Тызенгаўз вяртаецца ў Гродна. У выглядзе кавы

Гродзенцы абралі назву для кавы, якая мусіць зацікавіць турыстаў як брэндавы напой у кавярнях горада. Яна будзе называцца «Тызенгаўз».
belsat.eu

belsat.eu

Якім чынам адбывалася галасаванне і чаму менавіта абрана гэтая назва, распавядае Аляксей Шота, рэдактар Hrodna.life:

 Мы запусцілі анлайн-галасаванне, атрымалі 120 розных прапановаў, праўда, некаторыя паўтараліся, але 120 чалавек прапанавалі нам свае варыянты. Мы з нашай кавай і з экспертамі — гэта гісторыкі Алесь Белы, які займаецца менавіта тэмай ежы і напояў, і Андрэй Вашкевіч з Гродна, — выбралі 9 ці 10 найбольш сэнсоўных варыянтаў і выставілі іх на агульнае галасаванне. Перамог Тызенгаўз, што цалкам лагічна, бо ён стварыў у Гродна першую кавярню, ад яго пачалася культура піцця кавы.

Як кажа Зміцер Захарка, уладальнік адной з гродзенскіх кавярняў, турысту трэба будзе тлумачыць, чаму абрана такая назва:

— На мой погляд, нам, каб прадаць гэтую каву, трэба будзе яшчэ і пастарацца распавесці турысту, патэнцыйнаму пакупніку, хто такі Тызенгаўз і што ён зрабіў, у прыватнасці, для развіцця гродзенскай кававай культуры. Прыйдзецца трошкі распавесці, але такую назву выбралі гродзенцы. Напэўна, гэта будзе месціцца на этыкетцы пакунка кавы.

Кава пад назвай «Тызенгаўз» з’явіцца ў кавярнях Гродна цягам бліжэйшага месяца.

Антоній Тызенгаўз — вядомы мецэнат і дзяржаўны дзеяч. Займаў пасаду гродзенскага старосты пры Станіславе Панятоўскім.

Паводле racyja.com


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: