У беларускі пракат выходзіць першы фільм на ўкраінскай мове

Фільм-прарыў ўкраінскага кіно «Мае думкі ціхія» («Мої думкі тихі») выходзіць у беларускі пракат з 27 лютага. Гэта першы за шмат гадоў украінскі фільм, які выходзіць у пракат у Беларусі і першы фільм, які будзе паказаны ў беларускіх кінатэатрах на ўкраінскай мове.
Кінадэбют Антоніа Лукіча — свежая і вынаходлівая камедыя, заснаваная на рэальных падзеях. Дваццаціпяцігадовы Вадзім жыве тым, што запісвае і прадае самыя розныя гукі. Зрэшты, ён з радасцю аддаў бы ўсё, што мае, за магчымасць пачаць жыццё зноўку ў далёкай і цудоўнай Канадзе. Таму ён без роздумаў згаджаецца на працу, якая можа ўвасобіць яго мару ў жыццё. Вадзім адпраўляецца ў Закарпацце запісваць гукі жывёл і рэдкіх птушак. Аднак сітуацыя трохі ўскладняецца тым, што кампанію Вадзіму ў падарожжы складзе мама...

Карціну «Мае думкі ціхія» ў 2019 годзе на МКФ у Карлавых Варах узнагародзілі спецыяльным прызам журы конкурсу «Да Усходу ад Захаду». На кінафестывалі ў Адэсе стужка атрымала Прыз ФІПРЭСІ лепшаму ўкраінскаму поўнаметражнаму фільму, прэмію за лепшую жаночую ролю, прыз глядацкіх сімпатый, а таксама — спецыяльную згадку журы (Андрэй Лідагоўскі). На 26-м «Лістападзе» карціна таксама стала ўладальніцай спецыяльнай згадкі журы конкурсу «Маладосць на маршы» ( «За крэатыўнае даследаванне новых шляхоў расказаць пра сваю краіну»). На працягу пяці дзён фестывалю фільм трымаўся ў топе глядацкага галасавання.

Убачыць «Мае думкі ціхія» можна з 27 лютага па 4 сакавіка ў «Піянеры», Silver Screen Galileo, VOKA Cinema by Silver Screen і па 11 сакавіка ў Falcon Club Буцік Кіно.

27 лютага ў 19.00 у кінатэатры «Піянер» перад паказам фільма з кароткім уступным словам выступіць Пасол Украіны ў Рэспубліцы Беларусь Ігар Кізім.

 Паводле прэс-рэлізу

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: