У Беларусі адкрываецца пляцоўка па продажы беларускага мастацтва без прыбытку для арганізатараў

Анлайн-гіпермаркет 21vek.by сумесна з XO-галерэяй і пры партнёрстве культурнай установы ARTONIST арганізавалі бескантактны продаж прадметаў беларускага мастацтва. Праект стаў працягам акцыі #АртНаКарантине, якую ў красавіку запусціў ARTONIST, каб падтрымаць беларускіх мастакоў у перыяд пандэміі.
У анлайн-гіпермаркеце 21vek.by на базе існуючага каталога з'явіўся раздзел «Прадметы мастацтва», дзе прадаюцца прадметы беларускага мастацтва коштам да 2000 рублёў. Арганізатары не разлічваюць на прыбытак: нацэнка на творы мастацтва ўключае ў сябе толькі падаткі і пакрыццё спадарожных выдаткаў.

Асноўная мэта праекта — пазнаёміць шырокую публіку з працамі маладых беларускіх мастакоў, даць магчымасць купіць працы анлайн і атрымаць іх з дастаўкай на дом бескантактава.

«Мы цэнім беларускае мастацтва і хочам звярнуць на яго ўвагу нашых кліентаў. Для гэтага ў нас ёсць усе магчымасці: уласная лагістыка па ўсёй краіне, аўтаматычная апрацоўка замоваў, і сапраўды высокая папулярнасць сэрвісу — наш сайт штомесяц наведвае да 50% інтэрнэт-аўдыторыі Беларусі», — кажа Сяргей Вайніловіч, сузаснавальнік і кіраўнік 21vek.by.

Прадстаўленыя ў каталогу працы праходзяць абавязковы адбор, амаль з усімі аўтарамі арганізатары знаёмыя асабіста. «Таму пакупнік можа даверыцца сваім уражанням і выбраць тое, што сапраўды па душы, абапіраючыся на нашы кампетэнцыі і прафесійны вопыт», — кажа адна з арганізатараў праекта, мастацтвазнаўца і куратар ХО-галерэі Ірына Кандраценка.

Каталог пастаянна папаўняецца. Каб прапанаваць свае працы, мастакі могуць запоўніць заяўку. Арганізатары прымаюць жывапіс, графіку, ДПМ, фатаграфію, скульптуру і гэтак далей коштам да 2000 рублёў. З-за лагістыкі арганізатары пакуль будуць аддаваць перавагі работам, якія тэрытарыяльна знаходзяцца ў Мінску і Мінскай вобласці або могуць быць хутка дастаўлены ў Мінск.

Паводле reform.by

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: