У Брэсце з аншлагаў пачаўся ўнікальны гастрольны тур спектакля «Радзіва «Прудок»

17 ліпеня ў Брэсцкім акадэмічным тэатры драмы адбыліся два паказы пастаноўкі Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы «Радзіва «Прудок». Абодва спектаклі прайшлі з аншлагам – білеты былі распрададзеныя яшчэ за тыдзень. Менавіта з Брэста пачаўся ўнікальны для Купалаўскага тэатра гастрольны тур «Палескія хронікі», які закране таксама Пінск, Калінкавічы і Гомель.

Спектакль Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы «Радзіва «Прудок» створаны па аднайменнай кнізе пісьменніка Андрэя Горвата. У ёй у фармаце мастацкіх facebook-дзённікаў аўтар расказвае пра свой пераезд з Мінска ў хату свайго дзеда ў вёсцы Прудок, пра вяртанне да каранёў і роднай зямлі. Выдадзеная ў 2017 годзе кніга з’яўляецца адным з самых папулярных твораў сучаснай беларускай літаратуры, які стаў часткай праекта MOVABOX і лаўрэатам літаратурнай прэміі імя Ежы Гедройца. 

У канцы 2017 года акцёр і рэжысёр Раман Падаляка зняў па матывах кнігі кароткаметражны фільм «Ягор», які атрымаў прыз глядацкіх сімпатый на фестывалі velcom Smartfilm. У 2018 годзе пры падтрымцы кампаніі velcom | A1 кніга стала паўнавартасным спектаклем у тэатры Янкі Купалы, рэжысёрам пастаноўкі выступіў таксама Раман Падаляка. Ролі ў спектаклі выканалі акцёры Міхась Зуй, Дзмітрый Ясеневіч і Святлана Анікей, якая ўвасабляе на сцэне 8 персанажаў! За першыя ж месяцы паказаў «Радзіва «Прудок» стаў адным са спектакляў Купалаўскага тэатра, квіткі на які найбольш паспяхова прадаюцца. 

«Больш за год таму, калі стварэнне спектакля па кнізе Андрэя Горвата толькі пачыналася, ніхто з нас нават не марыў аб гучным поспеху і аншлагах у залах – мы проста рабілі справу, якой літаральна жылі і дыхалі. Натхняльная гісторыя нашага сябра і былога калегі, жаданне пераказаць і раскрыць глыбокі сэнс першакрыніцы выразнымі сродкамі тэатра ў спалучэнні з падтрымкай партнёраў у асобе velcom | A1 сінтэзавалася ў вынік, якім мы сапраўды ганарымся і які рады прадставіць публіцы ў беларускіх гарадах. Шчыра дзякую брэсцкім гледачам за тое, што сёлетняе творчае падарожжа спектакля «Радзіва «Прудок» пачалося на такой цёплай ноце», – адзначыў рэжысёр спектакля Раман Падаляка

Спектакль запамінаецца не толькі бліскучай акцёрскай работай – яго атмасферу паспяхова ўвасобілі 50 арыгінальных музычных трэкаў, напісаных самімі ўдзельнікамі трупы ў складзе Pilip.studio, і намаляваныя ад рукі складаныя светлавыя праекцыі. Касцюмы стварыла сцэнограф Кацярына Шымановіч – за іх мастачка атрымала ганаровую прэмію імя Івана Ушакова. За год адбылося больш за 40 яго паказаў, якія сабралі звыш 4000 гледачоў. 10-дзённы тур «Палескія хронікі», які пачаўся двума паказамі ў Брэсце, працягвае дасягнуты поспех. 

«Cупрацоўніцтва velcom | A1 і Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы – гэта наглядная ілюстрацыя вялікага патэнцыялу развіцця партнёрства мастацтва і бізнесу. Падтрымка спектакля «Радзіва «Прудок» – гэта адначасова развіццё беларускай культуры, мовы, літаратуры і тэатра. Сімвалічна, што гастрольны тур «Палескія хронікі» пачаўся ў Брэсце ў той час, калі горад рыхтуецца адзначыць сваё 1000-годдзе і з’яўляецца культурнай сталіцай СНД. Гэта магчымасць прадэманстраваць як мага больш шырокай аўдыторыі ўсё, чым адметныя Беларусь і яе жыхары», – адзначыў кіраўнік групы па карпаратыўнай сацыяльнай адказнасці кампаніі velcom | A1 Віктар Пазнякоў

Падтрымку пастаноўцы спектакля аказала Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь. Генеральны партнёр пастаноўкі і тура «Палескія хронікі» – кампанія velcom | A1, пры дапамозе якой убачыць спектакль змогуць жыхары поўдня Беларусі. Акрамя Брэста, паказы «Радзіва «Прудок» у рамках тура пройдуць 20 ліпеня ў Пінску, 23 ліпеня ў Калінкавічах і 26 ліпеня ў Гомелі.

Паводле прэс-рэліза

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Культура: галоўнае

Больш цікавага на «Новым Часе»: