У Брэсце адчынілася выстава, прысвечаная 455-годдзю Брэсцкай Бібліі

На выставе можна пабачыць факсімільныя копіі ўнікальных гравюр гістарычнага выдання.
У брэсцкім Музеі гісторыі горада адбылося ўрачыстае адкрыццё выставы, прысвечанай Брэсцкай Бібліі. Мерапрыемства праводзіцца ў межах святкавання 455-х угодкаў з дня яе выдання.


Кажа дырэктар музея Святлана Тамчук:
– Мы прэзентуем вам выставу 2о факсімільных копій гравюр з нашай Брэсцкай Бібліі. Гэты праект доўга рыхтаваўся. І я ўдзячная нашай Нацыянальнай бібліятэцы, у якой ёсць поўная адлічбаваная электронная версія гэтай кнігі, і яны пайшлі нам насустрач і выбралі найбольш цікавыя, найбольш значныя гравюры. І я думаю, калі вы паглядзіце на іх, вы зразумееце, што на самой справе 455 гадоў таму быў створаны ўнікальны шэдэўр кнігадруку.  

Брэсцкая Біблія – гэта другі поўны пераклад святога пісьма на польскую мову, выдадзены ў 1563 годзе на сродкі канцлера Вялікага Княства Літоўскага Мікалая Радзівіла Чорнага. Помнік беларускага кнігадрукавання XVI стагоддзя, асобнікі захоўваюцца ў Расейскай дзяржаўнай бібліятэцы ў Маскве, Цэнтральнай бібліятэцы Акадэміі Навук Літвы і ў Ягелонскай бібліятэцы ў Кракаве. Няпоўны экзэмпляр захоўваецца ў Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Якуба Коласа НАН Беларусі.


Беларускае Радыё Рацыя

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!