна з п.1.3 арт. 215 Кодэкса Рэспублікі Беларусь «Аб культуры», на які спасылаецца ідэоляг,  падставай для адмовы ў правядзенні канцэрту з’яўляецца «заключэнне мастацкага савета па культурна-відовішчных мерапрыемствах аб нізкім мастацкім узроўні выканання». Адпаведнага заключэння выдадзена не было, а на просьбы хоць нешта патлумачыць з нагоды адмовы, галоўны ідэолаг не адрэагаваў. Таму было прынятае рашэнне абскардзіць дзеянні дзяржаўнага органа ў судовым парадку. Адпаведную заяву арганізатар канцэрту і кіраўнік TuzinFM Сяргей Будкін падаў у Эканамічны суд Мінска.

Я не разумею, якім чынам адбыўся замер мастацкага ўзроўню выканання, хто гэта рабіў, па якіх крытэрах і навошта. У любым разе, вырашаць гэтае пытанне мусяць самі слухачы, а не чыноўнікі ў кабінетах. Перакананы ў тым, што дзеянні ідэолагаў абсалютна незаконныя. Відавочна, што мы маем справу з цэнзураю. Прыкра, што нам перашкаджаюць падтрымаць Алеся Чобата — аўтара вершаў да гэтага альбому, які цалкам страціў зрок і жыве зусім адзін у сваёй хаце ў Скідзелі. Мы хацелі перадаць яму частку грошай, атрыманых з канцэрту, — распавядае Сяргей Будкін.

Алесь Дзянісаў спявае «Жыды. Сон 1941 году» на словы Алеся Чобата

Арганізатара канцэрту падтрымлівае юрыст праваабарончага цэнтру «Вясна» Валянцін Стэфановіч:

Сам пункт кодэксу «Аб культуры», на які спасылаюцца ідэолагі, парушае заканадаўства. Бо ў Канстытуцыі гарантуецца свабода выказвання свайго меркавання, у тым ліку і ў мастацкай форме. Абмежаванні дапускаюцца толькі ў тых выпадках, калі гэта нясе небяспеку — грамадзкаму парадку, маральнасці, здароўю, правам іншых… А гэта не той выпадак, – тлумачыць праваабаронца.

У заяве, скіраванай у Эканамічны суд, ёсць дзве просьбы: прызнаць дзеянні ўпраўлення ідэалагічнай працы незаконнымі і абавязаць гэтае ўпраўленне выдаць гастрольнае пасведчанне на любую прымальную для арганізатараў дату.   


TuzinFM

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!