У Друі на заканчэнне пленэра біскуп Буткевіч і Піт Паўлаў праспявалі «Тры чарапахі»

У Друі 24 ліпеня Святой Імшой, якую ўзначаліў біскуп Віцебскі Алег Буткевіч, завяршыўся пленэр «Пачаткі-II», — праект пробашча Троіцкай парафіі кс. Сяргея Сурыновіча, па запрашэнні якога гэтым разам у мурах кляштара на тыдзень пасяліліся 30 мастакаў — мэтраў і пачаткоўцаў.


Апошні дзень пленэра адначасова стаўся вернісажам — мастакі прадставілі як скончаныя працы, так і мноства эскізаў, якія з часам ператворацца ў паўнавартасныя палотны. Частка працаў засталася ў галерэі кляштара.



Нягледзячы на ўмову  — пакінуць у кляштары адну карціну, — шмат хто з мастакоў пакідаў дзве ці тры працы ў якасці падзякі за гасціннасць гаспадара і створаную ім атмасферу натхнення.




Моцныя працы пакінулі ў кляштары Кацярына Говен, Уладзіслаў Пятручык, Павел Чарняўскі, Анастасія Міронцава, Вольга Сазыкіна, Дзмітрый Сурыновіч.

Сярод здабыткаў кс. Сурыновіча — два ягоныя партрэты. Пісаць партрэты пробашча пачалі многія мастакі, — частка з іх будзе дапрацаваная ў мінскіх майстэрнях. Марта Шматава пабачыла Друю ў выглядзе дзяўчыны з сінімі косамі і чырвонымі каралямі, Алесь Пушкін намаляваў маштабную “Краіну Друю”: жывапісную мапу жывога паселішча, цэнтральныя персанажы якой — святар і мастак.



Напярэдадні вернісажу кс. Сурыновіч з шрубавёртам дапамагаў мастакам развешваць палотны, шукаючы для іх найлепшыя ракурсы. Увогуле, стварэнне значнай часткі эцюдаў не абышлося без парадаў пробашча, мэта якога — папулярызацыя Друі, яе духоўнага патэнцыялу і слаўнай мінуўшчыны.



За гадзіну да імшы мастакі пераўвасобіліся — зніклі працоўныя камбінезоны, частка з творцаў засяродзілася на малітве.



Біскуп Буткевіч прысвяціў сваю гамілію сэнсу малітвы “Ойча Наш”, кожнае слова якой набывае, калі ідзецца пра творчасць, асаблівы сэнс, а таксама засцярог ад празмернага захаплення плёнамі сваёй творчасці, нагадаўшы, што талент мастака — усяго толькі прылада Боскай рукі.




Таксама біскуп Віцебскі падкрэсліў, што засяроджанасць на творах мастацтва, ператварэнне іх у самамэту, — набліжае да паганства, калі не натхняецца прагай праслаўляць Божую волю і Божую ласку.

Адразу пасля імшы перад мастакамі і мясцовымі вернікамі выступілі майстры слова і музыкі — мінскі фолкавы калектыў “Рутвіца”, рок-музыка Піт Паўлаў і паэт Уладзімір Някляеў.



У прыватнасці, біскуп Буткевіч і музыка Паўлаў разам выканалі пад гітару знакамітую песню «Тры чарапахі». Парафіяне вельмі эмацыйна прынялі выступ гасцей, але асаблівы ажыятаж выклікалі карціны: маладыя і сталыя вернікі захоплена аглядалі знаёмыя пабудовы і краявіды, дзівячыся гульні фарбаў і мастацкага ўяўлення творцаў.



Друйская калекцыя працаў будзе вандраваць па беларускіх залах. Летам жа наведвальнікі Друі, якіх у гэты час звычайна шмат,  змогуць наведваць сапраўдную галерэю, моцны і разнастайны змест якой ужо сёння можна параўноўваць з пляцоўкамі сучаснага мастацтва буйных гарадоў.


krynica.info

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: