У гонар Стэфана Баторыя (фота)

Урачыстасці, прысвечаныя 430 гадавіне смерці палітычнага і вайсковага дзеяча, выбітнага ўладара Рэчы Паспалітай Стэфана Баторыя, прайшлі ў Гародні.

На падворку Новага Замку гарадзенцаў вітала гусарская харугва гетмана Станіслава Жалкеўскага.

Рэканструктары старадаўняга шляхецкага строю і баявога гусарскага рыштунку прыехалі з розных мясцін польскай дзяржавы і прадэманстравалі жывую традыцыю культуры Рэчы Паспалітай канца 16-га — пачатку 17 стагоддзя. Крылатыя гусары ў сваім цяжкім узбраенні, задзірыстыя шляхцюкі і высакародныя шляхцянкі  ў пекных строях валадарылі  на замкавым двары.



Кожны ахвочы мог сфатагравацца з рыцарствам  нашае даўняй дзяржавы альбо з прыгожай панначкай, патрымаць у сваіх далонях шаблю, апрануць гусарскі шалом і ўбачыць як выглядаў гэты знакаміты вершнік Рэчы Паспалітай на сапраўдным кані, што ў свой час наводзіў жах на маскавіта, турка, шведа і татарына.


Гарадзенцы мелі рэдкую магчымасць адчуць эпоху караля Стэфана Баторыя  і ўзгадаць гэтага выбітнага рыцара Рэчы Паспалітай, які так шмат зрабіў для Гародні. З Гародні ён пайшоў у лепшы свет і  тут,  на гарадзенскай зямлі, быў спярша пахаваны.



Эдвард Дмухоўскі, Гарадзенская вясна

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: