У Друі пачаўся мастацкі пленэр «Пачаткі II»

У Друі ў парафіі Найсвяцейшай Тройцы 18 ліпеня пачаўся мастацкі пленэр «Пачаткі» — дзецішча настаяцеля парафіі, кс. Сяргея Сурыновіча, аматара жывапісу, мара якога — стварыць у Друі галерэю сучаснага мастацтва, працы якой не саступалі б па насычанасці і экспрэсіі сталічным арт-залям.


У мінулым годзе, калі кс. Сурыновіч праводзіў пленэр упершыню, гутарка ішлася пра сітуацыйны праект. Цяпер жа відавочна — у Беларусі з’явіўся новы фестываль сучаснага жывапісу, канцэпцыя якога адраджае повязь Царквы і мастацтва, пераасэнсаваную ў свой  час мастакамі  Сярэднявечча.


Частка творцаў прыехала ў Друю ў другі раз, іншыя — упершыню. Маладыя мастакі, навучэнцы Акадэміі Мастацтваў, прайшлі “кастынг талентаў”, да якога далучылася маладая мастачка і арт-менеджэр Вольга Куваева, у творчасці якой асобнае месца займае сакральны накірунак.


Друя

Мастакі, — а іх больш за 30, сярод іх — Алесь Пушкін, Алесь Суша, Дзмітрый Сурыновіч — цягам тыдня будуць ствараць палотны аб Друі і святыні, багатых фарбамі і формамі  наваколллях і унутраных зрухах душы, якая занурылася на час пленэру ў незвычайны свет, прасякнуты атмасферай суіснавання хуткаплыннага і адвечнага.


Друя

Мастакі пачалі прыязжаць у Друю яшчэ ранкам 16 ліпеня і ўжо ўвечары частка з іх усамотнілася ў абраных месцах, пакінуўшы ў пакоях-келлях рэчы і рыштунак. Афіцыйнае адкрыццё пленэру адбылося 17 ліпеня падчас вячэрняй Святой Імшы, якую ўзначаліў госць — Апостальскі візітатар для грэка-католікаў Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек. Кіраўнік Беларускай Грэка-каталіцкай Царквы атрымаў падарункі — палатно славутага мясцовага мастака Яна Рыдзікі, а таксама працу Алеся Пушкіна. Дорачы сваю карціну — друйскі краявід, зроблены ў 17 гадоў, калі будучы мэтр упершыню патрапіў у Друю, — мастак апавядаў пра постаць святара і перакладчыка Бібліі кс. Уладзіслава Чарняўскага. Юнацтва кс. Чарняўскага прайшло ў мурах друйскага кляштара, пад апекай манаха-марыянаў, — і маладым чалавекам у Друю патрапіў сам Пушкін. Цяпер Алесь Пушкін працуе ў sanctum sanctōrum кс. Чарняўскага — бярэ ўдзел у рэстаўрацыі касцёла ў Вішнева, глыбынна ўваходзячы ў спадчыну святара.


Друя

Яшчэ адну слынную постаць, крокі якой памятаюць друйскія муры, уваскрасіў перад слухачамі бард Арцём Сітнікаў, выканаўшы песню на словы святара Язэпа Германовіча — асветніка і беларусізатара, аднога з волатаў “марыянскага адраджэння” у Друі у першай палове мінулага стагодддзя.

Парафіяльны скрыпічны ансамбль, якім кіруе праваслаўная настаўніца Валянціна Казакевіч, мэта якой — навучыць сапраўднаму музычнаму майстэрству вясковых дзяцей, у тым ліку, сіротаў з дзіцячага дома, — нагадаў пра ўрост друйскага кляштара сваеасаблівым чынам, падрыхтаваўшы новую музычную праграму, складзеную з твораў XVI–XVII стагоддзяў.

“Асноўная мэта пленэру ў старажытных мурах — дыялог рэлігіі і мастацтва, будаўніцтва перспектываў мастоў, пошук агульнай гамы, дэталізацыя адценняў сугучча і сумоўя”, — апавядае пра сваю задуму кс. Сяргей Сурыновіч.

Урачыстае закрыццё пленэра і вернісаж адбудуцца 24 ліпеня ў 10.00 пры ўдзеле біскупа Віцебскага Алега Буткевіча.


krynica.info

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: