У Гродна прывезлі помнік Давіду Гарадзенскаму

Помнік Давіду Гарадзенскаму разам з пастаментам вагою амаль у дзесяць тон і вышынёй болей за тры з паловай метры дастаўлены з Мінску ў Гродна. Дату ўсталяваньня вызначылі гродзенскія ўлады, адзначае Радыё Свабода.


З мячом і крыжам Ефрасінні Полацкай

Помнік складаецца зь дзвюх частак: пастамента і самой скульптуры. Ён выкананы са светла-шэрага башкірскага граніту. На пярэднім баку — суровы твар Давіда Гарадзенскага і галава ягонага вернага каня. У левай руцэ, прыціснуўшы да сэрца, князь трымае крыж Ефрасінні Полацкай, а ў правай — меч. У доле — гродзенскі замак часоў Вялікага Княства Літоўскага.


На тыльным баку — шчыт і Каложская царква, побач з якой, паводле легенды, Давід быў пахаваны. На пастамэнце надпіс:

«Славутаму продку, сыну Св. Цімафея (Даўмонта) і Прп. Марфы, мужнаму абаронцу Айчыны са шчырай удзячнасцю ад нашчадкаў Гродзенскай епархіі Беларускай Праваслаўнай Царквы і мецэната Карабача Анатолія Анатольевіча».

Працаваў над помнікам мінскі скульптар Сяргей Аганаў — у конкурсе ягоны праект быў прызнаны найлепшым спаміж трынаццаці. Цяпер помнік на падворку храма Ўсіх Беларускіх Святых.

Сімвал абаронцы Горадні

З фундатарам помніка Анатолем Карабачом звязацца не ўдалося — ягоны тэлефон увесь час недасяжны. Вядома, што ён заснавальнік мінскай фірмы «Хорс-Мотарс», родам з Краснасельскага, што пад Ваўкавыскам. Помнік ствараўся пры падтрымцы Гродзенскай праваслаўнай епархіі. Ейны прадстаўнік, айцец Андрэй Наздрын сказаў Свабодзе, што вельмі ўсцешаны тым, што помнік урэшце даставілі ў Горадню.

«Вы нават не ўяўляеце, колькі давялося прайсці розных інстанцый, каб атрымаць дазволы на ўсталяванне помніка. Але з Божай помаччу нам гэта ўдалося», — кажа айцец Андрэй.

Айцец Андрэй дадае, што ў Горадні, на жаль, амаль няма помнікаў, якія ўслаўлялі б сапраўдных герояў і заслужаных дзеячоў. А вось помнік Давіду Гарадзенскаму, на яго думку, якраз сімвалізуе абаронцу Горадні.

«Помнік зрабілі дзеля таго, каб людзі ведалі сапраўдных гістарычных герояў, каб узгадвалі свае карані, каб ведалі гісторыю сваёй краіны і тое, наколькі нашы продкі былі вартыя, каб іх шанаваць».

Гэта будзе першы помнік, звязаны з гісторыяй Гродна

Помнік будзе ўсталяваны побач з гарадзенскімі замкамі на скрыжаваньні вуліц Давіда Гарадзенскага і Замкавай. Пастамент ужо падрыхтаваны.

Гарадзенскі гісторык Алесь Краўцэвіч кажа, што гэта першы помнік за шмат гадоў, які па-сапраўднаму зьвязаны з гісторыяй Горадні.

«У нас вуліцы называюць дагэтуль імёнамі сакратароў парткамаў або старшынь калгасаў, а помнікі стаяць чужым людзям: Леніну ды Чапаеву. А вось помнік Давіду Гарадзенскаму павінен стаць пачаткам таго, што нам варта ўсталяваць помнікі Вітаўту, Баторыю, Аўгусту Панятоўскаму, Кастусю Каліноўскаму і іншым нашым героям».

Краўцэвіч з сумам дадае, што ў гістарычнай частцы гораду, які некалі быў каралеўскім, калі адкрываюцца новыя кавярні і крамы, ніхто і не падумае, каб назваць каторую ў гонар гістарычных асобаў альбо гістарычных падзеяў, якія адбываліся ў Горадні.

«У любым іншым еўрапейскім горадзе гістарычны каралеўскі дух бы панаваў, а ў нас няма кавярняў „У караля Стаса“ або „Апошні сэйм“. На Новым замку яшчэ дагэтуль вісіць герб Савецкага Саюзу», — кажа Краўцэвіч.

Помнік Давіду Гарадзенскаму адкрыюць у Горадні падчас фестывалю нацыянальных культур — у першы тыдзень чэрвеня.

Давід Гарадзенскі — сын нальшчанскага князя Даўмонта і княжны Марыі Дзьмітрыеўны, унучкі Аляксандра Неўскага.

У 1305 годзе ён разам з Гедымінам разбіў каля Гродна войскі камэнданта Брандэнбурга комтура Конрада Ліхтэнхагена.

У 1306 годзе ўзначаліў паспяховую абарону Гродзенскага замка, які аблажылі 6 тысяч лёгкіх коннікаў і сотня цяжкаўзброеных рыцараў пад камандаваньнем комтура Кёнігсберга Эберхарда Вірнэнбурга.

У 1314 разбіў крыжакоў, што аблажылі Наваградак, і знішчыў увесь варожы абоз, захапіў 1500 коней і ваенную амуніцыю, чым парушыў тактыку крыжакоў, якія раней пры нападах на тэрыторыю ВКЛ трымалі склады харчу ў тыле.

У веснавую паводку 1319 годзе на чале 800 вершнікаў заваяваў прускую вобласць Вагенштоф.

У 1322 дапамог Пскову ў барацьбе з Лівонскім ордэнам, стаўшы на кароткі час князем Пскова, у 1323 годзе разбіў пад яго сценамі дацкае войска і дайшоў да Рэвэля. У тым самым годзе яшчэ раз адкінуў ад Пскова нямецкіх рыцараў, якія трымалі горад у аблозе 18 дзён, а потым разбіў іх.

У сакавіку 1324 г. тры нямецкія рыцары і 600 воінаў спалілі маёнтак Давіда, дзе забілі яго сямʼю і звыш 30 іншых жыхароў. У адказ Давід арганізаваў паход войскаў ВКЛ на Мазовію.

У 1326 годзе на чале атраду з 1200 коннікаў, сярод якіх былі і палякі, зрабіў кінжальны рэйд на Брандэнбург і Франкфурт-на-Одэры. У час гэтага пераможнага паходу немцы падкупілі мазавецкага рыцара Андрэя Госта, і той па-здрадніцку забіў Давіда.

Пахаваны Давід, як лічыцца, каля сцен Барысаглебскага манастыра ў Гродна.

Абмеркаванне:

  • Андрей
  • 2017-12-10 01:37:50
Это не крест Ефросиньи Полоцкой, хватит уже людей болванить. Он по другому выглядит. На Погоне патриарший крест, он использовался католиками и православными. Например такой крест на гербе Венгрии.
Лучший вариант для деятеля ВКЛ - это крест с равноудалёнными перекладинами, как на Статуте ВКЛ.

Каментаваць