У гомельскім філіяле Веткаўскага музея вучылі рабіць свойскае масла

Філіял Веткаўскага музея ў Гомелі цягам каляндарнага года арганізуе дужа шмат розных тэматычных імпрэзаў. Завяршэнне Масленічнага тыдня не стала выключэннем.
У музей, каб распавесці пра святкаванне масленкі, завітала супрацоўніца Акадэміі навук Алена Ляшкевіч.

Гомельшчына як частка Палесся характэрызуецца тым, што тут на Масленку ўжо пачыналі гукаць вясну. Для гэтага рэгіёна характэрныя такія сімвалы і атрыбуты, як птушынае печыва (печыва ці булачкі ў форме птушак. — заўв. аўт.), цяганне калодкі, вясновыя спевы, масленічныя Дзяды ды спальванне пудзіла, — распавяла Алена Ляшкевіч.  

Пасля цікавай лекцыі пачаліся традыцыйныя беларускія танцы, якім сталыя наведнікі музея вучылі тых, хто прыйшоў упершыню.

Пакуль дарослыя танчылі пад гармонік, дзеці з вялікім задавальненнем білі ў ступе масла. Яго мог паспрабаваць кожны жадаючы падчас вячэры, якую рыхтавалі самі наведнікі: хтосьці напёк ды прынёс блінцоў, хтосьці зрабіў мачанку, хтосьці — сыр і тварог.

Безумоўна, імпрэза атрымалася вельмі жывая, — падзялілася ўражаннямі Алена Ляшкевіч. — Файна, што гомельская супольнасць мае магчымасць часта бачыцца — філіял праводзіць свае мерапрыемствы амаль штомесяц. Гэта такая кропка прыцягнення, культурны цэнтр. І такая рэгулярнасць — даволі ўнікальная з’ява ў межах Беларусі.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!