У Гродне акцёры згулялі спектакль на фоне аўтазака

У Гродзенскім дворыку на Кірава, 3 26 верасня адбылася творчая сустрэча акцёраў драматычнага тэатра з гараджанамі. Акцёры паказалі ўрыўкі са спектакля «451 па Фарэнгейце», які, як і іншыя пастаноўкі тэатра, былі адмененыя.


На сустрэчу прыйшло каля 400 гарадзенцаў, якіх «ахоўвалі» аўтазак і некалькі таніраваных міліцэйскіх бусікаў з сілавікамі.

Міліцыя з’явілася на месцы сустрэчы раней за ўсіх-за дзве з паловай гадзіны да пачатку. Крыху пазней пад’ехаў аўтазак, сілавікі папярэдзілі гледачоў аб адказнасці за ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве.

Арганізатары адказвалі, што гэтая тэрыторыя — прыватная, і тут сустрэчы такога плану праводзіць можна. Міліцыянты сышлі, але знаходзіліся ў транспарце ўвесь час, пакуль ішла сустрэча. Пасля выступлення артыстаў яны з’ехалі.

Напачатку творчай сустрэчы да гледачоў выйшаў Генадзь Мушперт, галоўны рэжысёр тэатра. «Гэта магчымасць згуляць спектакль, які мы збіраліся, але не змаглі паказаць ўчора, таму што ўчора ўсё закрылася, — сказаў ён. — Гэта Рэй Брэдберы. Мы гуляем яго ўжо чатыры гады, і ён не перастае быць актуальным».

Мушперт папярэдзіў, што-тое, што цяпер гледачы ўбачаць — не спектакль у звычайным значэнні слова:

— Спектакль разлічваецца і рэпеціруецца, з ракурсамі, паваротамі, музыкай. Тут гэтага не будзе, гэта канцэртны варыянт. Але гэта Брэдберы, той, які сказаў «Калі табе дадуць лінаваную паперу…»

— ...пішы ўпоперак! — скончылі хорам гледачы.


Сустрэча доўжылася каля гадзіны. На асабліва актуальныя рэплікі акцёраў гледачы рэагавалі апладысментамі. Пасля паказу артыстаў завалілі кветкамі. Гледачы дзякавалі, а ў акцёраў у вачах стаялі слёзы. Гэта быў іх першы вопыт гульні на вуліцы, без звыклых тэатральных дэкарацый і падмосткаў.

— Я вельмі шчаслівая, што нарэшце ў Гродна вы выйшлі ў двары, да людзей, таму што мы — самая ўдзячная публіка. Думаю, за вамі будучыня, час рабіць свой тэатр, — звярнулася да акцёраў адна з глядачак.

Пасля заканчэння спектакля частка людзей праводзілі акцёраў да тэатра.

— Усе спектаклі адмененыя, але мы не можам жыць без нашых гледачоў, таму вырашылі правесці творчую сустрэчу з гледачамі і згуляць урыўкі з адмененага спектакля "451 градус па Фарэнгейце". Мы не ведаем, калі мы зможам выступаць, — кажуць акцёры.

Ужо тыдзень не сціхае канфлікт вакол драмтэатра, але настрой у акцёраў баявы. «Усё пакацілася як снежны ком, і пакуль ніякай стратэгіі на будучыню няма. Але што відавочна ўжо цяпер-уся гэтая сітуацыя вельмі згуртавала тэатральную трупу, адзін за ўсіх і ўсе за аднаго. Што будзе далей-будзем глядзець, але апускаць рукі ніхто не збіраецца. Акцёры за сабой ніякай віны не бачаць. Часам простаму чалавеку складана зразумець, што такое акцёр. На сустрэчы з Каранікам адзін з акцёраў спытаў — ці можа хірург апераваць, калі ў яго трасуцца рукі? Каранік адказаў — не. І вось калі ў хірурга нешта здарыцца падчас аперацыі і ў яго пачнуць трэсціся рукі, яго адвядуць ад аперацыйнага стала. У нашых акцёраў у нядзелю затрэсліся рукі падчас спектакля. Акцёры жывуць і гуляюць душой, усе тонка адчуваюць», — каментуе сітуацыю прадстаўніца тэатра.


Дырэктар драматычнага тэатра Ігар Гедзіч на дыялог з акцёрамі не ідзе. «Як Карабас-Барабас, які камандуе лялькамі і хоча, каб яму беспярэчна падпарадкоўваліся», — кажуць акцёры.

Атмасфера ў тэатры вельмі напружаная, акцёрам вельмі цяжка. Але вельмі моцна адчуваецца падтрымка людзей, не толькі з Гродна, але і з іншых гарадоў Беларусі і нават іншых краін: «Людзі пішуць у сацсетках, тэлефануюць, падтрымліваюць. Нам у вайбер напісалі нават беларусы з Тайланда — сказалі, што вельмі перажываюць усё тое, што адбываецца ў Беларусі, і хочуць нам дапамагчы».



Канфлікт у Гродзенскім тэатры

20 верасня падчас акцыі пратэсту ў Гродна былі затрыманыя заслужаны артыст Беларусі 64-гадовы Сяргей Курыленка і яго жонка, мастачка Валянціна Харытонава. Іх калегі, даведаўшыся пра гэта, у знак салідарнасці спынілі спектакль, які праходзіў у гэты час. Пра тое, што спектакль не будзе дайграны і пра прычыны такога кроку абвясціў гледачам вядучы акцёр Ігар Уланаў.

22 верасня стала вядома аб звальненні «па пагадненні бакоў» актрысы Лізаветы Мілінцэвіч. Яна была ў ліку артыстаў, якія не дагулялі спектакль. У гэты ж дзень пагутарыць з артыстамі прыехаў старшыня аблвыканкама Уладзімір Каранік. Акцёраў прымусілі пісаць тлумачальныя запіскі.

З 25 верасня Гродзенскі драматычны тэатр перастаў паказваць спектаклі і перайшоў у рэжым рэпетыцый да 3 кастрычніка, хоць у найбліжэйшыя дні амаль усе білеты былі распрададзеныя.

Афіцыйная прычына — эпідэмічная сітуацыя. Хоць упершыню за паўгода з пачатку эпідэміі каронавіруса ў тэатры мог быць аншлаг: на спектакль 25 верасня былі распрададзеныя практычна ўсе квіткі, а на 26 верасня — уся зала. Да гэтага ў тэатры былі практычна пустыя залы. Апошнім часам на спектаклі ў Гродзенскі драматычны тэатр прыходзіла не вельмі шмат людзей. Былі выпадкі, калі акцёры гулялі і для трох чалавек.

У гэты ж дзень стала вядома аб звальненні Ігара Уланава. Раней ён, вядучы майстар сцэны, адмовіўся падпісаць тлумачальную запіску з нагоды спыненага 20 верасня спектакля.

Трое артыстаў — Васіль Мініч, Наталля Лявонава і Сяргей Курыленка — пазбавіліся ўсіх прэмій і даплат на месяц. Яны будуць атрымліваць зарплату каля 100-150 рублёў. Усе яны, як і Ігар уланаў, удзельнічалі ў спектаклі 20 верасня.

Акцёрку Марыю Бутрымовіч пазбавілі 70% зарплаты са жніўня па лістапад 2020 года за тое, што яна адмовілася гуляць у камедыі з-за сітуацыі ў краіне. Начальнік упраўлення культуры аблвыканкама Алена Клімовіч назвала адмову акцёраў гуляць спектакль спробай адцягнуць увагу ад малой наведвальнасці тэатра.

Напярэдадні сённяшняга паказу ўпраўленне культуры Гродзенскага аблвыканкама папярэджвала ў сацсетках, што спектакль у двары — несанкцыянаванае масавае мерапрыемства, і пужала адміністрацыйнай і крымінальнай адказнасцю.

Тэкст і фота «Беларускі партызан», пераклад НЧ



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: