У Акадэміі музыкі заспявалі бабулі (+відэа)

Арганізатары падкрэслілі, што гэта не канцэрт, а музычна-этнаграфічная вечарына.

Нядаўна Акадэмія музыкі выдала дыск, прысвечаны спеўнай спадчыне Чавускага раёна. На ім гучаць песні 90-гадовай Надзеі Андрэеўны Віцянковай, якая і выступіла 5 красавіка ў Мінску, з падтрымкай маладзейшых спявачак. Астатнія выканальніцы не змаглі прыехаць у сталіцу, таму іх можна было пабачыць на відэа, што дэманстравалася падчас вечарыны.


Спявачкі з Чавускага раёна выконвалі песні з вёсак Пароеўка і Цёплае. Надзея Андрэеўна выступала ў аўтэнтычным строі. Яна ходзіць з кіёчкам, але як трымаецца!


Спявачкі з Хатынічаў Ганцавіцкага раёна маладзейшыя, але ў майстэрстве не саступаюць. Бабулі прадэманстравалі каляндарныя песні, з вясны да восені, сямейныя і лірычныя. Зала была паўнюткая, некаторыя наведвальнікі нават стаялі. Падчас выступу на экране можна было пабачыць, як выглядалі Хатынічы больш за 100 год таму: дэманстраваліся фотаздымкі Ісака Сербава, зробленыя ў 1911 – 1912 гг.


Гурту «Хатовічы» летась споўнілася 40 гадоў. Ён найбольш вядомы хрэстаматыйнай купальскай песняй «Ехало Міхайло на кані», для якой гурт SHUMA зрабіў электронную апрацоўку на альбоме «Сонца». Варыянт гэтай песні бабулі выканалі і на канцэрце ў Кансерваторыі.

Спеўны летнік у Хатынічах (фота з сайта set.ethno.by)

Спеўны летнік у Хатынічах (фота з сайта set.ethno.by)

Да аўтобуса бабуль з Хатынічаў праважалі сябры Студэнцкага этнаграфічнага таварыства, што ладзіла ў Ганцавіцкім раёне экспедыцыю і спеўны летнік. На Кастрычніцкай плошчы, дзе чакаў аўтобус, усё не маглі развітацца. Спачатку дзяўчаты спелі для бабуль, потым — некалькі песень усе разам. «Добра мы вас навучылі!» — заўважылі старэйшыя спявачкі. Бабулі сядалі ў аўтобус, выходзілі назад, каб паспяваць яшчэ... «Можа, іх у Мінску пакінуць?» разважала быццам бы сама сабе мастацкая кіраўніца. Спяваць па-за сцэнай «Хатовічы» любяць: кажуць, пелі і ў кафетэрыі Кансерваторыі.

Зрэшты рэшт аўтобус з бабулямі паехаў. А ў Мінску стала неяк сумна.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Абмеркаванне:

  • ВР
  • 2017-04-06 12:55:25
Усё-такі мінская "Кансерваторыя" ўжо шмат гадоў завецца Акадэміяй музыкі (БДАМ).

Больш цікавага на «Новым Часе»: