У інтэрнэце прэзентаваны праект «(Не)расстраляная паэзія»

Пабачыў свет праект парталу TuzinFM «(Не) расстраляная паэзія», героямі якога сталі 12 беларускіх пісьменнікаў, расстраляных у 1937-м годзе. 


На іх словы вядучыя музыкі краіны стварылі песні, на facebook з’явіліся старонкі іхнай памяці, даследчыкі падрыхтавалі лекцыі пра іх жыццё і творчасць, з друку выйшлі дызайнерскія нататнікі з выявамі творцаў і цытатамі з іх твораў.

Праект «(Не)расстраляная паэзія» – плён полугадавой працы больш чым 60 чалавек: музыкаў, даследчыкаў літаратуры, дызайнераў, саўндпрадусараў, рэжысёраў ды актораў. У кранальным прома-роліку Арцёма Лобача ў ролі «паэтаў маладой краіны» зняліся Павал Харланчук, Алена Гіранок і Андрэй Саўчанка. Таксама з'явілася 12 відэазваротаў удзельнікаў праекту з заклікам звярнуць увагу на паэтаў 1930-х гадоў

Музыку да вершаў расстраляных у 1937-м літаратараў пагадзіліся напісаць вядучыя беларускія выканаўцы. Кожны з іх па-свойму адгукнуўся на тую радасць і боль, спадзевы і безвыходнасць, якімі прасякнутыя творы паэтаў. Якраз гэтую супярэчлівасць пачуцьцяў перадае ў сваёй п’есе на словы Юркі Лявоннага «Настроі» гурт Vuraj. Рэпэр Vinsent напісаў ліст паэту Зяму Півавараву ў адказ на ягонае захапленне будаўніцтвам метро ў Маскве: «Ты ім пракапаў мэтро, яны табе – магілу». Святлана Бень вырашыла перадаць настрой верша Ізі Харыка праз містычную кампазіцыю, у якой гучыць жывы голас сярод бязмоўнай сусветнай пустэчы. Лявона Вольскага крануў лірычны верш Юлія Таўбіна, у якім 18-гадовы паэт сумуе па сваёй маладосці, а гурт Naka выканаў песню на верш Валерыя Маракова, у якім гучыць трагічная прадвызначанасць: «Хтось будзе на нашых магілах вясной спяваць з захапленнем пра шчасце і волю!». Нечаканы трэк запісаў Зміцер Вайцюшкевіч. Каб перадаць сваё адчуванне верша Уладзіслава Галубка «Будучыня» ён сплёў разам электронную і класычную музыку. Гуллівы блюз на словы Майсея Кульбака стварыў Павал Аракелян. Песняю зрабілі апавяданне Міхася Зарэцкага музыкі з гурту Re1ikt. Нібы адмыслова для гурту Dzieciuki Міхась Чарот напісаў верш «Бунтар», тая ж гісторыя з вершам Анатоля Вольнага «Я цябе пакахаў», які выдатна падышоў пад ідэйную ды эстэтычную канцэпцыю гурту Akute. Вельмі кранальнай атрымалася песня ў Кацярыны Ваданосавай на верш Алеся Дудара «Асыпае чэрвень белы сад». Песні былі запісаныя (акром Светы Бень і Akute)  і зведзеныя саўндпрадусарам праекту Паўлам Сінілам на студыі Everest.

Усе песні з праекту «(Не) расстраляная паэзія» ўдзельнічаюць у адмысловым туры гіт-параду на TuzinFM.  У камерным гучанні яны прадстаўляюцца на лекцыях праекту, якія праходзяць з пачатку верасня штотыдня ў кнігарні «Логвінаў». Даследчыкі беларускай літаратуры апавядаюць пра жыццё і творчасць кожнага з 12 паэтаў-герояў «(Не)расстралянай паэзіі». Лекцыі транслююцца онлайн у Facebook праз старонкі паэтаў, якія таксама былі створаныя ў межах гэтага праекту. Старонкі напаўняюцца фота, вершамі, успамінамі пра гэтых асобаў. Адрасы ўсіх старонак можна знайсці ў гайдзе па праекце, які падрыхтаваў сайт 34mag.net

Лекцыі будуць працягвацца да 16 лістапада. 27 кастрычніка Віктар Жыбуль распавядзе пра Зяму Піваварава, а Vinsent выканае песню з праекту. 31 кастрычніка Антон Рудак падзеліцца самымі цікавымі фактамі з біяграфіі Валерыя Маракова (пры ўдзеле Naka). 3 лістапада пра Уладзіслава Галубка раскажа Васіль Дранько-Майсюк (чакаецца прэм’ера песьні ад Змітра Вайцюшкевіча). Лекцыя Ганны Севярынец 10 лістапада будзе прысвечаная Алесю Дудару (пры ўдзеле Кацярыны Ваданосавай), а завершыць цыкл Андрэй Хадановіч расповедам пра Тодара Кляшторнага (граць будзе TonqiXod). На кожнай з лекцый можна набыць дызайнерскія нататнікі аўтарства Кацярыны Пікірэні з выяваю кожнага з паэтаў і цытатаю з ягонага твору.

Канцэртная прэзентацыя праекту пройдзе 29 кастрычніка ў мінскім клюбе «Брюгге». Квіткі на яе скончыліся за чатыры дні да пачатку імпрэзы.

Кропка ў праекце «(Не)расстраляная паэзія» на прэзэнтацыі альбому, лекцыях і канцэрце ня будзе пастаўлена. Прадусар праекту Сяргей Будкін кажа, што магчымы працяг. Што ды як будзе рабіцца далей залежыць у тым ліку і ад падтрымкі слухачоў, якую можна выказаць да 17 лістапада праз Talaka.by.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: