У час Хэлоўіна музей «Аліварыя» кліча на «Жахі найстарэйшага піўзавода»

У гонар Дня ўсіх святых 31 кастрычніка і 1 лістапада адзіны ў Беларусі музей піваварэння «Аліварыя» арганізуе самую страшэнную экскурсію ў годзе «Жахі найстарэйшага піўзавода». Наведвальнікаў чакае незабыўная падзея восені і трохі хэлоўінскага вар'яцтва.
Піваварня з найбагацейшай у Беларусі гісторыяй – бадай што, самае прыдатнае месца для нечысці, якая прызямліцца ў свеце аматараў піва, каб павесяліцца не на жарт і раскрыць усе тайны найстарэйшага піўзавода. Адчуванні, што ледзяняць душу, непадробленыя эмоцыі і мора ўражанняў – усё гэта вы атрымаеце, пабываўшы на жудаснай экскурсіі.

Гадзінная экскурсія пройдзе ў гістарычным будынку піваварні і будзе суправаджацца займальным расповедам пра яго шматгадовую гісторыю, якая захоўвае мноства цёмных таямніц і сакрэтаў і па гэты дзень.

У страшна гасціннай атмасферы ў наведвальнікаў будзе магчымасць асабіста пагутарыць з духамі завода (і не толькі піўнымі!), якія насяляюць ягоныя сцены. А каб духі «Аліварыі» прынялі вас за свайго – прыходзьце ў касцюме, які адпавядае святу, і атрымаеце ад іх сюрпрыз.

Ну а пасля таго, як вы паказычаце сабе нервы і вернецеся са змрочнага падарожжа (не факт!), вы зможаце пачаставацца куфлем піва «Аліварыя» на дэгустацыі ў выставачнай зале музея.

Запісацца на экскурсію можна па спасылцы

Папярэджанне: непаўналетнім і ўражлівым уваход забаронены.

Прыберажыце свае нервы, бо будзе страшна атмасферна!

***
Што: экскурсія «Жахі найстарэйшага піўзавода»

Дзе: музей піваварэння «Аліварыя», Мінск, вул. Кісялёва, 30

Калі: 31 кастрычніка, 18.00 і 19.00; 1 лістапада, 17.00 і 18.00

Дрэс-код: нечысць вітаецца

Колькасць месцаў абмежаваная (не больш за 15 чалавек у групе).

Уваход платны, узроставая катэгорыя18+.

Дадатковая інфармацыя: +375 29 500 17 55, museum@alivaria.by.

Паводле прэс-рэлізу


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!