У Клічаве прайшоў рок-фестываль

Рок-фэст "Водгук Вольсы", што адгрымеў у Клічаве 29 верасня, названы па рацэ, якая цячэ праз Клічаў. Тая ж рэчка ў свой час дала назву гурту "Стары Ольса".

Для горада фестываль стаў сапраўднай падзеяй. Акрамя гасцей-удзельнікаў з Магілёва, Бабруйска, Ліды, у парку сабраліся мясцовыя жыхары: школьнікі, моладзь, людзі сталага веку.

З надвор'ем, можна сказаць, пашанцавала, было даволі сонечна, толькі кароткачасова прайшоў дождж. Да апошняга моманта думалі, што фестываль давядзецца перанесці ў гарадскі Дом культуры, але ён усё ж прайшоў на вольным паветры.

Імпрэзу падтрымала мясцовая адміністрацыя, адкрываў загадчык аддзела ідэалогіі, культуры і па справах моладзі Клічаўскага райвыканкама Уладзімір Ваакс. Ён распавёў НЧ, што на фестываль хацелі ў першую чаргу выцягнуць клічаўцаў з дому, паказаць мясцовыя гурты і гасцей.

Клічаў больш вядомы калектывамі фальклорнага накірунку. Напрыклад, тут дзейнічае заслужаны ансамбль "Жытніца", які сёлета запрасілі ў Тарту на зʼезд эстонцаў свету (ансамбль мае акрамя беларускай невялікую эстонскую праграму). Некаторыя супрацоўнікі сістэмы культуры раёна ўдзельнічаюць у рок-гуртах, але ні калегі, ні жыхары горада не ведаюць іх у такім амплуа.


Адзін з арганізатараў "Водгуку Вольсы" Уладзімір Рыбакоў распавёў, што восем год таму ўжо рабіў у Клічаве рок-фестываль і вырашыў сёлета паўтарыць спробу. Спадзяецца, што імпрэза стане штогадовай і атрымаецца рабіць яе ўлетку, запрашаць больш гуртоў.

Для Клічава сёлетні рок-фестываль — бадай, адна з буйнейшых падзей за апошнія гады. У 2017-м у горадзе прайшлі абласныя Дажынкі.

Фота Алены Ляшкевіч

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: