У атмасферы сакрэтнасці: у Купалаўскім прайшоў закрыты перадпрэм'ерны паказ «Паўлінкі»

У Купалаўскім тэатры адбыўся закрыты перадпрэм'ерны паказ спектакля «Паўлінка». Пра гэта TUT.BY паведамілі некалькі не звязаных паміж сабой крыніц.
Сцэна са спектакля «Паўлінка». Архіўная выява. Фота: kupalauski.by

Сцэна са спектакля «Паўлінка». Архіўная выява. Фота: kupalauski.by

У прэс-службе Купалаўскага TUT.BY паведамілі, што ў іх няма інфармацыі аб такім паказе. Па іх словах, асобныя структурныя падраздзяленні тэатра працягваюць заставацца на прастоі.

Па інфармацыі крыніц журналістаў са старой трупы на сцэну выйшлі літаральна некалькі чалавек. Астатнія акцёры набраныя ў Купалаўскі праз кастынг.

Прычым сёння, 28 снежня, адбыўся ўжо не першы перадпрагляд. Перад гэтым паказ «Паўлінкі» прайшоў 26 ці 27 снежня.

Як адзначаў яшчэ 14 снежня міністр культуры Анатоль Маркевіч (цытата па телеграм-каналу ведамства), гаворка пра «новую версію знакамітага спектакля «Паўлінка».

Па журналісцкай інфармацыі, гаворка ідзе пра тую ж версію спектакля, што ў мінулым сезоне паказваўся ў Купалаўскім. Апошні раз касметычную рэдакцыю спектакля ўжо ў 2010-я гады ажыццяўляў рэжысёр Мікалай Пінігін. Па адной версіі, акцёры, што засталося ў трупе, самі ўводзілі новых калегаў у пастаноўку. Па іншай, з імі ўсё-ткі працаваў нейкі рэжысёр. Але хто менавіта, пакуль невядома.

На сайце Купалаўскага тэатра адсутнічае якая-небудзь інфармацыя пра прэм'еру «Паўлінкі», квіткоў у продажы няма.

Асноўная частка трупы Купалаўскага сышла з тэатра ў жніўні ў знак пратэсту супраць звальнення дырэктара тэатра Паўла Латушкі і агульнай сітуацыі ў краіне. На дадзены момант са старога складу засталося ўсяго 12 чалавек.

Першапачаткова на сцэне тэатра выступалі гастралёры. Спярша ансамбль «Харошкі» (прычым трапіць на іх канцэрт можна было літаральна праз пашпартны кантроль), затым аркестр Фінберга, на адным з канцэртаў якога прысутнічала каля 10 гледачоў, хор імя Цітовіча і ансамбль «Галасы ЗМеста», якія выконваюць з'едлівыя песні пра пратэсты, дваровыя чаты, пра Паўла Латушку, Святлану Ціханоўскую, Марыю Калеснікаву і палітычную сітуацыю ў Беларусі.

Паралельна з апошнімі выступамі ў Купалаўскім з 11 лістапада пачаліся праслухоўванні ў новую трупу.

Па журналісцкай інфармацыі, аб наборы ў тэатр папрасілі тыя акцёры Купалаўскага, якія засталіся ў трупе. Неўзабаве пасля гэтага з Міністэрства культуры сталі тэлефанаваць у абласныя тэатры Беларусі. Іх кіраўніцтву прапаноўвалі высветліць, ці няма ў акцёраў жадання паспрабаваць свае сілы ў Купалаўскім. Гэтую інфармацыю журналістам пацвердзілі ў трох тэатрах. Мяркуецца, што іх колькасць была куды большай.

Мяркуючы па ўсім, жадаючых сярод іх знайшлося няшмат. Таму на праслухоўванне прапанавалі адправіць студэнтаў універсітэта культуры. У тым ліку сваіх студэнтаў прывяла Зінаіда Пасюціна, прафесар кафедры тэатральнай творчасці ўніверсітэта культуры. Вясной 2021 года яны выпускаюцца з ВНУ, таму могуць размеркавацца ў Купалаўскі. Таксама на пробах у лістападзе прысутнічалі студэнты іншых курсаў, а таксама з Бабруйска, Гомеля, Маладзечна.

У камісіі знаходзіліся акцёры, тыя, што засталіся ў трупе, а таксама тагачасны міністр культуры Юрый Бондар.

Журналісты выказваюць здагадку, што ўзровень удзельнікаў не задаволіў камісію. 14 снежня новы міністр Анатоль Маркевіч паведаміў, што кастынг працягваецца. Інфармацыя пра гэта з'явілася на тэлеграм-канале Міністэрства культуры.

Па словах міністра, на той момант было набрана больш за 20 акцёраў. Тым не менш, прозвішчы гэтых акцёраў да гэтага часу невядомыя. Падрыхтоўка да прэм'еры праходзіць у атмасферы поўнай сакрэтнасці.

Як казаў Анатоль Маркевіч, першы паказ «Паўлінкі» папярэдне намечаны на першую дэкаду студзеня 2021 года.

Тым не менш, па інфармацыі журналістаў, магчымая сітуацыя, калі квіткі на прэм'еру не будуць прадавацца. У такім выпадку трапіць у залу можна будзе толькі па запрашальніках.

П'еса Янкі Купалы «Паўлінка» была напісана ў 1912 годзе і ўпершыню пастаўлена ў 1913-м. На сцэне Купалаўскага п'еса была пастаўлена ў час вайны, у 1944 годзе ў Томску, калі тэатр быў у эвакуацыі.

Па вяртанні ў вызвалены Мінск фінал спектакля вырашылі зрабіць больш шчаслівым — Паўлінка ўцякае разам са сваім каханым супраць згоды бацькоў. Пасля гэтага пастаноўка рэжысёра Льва Літвінава стала класікай, сюжэт і мізансцэны амаль не мяняліся.

З 1944 года спектакль нязменна знаходзіцца ў рэпертуары тэатра. Доўгія гады менавіта паказам «Паўлінкі» адкрываўся новы сезон.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: