У Любанскім раёне рэканструявалі абрад Юр’я (шмат фота)

Праваслаўныя святкуюць Юр’я 6 траўня. Гэты хрысціянскі святы пераняў некаторыя функцыі дахрысціянскіх бостваў, магчыма, Ярылы і Перуна. У беларускай традыцыі Юр’я выступае як апякун ураджаю і статку.

Сяргей Выскварка, работнік культуры з Любані, збіраў успаміны аб даўнейшых святкаваннях ад старэйшых жыхароў раёна. Некаторых з іх ужо няма на гэтым свеце. З дапамогай атрыманых калісьці звестках абрад Юр’я быў адноўлены ў вёсцы Обчын.

Для святкавання выпякаецца каравай, і маладыя дзяўчаты ўпрыгожваюць яго галінкамі бярозы. Галінкі пазначаюць стужкамі ці ніткамі, каб можна было зразумець, дзе чыя. Калі каравай прыносілі на жытняе поле, галінкі разбіралі хлопцы — і гулялі вечар з дзяўчынай, галінку якой узялі (папярэдне не ведаючы, каму яна належыць).

У Обчыне няма царквы, нядаўна ўсталявалі прыдарожны крыж, што ўтварае цікавае суседства помніку партызанам. Ля крыжа 6 траўня прайшоў малебен, падчас якога асвяцілі ўпрыгожаны каравай.

Другі абрадавы атрыбут — граблі з завязанымі на іх чырвонай і зялёнай хусткамі. Ідучы на жытняе поле, граблі нясуць зялёнай хусткай наперад, а вяртаючыся — перавязваюць чырвоную. Лічыцца, што на Юр’я адбываліся ўзроставыя ініцыяцыі дзяўчат, што маглі ўпершыню далучацца да карагода, і змена колеру хустак пазначае змену іх статусу.

Ідучы па вёсцы, удзельнікі абраду кланяюцца гаспадарам, якія выходзяць са сваіх падворкаў з хлебам. Шмат хто з гаспадароў далучаўся да працэсіі. Даўней абыходзілі ўсю вёску, цяпер зрабіць гэта ўдзельніцам гурта “Павалякі” праз узрост цяжка. 

Гурт з’яўляецца носьбітам аўтэнтычнага песеннага стылю Любанскага раёна, што мае статус нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці Беларусі. З “Павалякамі” ганаровы статус дзеляць гурты “Глыбокія крыніцы” з вёскі Закальное і “Журавушка” з вёскі Ямінск. “Павалякам” на обчынскай гаворцы жартоўна звалі чалавека сталага веку, але яшчэ досыць моцнага.

На полі дзяўчаты вадзілі карагоды. Усе ўдзельнікі качаліся па жыце. Лічыцца, што гэта забяспечыць добры ўраджай і здароўе. Даўней на Юр’я адбываўся першы выган кароў на пашу. 

У обчынскай рэканструкцыі абраду жывёлы не ўдзельнічалі, але былі адноўлены элементы гаспадарчай магіі: маленькія хлопчыкі, пераапранутыя ў пастушкоў, сімвалічна адганялі ваўкоў пугай і рассыпалі соль, якая ў беларускай традыцыйнай культуры выступае як універсальны абярэг. Даўней лічылася, што такія дзеянні “замкнуць пашчу ваўкам” і статак цэлым дапасвіцца да восені.

У Обчыне святкавалі Юр’я ўдзень, калі раса ўжо высахла, але ўсё роўна казалі “на юр’еву расу”. Каравай ля нівы падзялілі, пачаставаўшы ўсіх прысутных. 


У вёсцы павадзілі карагод вакол хлопца, што нёс граблі з ужо чырвонай хустай паперадзе. Рэканструкцыя завяршылася супольным застоллем. Даўней у Обчыне на Юр’я праходзіў кірмаш, бо тут была царква, асвечаная ў гонар гэтага святога, і Юр’я лічылася прастольным святам. Родныя з навакольных вёсак з’язджаліся ў госці.

На іншыя святы кірмашы праходзілі ў суседніх вёсках, і ўжо обчынцы ехалі ў госці да тамтэйшых сваякоў. Кірмаш складаўся з шэрагу застолляў: трэба было прайсці некалькі хат, адведаць родных і знаёмых. Пакуль старэйшыя сядзелі пры стале, моладзь магла зладзіць асобнае гулянне з танцамі.


У Обчыне выразы “пайсці на Юр’я” і “збірацца на Юр’я” маюць дадатковыя значэнні “паміраць” і “рыхтавацца да смерці”.

Сяргей Выскварка тлумачыць: “У Обчыне могілкі на гары. Там даўней стаяла царква, асвечаная ў гонар святога Юр’я. Цяпер ужо царквы няма, а гара так і завецца — Юрай. Дасюль гавораць: памёр — значыць, пайшоў на Юр’я. Але калі проста ідуць на могілкі, праведваць кагосьці ці хаваць, то так не кажуць”. Кажуць таксама пра памерлага чалавека “ён ужо на Юр’і”.

У песнях Святы Юр’я выступае як “божы ключнік”, які “адмыкае расу”. Часам такая функцыя адводзіцца “юр’евай маці”. Юр’ева раса лічылася карыснай і гаючай, яе збіралі для лекавання на працягу года, выган жывёлы на расу спрыяў яе здароўю, а вільгаць на жыце забяспечвала яго добры ўраджай.

Функцыя “ўладальніка водаў” у міфалогіі старажытных індаеўрапейцаў належала Грымотніку, боству грому і маланкі, які на нашых тэрыторыях насіў імя Перуна. Папулярны песенны сюжэт — “Юр’я перамагае цмока” — пераклікаецца з індаеўрапейскім міфам аб Грымотніку, які перамагае змея.


Наўрад ці рэканструкцыі абрадаў, што ладзяць установы культуры, можна разглядаць як з’явы рэлігійнага жыцця. Сакральнасць ім надае часам удзел святароў. Традыцыйныя абрады сёння — гэта хутчэй праявы культуры, шлях баўлення вольнага часу, забава, сродак аб’яднання вясковай супольнасці.

 

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Абмеркаванне:

  • Галіна Мікалаеуна
  • 2018-05-08 06:24:38
Вельмi мяне уразіла. Зачапіла чамусьці моцна....