У Горадні знік музей Быкава... ТОП-5 прычын таго, чаму гэта не трагедыя

Апошнімі днямі стужка навінаў поўная мэсіджаў, маўляў, у Горадні знішчаюць музей Быкава, ніхто не дае на яго грошай, усё прапала і г.д. Ці так гэта насамрэч? Давайце разбірацца.
Тое, што з гонарам называлася музеем Быкава, насамрэч было калекцыяй рэчаў, сабраных у невялічкім памяшканні ў офісным будынку на вуліцы Савецкай. Памяшканне належала ветэранскай арганізацыі, а прадметы некалі сабраў пад адным дахам франтавік Мікалай Мельнікаў, які памёр у 2012 годзе.

З таго часу ў музей і трапіць было надзвычай складана — дзверы з раздрукаваным на каляровым прынтары партрэтам класіка, як правіла, былі зачыненыя. Цяпер жа ўся калекцыя перайшла ва ўласнасць дзяржавы, а дакладней у фонды музея Багдановіча, які ёсць філіялам Гарадзенскага дзяржаўнага гісторыка-археалагічнага музея.

Ці трагедыя гэта? На маю думку, не. І вось чаму.

I. Рашэнне самой ветэранскай арганізацыі

Па-першае, рашэнне аб перадачы прынялі самі чальцы ветэранскай арганізацыі, то бок гэта не рэйдарскі захоп, не ліквідацыя, не тлусты чыноўнік ці КДБшнік, які прыйшоў і апячатаў памяшканне. Відаць, сябры арганізацыі нарэшце прагматычна ацанілі сітуацыю: грошай на ўтрыманне няма, узрост ва ўсіх захавальнікаў далёка не малады, планы і перспектывы на развіццё адсутнічаюць.

II. Публічнасць

Як было сказана вышэй, у музей Быкава на Савецкай апошнім часам трапіць было нерэальна. То бок на шыльдзе былі ўказаныя дні (панядзелак і серада), калі варта прыходзіць, але гэта была латарэя... трапіш, не трапіш. Зразумела, музей не меў старонкі ў сеціве, і віртуальна пазнаёміцца з экспазіцыяй, седзячы ў Варшаве ці Маскве, ты не мог. Дзяржаўны ж музей такую магчымасць дае, і некаторыя з новаперададзеных артэфактаў Быкава у нэце ўжо выстаўленыя! Зручна і па-сучаснаму.

III. Калекцыю не раскрадуць і не выкінуць

На жаль, гісторыі школьных і маленькіх прыватных музеяў у Беларусі, як правіла, сумныя. Яны знікаюць, экспанаты разыходзяцца па руках ці трапляюць на сметніцу... Лёс такога музея, як правіла, звязаны з лёсам яго стваральніка і захавальніка: калі той памірае — музею канец. Сумна, але факт.

Так было з музеем акадэміка Карскага у в. Лаша, дзе зачынілася школа, якая была для яго базай (добра, частка экспанатаў трапіла ў гімназію № 1 у Горадні). Так было з бібліятэкай імя Янкі Купалы ў в. Вялікая Кракотка на Слонімшчыне, якая працавала ад часоў ТБШ (1920-я) і знікла недзе каля 2010 года. Безліч аўтографаў, рэліквій, у тым ліку фотаальбом Валянціна Таўлая, проста зніклі. Не кажам ужо пра рэчы з прыватных архіваў Лойкі, Буйло, Азгура і інш., якімі цяпер гандлююць калекцыянеры...

Ветэранская арганізацыя — гэта грамадская структура. Дзяржаўны музей — структура дзяржаўная. Там ёсць улік, фонды і адказнасць за знікненне кожнай драбніцы. Таму тут шанцы захавацца ў артэфактаў у разы большыя.

IV. Фінансавы аргумент

Сярод іншых аргументаў «фэйсбучных плакальшчыкаў» прагучала і нота наконт фінансаў. Маўляў, як так — ніхто на арэнду памяшкання не гатовы даваць грошы, спонсараў няма, усе кепскія. Па-першае, дзе былі тыя «плакальшчыкі», калі музей меў праблемы? Зразумела, у фэйсбуку. Па-другое, фінансаванне такога маштабнага праекта, як музей, мае быць сталым, а не аднаразовым. Скінуцца па 100 даляраў — гэта не справа.

Патрэбная праца менеджара, які будзе сур’ёзна займацца праектам, справаздачыцца, прыцягваць інвестыцыі. Такога чалавека не знайшлося ў самой ветэранскай арганізацыі, таму рашэнне перадаць артэфакты ў іншае месца — цалкам лагічнае. Дзяржаўныя музеі маюць хоць невялікія, але стабільныя грошы, каб захоўваць і экспанаваць свае калекцыі.

V. Пакой ці музей Быкава?

Яшчэ пры жыцці Мельнікава ветэранская арганізацыя неаднойчы звярталася да гарадскіх уладаў наконт стварэння паўнавартаснага музею класіка. Зразумела, калі ў Горадні нават вуліцу на ўскрайку не назвалі ў гонар Быкава, якая размова пра музей?.. Іншая справа — стварэнне пакоя альбо працоўнага кабінета Быкава. І гэта цалкам рэальна.

У музеі Багдановіча і раней былі быкаўскія асабістыя рэчы, якія экспанаваліся ў раздзеле «Гарадзеншчына літаратурная». З ветэранскага музея пасля перадачы да іх дададуцца друкарка, асадка, кашуля ды іншыя артэфакты. Дык чаму не зрабіць у дамку Багдановіча, скажам, на другім паверсе, кабінет Быкава? На першым — дзіцячы пакой Максіма Багдановіча, на другім — кабінеты Быкава, Карпюка, Геніюш, чым кепска? Галоўнае — цалкам рэальна.

Алесь Кіркевіч, фота Аляксандра Саенкі, budzma.by

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!