У Крычаве хочуць стварыць пакоі Кацярыны ІІ. А старадаўнія помнікі руйнуюць

Крычаў уваходзіць у топ-20 самых старажытных гарадоў Беларусі. Ён доўгі час быў адным з усходніх фарпостаў спачатку Вялікага княства Літоўскага, а пасля Рэчы Паспалітай ад маскавіцкай навалы. Горад з вельмі багатай гісторыяй цяпер перажывае часы, якія можна назваць драматычнымі.

Знесеная частка вала ў 2012 годзе. Фота Андрэя Кузьміна

Знесеная частка вала ў 2012 годзе. Фота Андрэя Кузьміна


Менавіта такім прыметнікам варта апісаць працэсы, што адбываюцца з аб’ектамі гісторыка-культурнага плану ў Крычаве. Абыякавае стаўленне да гарадской гісторыі не проста здзіўляе, а абурае і падштурхоўвае да рашучых дзеянняў, рэзкага рэагавання на тупасць і бяздарнасць.

Для мяне як гісторыка цяжка і нават балюча ўспрымаецца тое, што адбываецца ў родным горадзе. Адносна нядаўна ў старой яго частцы, каля Свята-Уваскрасенскай царквы, пачаліся будаўнічыя работы. Прылеглая тэрыторыя да царквы не так даўно была часткай невялікай паркавай зоны з парослымі дрэвамі і да культавай пабудовы ніяк не адносілася. У апошнія ж часы траціна парка была далучана да тэрыторыі царквы і адгарожана жалезным плотам. З гэтага часу пайшло паступовае ўладкаванне новай прыцаркоўнай тэрыторыі: былі спілаваныя і выкарчаваныя дрэвы, а на цяперашняй прыцаркоўнай тэрыторыі пачаліся будаўнічыя работы.

Будаўнічыя работы на тэрыторыі Свята-Уваскрасенскай царквы

Будаўнічыя работы на тэрыторыі Свята-Уваскрасенскай царквы


Пытанні да будаўніцтва ўзнікаюць таму, што месца, на якім размешчана царква, з’яўляецца гістарычным цэнтрам горада з багатым культурным слоем. Таму перад тым, як пачаць работы, варта было б звярнуцца да гісторыкаў, а лепш — археолагаў, каб сумесна даследаваць тэрыторыю. Нічога падобнага айцом Сергіем, які з’яўляецца протаіерэем у царкве, зроблена не было. 

Яшчэ больш сумная сітуацыя адбываецца на Замкавай гары, якая з’яўляецца старажытным дзядзінцам і знаходзіцца зусім блізка ад цэнтра старой часткі горада. На гарадзішчы лакалізуецца Свята-Мікалаеўская царква, у якой пяць дзясяткаў год служыў айцец Міхаіл Макаўцоў. Ён быў па-сапраўднаму народным бацюшкам, мог распавесці пра старадаўні помнік цікавыя гісторыі і нават легенды. За шмат гадоў служэння ў царкве ён не ўчыніў ніякай шкоды ўнікальнаму аб’екту археалогіі, ды і сам быў зацікаўлены ў захаванні старадаўняга гарадзішча.

Што не сказаш пра новага айца Андрэя Ігнатушку, які стаў настаяцелем храма з 2011 года. Малады бацюшка, які з’яўляецца ўраджэнцам Крычава, не надта лічыцца з унікальным аб’ектам і паводзіць сябе з Замкавай гарой нібыта яе гаспадар. Практычна адразу пасля свайго прызначэння, у пачатку лета 2012 года, айцец Андрэй заняўся ўладкаваннем уваходнай часткі на Замкавую гару і ў царкву, зруйнаваўшы добрых некалькі метраў вала. Цяпер застаецца толькі канстатаваць, што частка вала гарадзішча была знішчана, а ўезд на Замкавую гару пашыраны пры дапамозе экскаватараў і бульдозераў.

Знесеная частка вала ў 2012 годзе. Фота Андрэя Кузьміна

Знесеная частка вала ў 2012 годзе. Фота Андрэя Кузьміна

Зусім нядаўна гэтая гісторыя займела сумны працяг. Пры ўваходзе на гару з правага боку знаходзіцца хрысцільня ці баптыстэрый, якая выглядае невялікай драўлянай пабудовай. Да хрысцільні ў ранейшыя часы быў таксама прыбудаваны невялічкі гаспадарчы склад. Бацюшка Андрэй вырашыў знесці гаспадарчую прыбудову, а замест яе размясціць цагляную царкоўную лаўку. Аднак месца для лаўкі аказалася мала, і вырашана было зруйнаваць пару метраў вала. Будаўнічыя працы пачаліся адносна нядаўна, але ж цяпер яны ўжо на стадыі стварэння падмурка будучай царкоўнай лаўкі. Такім чынам, за сем гадоў служэння айца Андрэя ў Свята-Мікалаеўскай царкве ўнікальнаму археалагічнаму помніку была нанесена дастатковая шкода.

Знесеная частка вала пры будаўніцтве царкоўнай лаўкі

Знесеная частка вала пры будаўніцтве царкоўнай лаўкі

Зразумела, што ні ў першым, ні ў другім выпадку будаўнічыя работы не ўзгадняліся з прафесійнымі гісторыкамі ці археолагамі. Не прыцягваліся да абмеркавання і мясцовыя краязнаўцы, якія б маглі быць для бацюшкі Андрэя крыніцай ведаў і добрымі памочнікамі і дарадцамі. Закона «крэатыўны» бацюшка таксама не парушыў, бо Замкавая гара не ўзята пад ахову дзяржавы і не ўваходзіць у Спіс гісторыка-культурнай спадчыны Крычаўскага раёна. Пры гэтым драўляная Свята-Мікалаеўская царква якраз у гэты спіс уваходзіць.

Адчуваецца нейкі дысананс і парадокс у гэтай сітуацыі, калі драўляная царква мае статус гістарычнай каштоўнасці, а вось гарадзішча «Замкавая гара» (нашмат больш старажытнае па часе з’яўлення), на якой знаходзіцца культавы аб’ект, важным і ўнікальным не лічыцца.

Відавочна, што разумення аб шкоднасці сваіх дзеянняў у мясцовых царкоўных дзеячаў няма. Бацюшкі абодвух цэркваў у Крычаве досыць вольна ставяцца да ўнікальных аб’ектаў археалогіі і гарадской гісторыі, якія, бяспрэчна, з’яўляюцца гісторыка-культурнай спадчынай старадаўняга Крычава. Ці маюць яны права на такое абыходжанне з гарадской гісторыяй? Наогул, адкуль узялася такая непавага да гістарычнай спадчыны? Не выключана, канешне, што гэта — банальная абыякавасць і неразуменне важнасці для наступных пакаленняў жывых гістарычных аб’ектаў, якія адлюстроўваюць мінулае старадаўняга горада. А, як вядома, той хто не ведае мінулага, не мае і будучыні.

Адзначу, што на Замкавай гары, у паўночна-ўсходняй яе частцы, знаходзяцца вельмі цікавыя і ўнікальныя рэшткі цагляных умацаванняў. Пры гэтым па ўсіх інвентарных апісаннях вядома, што замак і замкавыя ўмацаванні былі драўлянымі. На сённяшні дзень стан іх кепскі, а з кожным годам яны ўсё больш і больш разбураюцца пад уздзеяннем часу і ападкаў.

Рэшткі ўмацаванняў на Замкавай гары

Рэшткі ўмацаванняў на Замкавай гары

Ні прадстаўнікі мясцовай улады, ні служыцелі Свята-Мікалаеўскай царквы не праяўляюць ніякай ініцыятывы, каб захаваць унікальны помнік гісторыі не толькі для горада, але і для ўсёй Беларусі. Добра, што ён проста існуе хоць у якім-небудзь стане, а не зруйнаваны, як старая вінакурня, дзе ў савецкія часы знаходзіўся мясцовы піўзавод. Гэты помнік прамысловай гісторыі Крычаў страціў назаўжды. У каго з’явілася «геніяльная» ідэя зруйнаваць рэшткі вінакурні, сказаць цяжка. Аднак можна з дакладнасцю адказаць, што глуздоў у такога ініцыятара як кот наплакаў.

Трэба прызнаць, што ад былога піўзавода заставаліся рэшткі, і знаходзіліся яны ў аварыйным стане. Але каму яны перашкаджалі і чаму менавіта цяпер спатрэбілася руйнаваць гэты прамысловы аб’ект з даўняй гісторыяй? Замест таго, каб захаваць вінакурню, зрабіўшы гарадской адметнасцю, паспрабаваць хаця б часткова рэканструяваць, уключыўшы ў турыстычны маршрут па горадзе, яе руйнуюць. Цяпер на месцы былой вінакурні знаходзяцца некалькі пагоркаў з будаўнічым смеццем, кавалкі сценаў са старой чырвонай цэглы, а таксама частка не да канца зруйнаваных падмуркаў. Відовішча вельмі сумнае, і выклікае пачуцці гневу і шкадавання.

Рэшткі, якія засталіся ад знесенага будынка вінакурні

Рэшткі, якія засталіся ад знесенага будынка вінакурні

Чаму мясцовая ўлада ніяк не рэагуе на відавочны факт злачынства? Гэтая сумная падзея прайшла зусім неасвечанай у мясцовай газеце, якая з года ў год пяе толькі аб поспехах і дасягненнях раённай улады. Відавочна, што ніякага пакарання злачынцам, якія руйнуюць гістарычную спадчыну горада, не прадугледжана, бо вінакурня таксама не была аб’ектам гісторыка-культурнай спадчыны. І ўсё гэта робіцца ў Год малой радзімы! Вось такім чынам любяць сваю малую радзіму ў Крычаве… Зруйнаваць — у нас гэта на «раз-два», а вось захоўваць, на вялікі жаль, розуму не хапае.

Шкада, што мясцовыя актывісты далей за ўсталяванне чарговай самаходкі ці гарматы не бачаць багацейшую і надзвычай цікавую гісторыю Крычава. З сумам толькі магу канстатаваць, што часта ініцыятывы ў сферы гістарычнай памяці ў горадзе вылучаюцца адыёзнасцю і недарэчнымі прапановам. Прыкладам можа стаць ініцыятыва мясцовага гістарычнага музея па стварэнні пакояў Кацярыны II. Ідэя, мякка кажучы, дзіўная. Сапраўды, Кацярына аднойчы была ў горадзе, бо нават адна са старых дарог, насыпы ад якой бачны да сённяшняга часу, называецца Кацярынінскім шляхам. Але ці варта адзін візіт манарха іншай дзяржавы да свайго палюбоўніка графа Пацёмкіна музеефікаваць? Сёння ўжо не выклікае здзіўлення, што ў палацы Пацёмкіна-Галынскіх, дзе знаходзіцца музей і мясцовы аддзел ЗАГС, праводзяцца мерапрыемствы ў стылі Кацярыны ІІ і Пацёмкіна, што не толькі не актуалізуе беларускую гісторыю, а прапагандуе гістарычныя персанажы іншай краіны.

 


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: